21 траўня — Дзень палітвязняў у Беларусі

Праваабаронцы вызначылі 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Крымінальная справа па факце яго смерці да гэтага часу не заведзена, а сітуацыя з палітычнымі зняволенымі за гэты час значна пагоршылася.

img_2433_logo_2.jpg

Летась тэмай Дня палітвязняў была жоўтая бірка — спецыяльная метка ў калоніях, пра якую ўпершыню ў лісце распавёў Вітольд.

Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставанне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зняволеных.

Праваабаронцы заклікаюць 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да іх праблем і ў чарговы раз запатрабаваць ад улад вызвалення ўсіх палітзняволеных.

Чаму 21 траўня — важны дзень для Беларусі?

Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.

Вітольд — вядомы актывіст з Бярозаўкі, якога ў закрытым рэжыме асудзілі да пяці гадоў зняволення за падзеі 2020 года. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак раптоўна памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці да гэтага часу няма. Менавіта Вітольд быў першым, хто ў лісце распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі:

«Палітычных тут [у шклоўскай калоніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк».

У лістах на волю Вітольд Ашурак шмат пісаў пра салідарнасць і падтрымку беларусаў. Вось што ён напісаў у апошнім лісце да маці ад 14-га красавіка 2021 года:

Вітольд Ашурак, фота з Facebook

Вітольд Ашурак, фота з Facebook

«На шчасьце, у нас цудоўныя людзі, і яны мяне падтрымалі ўсёй душой! А цяпер, калі я часова патрапіў у турму, людзі яшчэ больш падтрымліваюць мяне, дасылаюць лісты і паштоўкі, перадаюць перадачы і перасылаюць грошы, выпісваюць мне газэты і моляцца па ўсёй Беларусі ў цэрквах і касьцёлах!

Лістоў столькі, што я ледзь пасьпяваю адказваць! Я нават пакуль што прыпыніў вывучэньне ангельскай мовы, каб было болей часу на пісаньне адказаў. Пішуць зь Бярозаўкі і Ліды, Горадні і Менску, Берасьця і Віцебску, Магілёва і Гомлю! Пішуць з Брытаніі нашыя беларусы, якія зьехалі за мяжу, але перажываюць за сваю Айчыну! Пішуць беларусы з Бэльгіі, Фінляндыі, ЗША і нават беларусы Бразыліі!

Учора за адзін вечар мне прыйшло 17 лістоў! Ідуць тэлеграмы са словамі падтрымкі! Увесь сьвет ганарыцца і падтрымлівае нас! Мне пішуць беларускія ксяндзы зь Менску і Віцебску, каб павіншаваць зь Вялікаднем і выказаць словы падтрымкі і захапленьня тым, што мы ня мірымся зь няпраўдай!

Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна! Упэўнены, што табе гавораць на вуліцы ў Бярозаўцы часта гэтыя словы!»

Праблема палітзняволеных у Беларусі з часам толькі ўзмацняецца: іх колькасць бесперапынна расце, жанчын і мужчын утрымліваюць у нечалавечых умовах, некаторых з іх катуюць і збіваюць, не аказваюць належнай медычнай дапамогі. У месцах зняволення на іх аказваецца ціск і парушаюцца правы: абмяжоўваюць у праве на абарону і праве на перапіску, пазбаўляюць перадач і спатканняў з роднымі, прыцягваюць да цяжкай працы.

«Гэта глыток свежага паветра»

Праваабаронцы «В*сны» абралі тэмай сёлетняга Дня палітвязняў ліст і права на ліставанне, каб прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблемы блакіравання карэспандэнцыі палітзняволеным.

«На сёння ў Беларусі склалася беспрэцэдэнтная сітуацыя, калі ўлады, па сутнасці, пазбавілі сотні палітзняволеных права на ліставанне. Яно ўсё гэтак жа гарантуецца заканадаўствам, але, як і многія іншыя правы, у часы прававога дэфолту нахабна парушаецца. Сітуацыя значна пагоршылася з пачаткам вайны ва Украіне ў 2022 годзе: палітзняволеным масава перасталі аддаваць у следчых ізалятарах, турмах і калоніях лісты салідарнасці не толькі ад неабыякавых людзей і сяброў, але часта і ад родных. Часам супрацоўнікі калоній знішчаюць лісты на вачах палітвязняў.

Ліст — гэта глыток свежага паветра. Улады хочуць пазбавіць яго палітвязняў, але забіраюць паветра і ў тых, хто піша лісты за краты. Атрымліваецца, грамадства без кіслароду. Ліст за кратамі — часта адзінае, што прыносіць радасць палітвязням. Ліст з-за кратаў — гэта крыніца інфармацыі і вестачка пра тое, што чалавек жывы і здаровы. Менавіта з ліста Вітольда мы дазналіся пра жоўтыя біркі і запомнілі на ўсё жыццё, што беларус беларусу беларус.

Улады, блакіруючы ліставанне палітвязням, хочуць, каб мы забыліся на слова «салідарнасць» і жылі так, нібыта нашы турмы і калоніі не перапоўнены палітычнымі зняволенымі, а штодзень не адбываюцца новыя затрыманні.

Але ў нашай краіне сёння беларус беларусу не толькі беларус, але яшчэ і знаёмы палітзняволены ці палітзняволеная. Немагчыма выкрасліць са свайго жыцця і сэрца родных, сяброў і блізкіх, якія пакутуюць у зняволенні. І мы будзем падтрымліваць іх надалей, бо, як казаў на судзе Алесь Бяляцкі, "у традыцыях беларускага народа — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе"», — тлумачыць праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.

Праваабаронцы перакананы, што варта працягваць пісаць палітвязням лісты: нават калі яны не дойдуць да адрасата, то ў месцах зняволення пабачаць, што пра чалавека памятаюць, хвалююцца і чакаюць яго на волі.

«Варта змагацца не толькі за свабоду палітвязняў, але і за кожны ліст да іх».

Праваабаронцы нагадваюць пра важнасць іншых спосабаў падтрымкі палітзняволеных і іх сямей: пасылкі, грашовыя пераводы, дапамога ў зборы перадач і матэрыяльная падтрымка.

Што можна зрабіць да Дня палітвязняў?

Можна арганізаваць ці далучыцца да акцыі салідарнасці 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і да акцыі памяці Вітольда Ашурка. Гэта асабліва актуальна для тых, хто цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі ў адноснай бяспецы.

  • Арганізаваць мерапрыемства па падпісанні лістоў і паштовак салідарнасці.
  • Начапіць 21 траўня на адзенне папяровую птушку з прозвішчам палітзняволенага ці жоўтую бірку, сфатаграфавацца і выкласці ў сацсеткі з хэштэгам #дзеньпалітвязняў.
  • Зачытаць на відэа ліст ад палітвязня і выкласці ў сацсетках з хэштэгам #дзеньпалітвязняў.
  • Напісаць ліст палітвязню, апублікаваць яго ў сацсетках з хэштэгам #лістыпалітвязням (даслаць ліст можна анлайн праз «Майстэрню паштовак салідарнасці»).
  • Падтрымаць палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай, падтрымкай сям'і.
  • Прыдумаць і рэалізаваць іншае дзеянне ў знак салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.
  • Дзяліцца навінамі пра акцыі салідарнасці ў сацсетках з хэштэгамі #дзеньпалітвязняў #свабодупалітвязням #свободуполитзаключенным #freepoliticalprisoners #FreeThemAll.