«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 4: Як палітвязні заварожвалі вопратку сілавікоў

У папярэдніх частках дзённікаў я распавяла, як турэмнікі сваталі мяне за свайго калегу, як тарашкевіца паставіла ў тупік аператыўніка, і як людзі ў пагонах ставіліся да беларускамоўных палітвязняў. Сёння распавяду, чаму палітвязні шапталі заклёны, шыючы форму для сілавікоў, як пасадзілі ў ШІЗА парадзіху, і як адміністрацыя калоніі пакарала мяне за вокліч «Жыве Беларусь!».

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas_1.jpg

Частка 1
Частка 2
Частка 3

«… І бчб-сцягі на даху адміністрацыі»

— Карцеров на всех хватит! Я тебя предупредил! Чтобы никакой здесь бчб-движухи не было! — страшыў на пачатку майго прыезду ў калонію намеснік начальніка па рэжымнай і аператыўнай працы Станіслаў Кавалёў.
— Як гэта ніякай бчб-дзвіжухі? адказваю расчаравана. — Мы ж сядзім за пратэсты, без дзвіжухі ніяк не абыдзецца, мы без гэтага не зможам.
Падпалкоўнік змераў мяне халодным пранізлівым позіркам і нацягнута, нядобра ўсміхнуўся:
— Значит, у нас будут проблемы. Ты, наверное, еще не понимаешь, куда ты попала. На этой зоне всегда было спокойно, так будет и сейчас.
— А вось гэтага вам гарантаваць не магу, — не ўстрымліваюся ад тролінгу. — Думаю, што з часам тут адбудуцца незапланаваныя змены і над дахам адміністрацыі будуць лунаць бел-чырвона-белыя сцягі.
Начальнік аператыўкі Алёхін, што ў гэты час таксама знаходзіўся ў кабінеце, зглынуў сліну і пытальна паглядзеў на свайго кіраўніка.
Кавалёў спапяляў мяне ненавісным позіркам і маўчаў.
Пасля працяглай паўзы штучна, нацягнута пасміхнуўся, у вачах бліснуў метал. Такім жа металічным голасам і прамовіў:
— Церемониться тут с тобой никто не будет. Реакция на твои правонарушения будет очень жесткой и незамедлительной, и все будет по закону.
«У фашысцкай Германіі таксама ўсё «па законе» было», — кажу начальніку калоніі Талсцянкову ў часе так званай камісіі па пакаранні, што адбылася неўзабаве. Талсцянкоў выносіць пастанову аб адпраўцы мяне ў ШІЗА на 10 сутак і са злосцю выкрыквае:
— Ты меня фашистом назвала?! Я это запомню!
— Я таксама абавязкова ўсё запомню, грамадзянін начальнік, — адказваю Талсцянкову, разумеючы ў гэты момант, што праз гэтую фразу лёс мой у калоніі ўжо прадвызначаны. І што будзе ён несалодкім.
І я не памылілася.

«Я не женщина, я военнослужащая»

— Осужденная, поднимитесь с пола! Вы не имеете права лежать здесь! — пачуўся гнеўны роў з-за дзвярэй камеры ШІЗА.
Уначы ў мяне адкрыўся крывацёк, і каб хоць неяк саўладаць з паўпрытомным станам, знясіленая, я лягла на падлогу.
— Я не магу ўстаць пры ўсім жаданні. І мне патрэбная медычная дапамога, — кажу наглядчыцы.
— Я сейчас вызову наряд, и они тебя поднимут силой, — супрацоўніца-кантралёр Пралыгіна раўла так, што, здаецца, ад рэха хісталіся сцены.
Доктар прыйшла да мяне толькі праз некалькі гадзін:
— Будем делать кровоостанавливающий укол. Снимайте трусы.
Не зусім разумеючы, што ад мяне хочуць, удакладняю:
— Вы што, збіраецеся рабіць укол праз кармушку?
— Конечно. В камеру никто к вам заходить не собирается. Вы наказаны, и вы опасная. Давайте быстрее! Или делаем укол, или «до свидания», — з раздражненнем адказвае турэмны медык.
Цяжка апісаць, што ў гэты момант адбывалася ў мяне ў душы.
З аднаго боку, адчуваеш вялізнае прыніжэнне. З іншага — а які выбар? Альбо такім чынам «прынізіцца», альбо, крый Божа, згубіць жыццё праз кровастрату.
Абіраю першы варыянт і супакойваю сябе тым, што гэта не я прыніжаюся, а яны, службоўцы, прыніжаюць сябе падобнымі дзеяннямі.
Пакуль я знаходзілася ў ШІЗА, увесь час мяне «лячылі» такім вось чынам. Калолі ўколы праз кармушку (а дзверы ў штрафным ізалятары былі падвоеныя — звычайныя і закратаваныя, то-бок кармушкі было дзве), я — без майткаў, перамагаючы боль і адчай, згінаюся ў нейкай дзікай позе, пад прыцэлам дзвюх відэакамер, ногі акрываўленыя — пры гэтым яшчэ выслухоўваю раздражнёныя каментары медыкаў і кантралёраў, што, маўляў, раблю я ўсё вельмі павольна.
Хаця язык не паварочваецца называць усіх гэтых асоб медыкамі. Страшна, калі людзі ў белых халатах забываюцца пра сваё сапраўднае прызванне, свае абавязкі, маральныя прынцыпы і гуманнасць і замест дапамогі фактычна катуюць хворых людзей.
— Дайце мне, калі ласка, бутэльку з цёплай вадой, — даносіцца з-за дзвярэй суседняй камеры голас палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк.
— А где в правилах внутреннего распорядка написано, что я обязана выдавать вам теплую воду? Мойтесь холодной! — зло выкрыквае кантралёр Пралыгіна.
— Ну вы ж жанчына! — заклікае да людскасці Паліна.
— Я не женщина, я военнослужащая! — абсякае палітзняволеную турэмніца.
Тут той выпадак, калі словы гавораць самі за сябе.


Парэзаў вены — атрымаў ШІЗА

Аліна, выказваючыся зонаўскай мовай, «многократ».
Гэта ўжо не першы яе тэрмін. Сядзець у турме для яе звыкла, гэта нармальны, звычайны лад жыцця для кабеты.
Аліна не мусіла гэтым разам адседжваць тэрмін у гомельскай калоніі, бо «Антаны» (так вязні называюць паміж сабой папраўчую ўстанову — з-за назвы вуліцы, на якой яна месціцца, — Антошкіна) — гэта калонія для тых, хто асуджаны да пазбаўлення волі ўпершыню.
Але паколькі кабета ў часе знаходжання за кратамі нарадзіла дзіця, свой тэрмін яна была скіраваная адбываць у ПК4 — бо менавіта там знаходзіцца так званы Дом матулі і дзіцяці.
Пасляродавая дэпрэсія, невыносныя ўмовы ўтрымання, немагчымасць увесь час знаходзіцца з немаўляткам — усе гэта дужа ціснула на Аліну, і ў адзін момант яна не вытрымала. Перарэзала сабе вены.
Адміністрацыя расцаніла адчайны крок Аліны як парушэнне рэжыму і правакацыю і пакарала яе дзесяццю суткамі ШІЗА.
Вены ёй зашылі, рукі забінтавалі, але праз нейкі час у жанчыны ўзнялася тэмпература — мабыць, пачалося нейкае запаленне.
Я ў гэты час таксама адбывала чарговы тэрмін у штрафным ізалятары і чула, як Аліна ўвесь час плакала, скардзілася супрацоўнікам, што ёй вельмі блага, — і фізічна, і маральна, прасіла аб дапамозе, каб хаця б на ноч выдалі целагрэйку праз азноб…


Вельмі цяжка было назіраць за гэтымі здзекамі, я і іншыя вязні таксама ўмяшаліся. Папрасілі турэмнікаў, каб пайшлі Аліне насустрач. Нам, палітычным, у той час целагрэйкі на ноч ужо не выдавалі (распараджэнне Кавалёва і Талсцянкова), прасіць для сябе было бессэнсоўна, але ў выпадку са звычайнай асуджанай шанц яшчэ заставаўся. І просьбы ўрэшце спрацавалі: пару разоў супрацоўнікі ўсё ж такі выдалі ёй целагрэйку.
— Спасибо вам большое, спасибо от всего сердца, гражданин начальник, — адчайна плакала ў гэты момант знясіленая кабета.
Падчас знаходжання ў ШІЗА Аліна не мела магчымасці бачыцца са сваім дзіцём.
«Адкуль столькі жорсткасці? — думала я тады. — Адкуль столькі садызму, жадання знішчыць, цалкам растаптаць чалавека, яго пачуцці, яго годнасць? Чым кіруюцца ўсе гэтыя людзі ў пагонах, што ў іх у галовах? Як так можна?».
Я да гэтых часоў не знайшла адказы на ўсе гэтыя пытанні.
Маю толькі здагадкі.
Такія паводзіны ў мяне ўвогуле не ўпісваюцца ў вобраз беларуса.
Гэта страшныя людзі. І мая фраза пра фашысцкую Германію, што так закранула Талсцянкова, бадай, трапіла ў самую кропку. Увесь «унутраны свет» гэтых службоўцаў і ўсе іх дзеянні апроч як суцэльным расчалавечваннем назваць нельга.

«А Беларусь усё роўна жыве!»

— Ольга Александровна, по старой любви и дружбе выписываю вам десять суток ШИЗО, — начальнік калоніі яхідна ўсміхаецца і штосьці чыркае ў сваіх паперах.
Так званыя штрафныя суткі я атрымала за тое, што выкрыкнула «Жыве Беларусь!». Вокліч быў адрасаваны Наташы Хершэ: яе выводзілі з ПКТ на этап — меліся перавозіць у магілёўскую турму.
Я не магла не развітацца з сяброўкай.
Да дзвярэй камеры адразу ж падбег начальнік рэжымнага аддзелу Сіўцоў:
— Класковская, ты что сказала?!
— Я сказала «Жыве Беларусь!»
— Я тебя услышал, Класковская.

Праз некалькі дзён мяне выклікалі на камісію па пакаранні. Адбывалася яна ў кабінеце будынка, дзе месцяцца ШІЗА і ПКТ. «Пернікавы домік» — з сумам жартуюць пра яго зняволеныя.
На той момант я адбывала пакаранне ў ПКТ.
Рашэнню начальніка здзівілася, бо, шчыра кажучы, не ведала, што з ПКТ можна яшчэ куды-небудзь перавесці.
Аказваецца, можна.
І чалавека вось так бясконца могуць ганяць з ПКТ у ШІЗА і наадварот, як па зачараваным коле, бо час, праведзены ў штрафным ізалятары, у тэрмін абавязковага знаходжання ў ПКТ не ўлічваецца.
І калі ты аднойчы патрапіў у такі вось турэмны марафон, выбрацца з яго, прыйсці да дыстанцыі вельмі цяжка.
— Дык а што не так з маімі словамі, Дзяніс Анатольевіч? Гэта ж словы беларускага класіка Янкі Купалы, — пытаюся ў Талсцянкова.
— Это экстремистские лозунги, и вообще вы позволили себе межкамерную связь, а это серьезное нарушение, — зло вымавіў падпалкоўнік. — Когда вы уже наконец-то начнете вести себя хорошо? С вами постоянно одни проблемы! Почему у других получается спокойно сидеть, а у вас нет?
— Я незаконна асуджаная. І паводжу сябе адпаведна свайму статусу: вашыя незаконныя патрабаванні я выконваць не абавязаная. А Беларусь усё роўна жыве! — усміхнулася я ў адказ.

«І тчэ, забыўшыся, рука…»

— Дзяўчаткі, вось шыю гэтую форму і мне моташна. Адчуванне такое, што нібыта праз нейкае апаганьванне праходжу, нібыта запэцкалася чымсьці, — сказала неяк на фабрыцы падчас працоўнага перапынку адна з жанчын-палітзняволеных.
— А ты яе загаворвай. Калі шыеш, то ўвесь час кажы: «Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!». Размаўляй з гэтай вопраткай, звяртайся праз яе да будучага ўладальніка са словамі: «Ты будзеш добрым міліцыянтам, ты ніколі не ўзнімеш руку на свой народ, ты ніколі не зробіш крыўды беларусам, ты абавязкова пяройдзеш на бок народа, — адказваю сяброўцы.
У коле аднадумцаў грымнуў залівісты смех.
— Дык гэта ж класная ідэя! Менавіта так і будзем рабіць! — імгненна падхапілі мае прапановы дзяўчаты.
Яны так і рабілі.
І папрасілі мяне напярэдадні майго вызвалення, каб распавяла пра гэта іх сваякам. І па магчымасці данесла гэта да сілавікоў — каб ведалі, якую форму яны носяць.
Форму, з галавы да ног загавораную змагарскімі заклёнамі.
А я тады яшчэ спела дзяўчатам прыгожую песню на вершы Максіма Багдановіча. Змяніўшы, праўда, трохі канцоўку. Дзяўчаты прызналіся, што пасля часта спявалі яе пра сябе ў часе абрыдлай прымусовай працы:
Цямнее край зубчаты боруІ тчэ, забыўшыся, рукаЗаміж мянтоўскага ўзоруЦвяток Радзімы васілька.
Працяг будзе