Хронікі рэпрэсій за 8 траўня

Навіны апошніх дзён пра пераслед унутры краіны.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Учора стала вядома, што палітзняволеная Вікторыя Кульша праз ціск і гвалт у калоніі перажыла два сардэчныя прыступы. Як паведамляюць праваабаронцы, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі. Вікторыю Кульша двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгода ў ПКТ. 

У віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі 28 лютага 2023 да года калоніі за карыкатуру на Лукашэнку (арт. 368 КК). Такі прысуд вынес суддзя Пінскага раёна і горада Пінска Андрэй Бычыла, нягледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы. З Клімовічам, які перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы, тройчы запісвалі «пакаяльнае» відэа. 

Сілавікі затрымалі 22-гадовага Уладзіслава Абразцова за татуіроўкі з «Пагоняй» і гербам Украіны. Відэа з ім з'явілася на праўладным Telegram-канале. Затрыманы кажа, што набіў «Пагоню» ў 2021 годзе «на знак пратэснай актыўнасці», у «Трызуб» — у 2022 годзе, каб падтрымаць Украіну.

38-гадовага палітзняволенага Дзмітрыя Лазара будуць судзіць паводле новай крымінальнай справы. Мужчына мае шасцярых дзяцей, з якіх трое — непаўналетнія. Лазара асудзілі 2 сакавіка паводле арт. 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»). Суддзя прызначыў Дзмітрыю 2,5 гады калоніі і штраф 100 базавых велічынь (3700 рублёў). 10 траўня ў Ваўкавыску палітвязня зноў будуць судзіць. Яго абвінавачваюць паводле арт. 391 КК («Абраза суддзі»). Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Талашка.

Палітвязня Уладзіміра Булаўскага пачнуць судзіць 15 траўня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска. Справу будзе разглядаць суддзя Міхаіл Юрчанка. Праваабаронцам таксама стала вядома, што арт-менеджара і музыку вінавацяць паводле арт. 342-2 КК («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых акцый»). Булаўскага ўтрымліваюць у СІЗА Віцебска, вядома, што адміністрацыя блакуе ліставанне з ім. Нядаўна ў палітвязня памёр бацька, але развітацца з ім не адпусцілі.

Палітзняволеная Ларыса Кузьменка выйшла на волю. Свой тэрмін яна адбывала ў гомельскай калоніі №4. Жанчына правяла ў зняволенні амаль 1 год і 8 месяцаў, прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі за «гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі». Нібыта падчас нядзельнага марша ў Гомелі жанчына «ўзяла ахоўніка за руку з ужываннем грубай фізічнай сілы, тым самым зрушыўшы яго з месца і не перашкаджаючы працаваць».

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у краіне налічваецца 1493 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1757 чалавек. Сярод іх — 189 жанчын і 7 непаўналетніх. 15 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.