Салідарнасць: за некалькі гадзін беларусы сабралі грошы на пахаванне палітвязня Мікалая Клімовіча

Патрэбныя на пахаванне і ўшанаванне памяці палітвязня Мікалая Клімовіча чатыры тысячы еўра беларусы сабралі за некалькі гадзін. Збор учора абвясціў фонд салідарнасці B*Sol. Нагадаем, палітвязень стаў чарговай ахвярай лукашэнкаўскага рэжыму, які пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года па-садысцку пераследуе сваіх апанентаў.

Мікалай Клімовіч. Фота «М*дыя Палессе»

Мікалай Клімовіч. Фота «М*дыя Палессе»

Пра смерць 61-гадовага пінскага блогера ў віцебскай калоніі №3 стала вядома 7 траўня. Пра гэта паведамілі праваабаронцы.

Мікалая Клімовіча асудзілі 28 лютага 2023 да года калоніі за карыкатуру на Лукашэнку (арт. 368 КК). Такі прысуд вынес суддзя Пінскага раёна і г. Пінска Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, нягледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы па сэрцу. Мужчыну арыштавалі ў залі суда, бо да прысуду ён быў на волі. Мікалая нядаўна этапавалі ў калонію, дзе ён неўзабаве памёр. Падрабязнасці смерці высвятляюцца.

Што вядома пра Мікалая Клімовіча

Нядаўна Мікалая ўжо судзілі за падобныя дзеянні, але па адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. За тое, што ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» ён паставіў рэкцыю «смешна» пад карыкатурай на Уладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме. Суддзя Андрэй Бычыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і прызначыў яму штраф у памеры 111 беларускіх рублёў.

Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў снежні мінулага года. Тады яго затрымаў ГУБАЗіК. Актывіста, інваліда другой групы, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, і толькі пасля гэтага трапіў у бальніцу — вязня перадалі лекарам і вызвалілі да суда.

«Ужыванне ўладамі рэпрэсіўных захадаў супраць удзельнікаў "кармлення галубоў" мае адваротную рэакцыю», — кажа блогер, удзельнік нядзельных акцый у Пінску Мікалай Клімовіч.

Мікалай Клімовіч у снежні распавядаў «П*зірку» пра тое, як яго напярэдадні затрымаў ГУБАЗіК з-за допісу ў «Аднакласніках» ад 13 снежня 2022, дзе Пуцін быў у эсэсаўскай форме, а за ім была свастыка. На малюнку быў тэкст: «Фашысты — гэта тыя людзі, хто нападае на чужыя краіны, а не тыя, хто абараняе сваю радзіму».

«Я падпісваюся ў сацыяльных сетках як Мікалай Верасень. Сам здзіўляюся, як ГУБАЗіК знайшоў мяне па гэтым ніку... Затрымалі праз мае праўкраінскія погляды. Я выступаў супраць вайны, і, можна сказаць, вельмі жорстка», — прыгадаў Мікалай Клімовіч.

З Клімовічам, які перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы, тры разы запісвалі «пакаяннае» відэа, а пасля вазілі з аднаго ўчастка ў другі. Праз пагаршэнне стану ён прасіў выклікаць хуткую дапамогу, але пагадзіліся гэта зрабіць на трэці дзень зняволення толькі супрацоўнікі ІЧУ.

«Урачы ў ІЧУ зрабілі мне ўкол і завезлі ў лякарню, дзе мне надалі першую дапамогу. Сказалі: інакш мог бы да раніцы і не дажыць», — патлумачыў Клімовіч.

Пінскі праваабаронца Алесь Рамановіч адзначаў у каментары «П*зірку», што ГУБАЗіК не павінен быў наогул пазбаўляць волі Мікалая Клімовіча: «Яны не мусілі затрымліваць інваліда другой групы ды абіраць захадам забеспячэння адміністрацыйнага працэсу знаходжанне пад вартай».