«У нас няма 5 тысяч палітзняволеных»

Каардынацыйная рада правяла першую дыскусію на тэму «Вязні рэжыму Лукашэнкі: колькі ў Беларусі палітычных зняволеных і чаму не ўсім зняволеным па палітычных матывах даюць статус палітычных?» Дыскусія прайшла ў межах слуханняў Каардынацыйнай Рады па пытанні вызвалення палітычных вязняў.

Колькі палітвязняў у Беларусі? Ілюстрацыйная выява

Колькі палітвязняў у Беларусі? Ілюстрацыйная выява

У дыскусіі прынялі ўдзел Павел Сапелка (праваабарончы цэнтр «Вясна»), Марына Касінерава («Dissidentby»), Ігар Юрчык (сваяк палітвязня, фонд «Беларусы ў Лодзі»).

Хто такія палітвязні

Праваабарончы цэнтр «Вясна» называе палітвязнямі 1493 чалавекі, ініцыятыва «Dissidentby» налічыла 1757 палітвязняў, а прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова лічыць, што ў краіне па палітычных матывах зняволена больш за 5 тысяч чалавек.
Тлумачачы такое разыходжанне ў лічбах, Марына Касінерава, прадстаўніца «Dissidentby», кажа, што «Вясна» кіруецца крытэрыямі, якія ПАСЕ выпрацавала ў 2012 годзе: «Але сітуацыя ў 2020 годзе кардынальна змянілася, і падыход праваабаронцаў патрабуе гнуткасці ў вызнанні людзей палітычнымі зняволенымі, бо такой сітуацыі з гвалтоўным утрыманнем улады і гвалтам у дачыненні да насельніцтва Беларусі не было, і не было прававога дэфолту».
— Таму мы лічым, што кожны чалавек, які пацярпеў, павінен быць прызнаны палітычным зняволеным, — кажа Касінерава.


Як называць сённяшніх сядзельцаў: палітвязні, вязні сумлення, людзі, якіх пераследуюць па палітычных матывах — гэта сінонімы ці розныя паняцці?
— Паняцце «вязні сумлення» ўвяла Amnesty International, і мы не прэтэндуем на тое, каб карыстацца ім. Мы выкарыстоўваем паняцце «палітычныя зняволеныя» — яно шырэйшае, чым вязні сумлення, бо да іх адносяць таксама людзей, асуджаных за здзяйсненне злачынстваў, асуджэнне якіх суправаджалася рознага кшталту парушэннямі, парушэннямі прынцыпаў справядлівага правасуддзя па палітычных матывах. І мы патрабуем перагляду іх прысудаў, — кажа Павел Сапелка. — Тэрмін «пацярпелыя ад палітычнага пераследу» яшчэ больш шырокі: мы ім карыстаемся, сюды можна ўключаць людзей, якія асуджаны без пазбаўлення волі. А факт пазбаўлення волі, сярод іншых крытэраў, робіць чалавека палітзняволеным.
Розніцу ў статыстыцы Павел Сапелка тлумачыць яшчэ і тым, што «Dissidentby» ўключае ў спісы палітвязняў людзей, якія «знаходзяцца паміж затрыманнем і абвяшчэннем прысуду аб прызначэнні абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу», то-бок яны «знаходзяцца на волі, чакаюць, калі іх накіруюць у гэту ўстанову». «Вясна» не прымае такога падыходу.
— У нас ёсць многа людзей, асуджаных несправядліва, нехта асуджаны па палітычных матывах, нехта па іншых. Але мы не можам прызнаваць палітвязнем чалавека, які асноўную частку свайго пакарання атрымаў за гандаль наркотыкамі, напрыклад, — назваў яшчэ адрозненне Павел Сапелка.

Што дае статус палітвязня

Ігар Юрчык, сваяк палітвязня, задаўся пытаннем: а што дае статус палітвязня самому палітвязню, членам ягонай сям’і? І як гэты статус можа паўплываць на ягонае знаходжанне ў месцах зняволення і на вызваленне? Якія магчымасці дае для рэабілітацыі, рэсацыялізацыі і дапамогі?
— На пытанне, што дае чалавеку статус палітвязня, многа адказаў, хаця ў большасці яны круцяцца вакол таго, што мы дэкрыміналізуем «злачынства», у якім абвінавачвае чалавека ўлада; мы даём грамадскую ацэнку, мы пазбаўляем чалавека ад кляйма «злачынцы», — кажа Павел Сапелка.


Праваабаронца катэгарычна не згодны, што прызнанне чалавека палітвязнем абавязкова цягне пагаршэнне становішча ў калоніі ці ў турме:
— Пацверджаных падстаў для такіх высноў няма. Мы бачым, што людзі, прызнаныя палітвязнямі, часта асуджаюцца без пазбаўлення волі, альбо мы прызнаём палітвязнямі людзей, якія без нашай дапамогі асуджаны да пазбаўлення волі, — кажа Сапелка.
— Дапамога не факт што магчыма на гэтым этапе, рызыкі пэўныя, якія магу панесці я і мой сваяк, — цалкам рэальныя. І я лічу, што гэта мая асабістая праблема — мне неабходна неяк з гэтым справіцца, і старацца самастойна справіцца з сітуацыяй, — удакладніў сваю пазіцыю Ігар Юрчык.

Колькі палітвязняў у Беларусі

— Дакладна я не магу пакінуць без увагі эмацыйную і нічым не абгрунтаваную лічбу нейкіх 5 тысяч палітзняволеных — гэта ўводзіць дыскусію ўвогуле ў процілеглы бок. У нас няма 5 тысяч палітзняволеных, няма такога разрыву паміж нашымі звесткамі і фактычнымі, — упэўнены Павел Сапелка.
Марына Касінерава пагадзілася, што гэта «дэмагогія, калі мы кажам пра 5 тысяч, пра 10 тысяч палітвязняў».
— У «Dissidentby» агулам ёсць імёны і прозвішчы 4300 чалавек, якія пацярпелі па крымінальных справах, думаю, з «Вясной» у гэтым плане ў нас будуць вельмі блізкія лічбы. Але гэта ўсе-ўсе: і хто вызваліўся, і хто з’ехаў, і хто адбывае «хатнюю хімію», хто атрымаў штраф — гэта ўся сукупнасць людзей, пра якіх нам вядома і пра якіх мы можам дакладна сказаць. Тое, што ў зняволенні знаходзіцца больш, чым ёсць у нашых спісах, мажліва, так, але я не думаю, што гэта 5 тысяч, — дадала Марына Касінерава.