Палітвязні выходзяць на волю: З якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца?

Штомесяц з калоній вызваляюцца дзясяткі «палітычных» вязняў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец 2022 года цалкам адбылі пакаранне і выйшлі на волю 253 палітзняволеныя. Але жыццё на волі ў іх застаецца складаным, піша «Св*бода».

img_2196_1_logo.jpg

Са студзеня па красавік 2023 году з беларускіх калёній вызваліліся 57 палітвязняў, падлічылі праваабаронцы. Агулам колькасць «палітычных», хто цалкам адбыў свае тэрміны пасля жніўня 2020 году, можа складаць сама меней 300 чалавек.

«Падатковая, пакуль я сядзеў, налічыла 20 тысяч штрафу»

Жыхар Рэчыцы Ўладзімір Міхалка трапіў за краты за «абразы» — Лукашэнкі і службовай асобы (маецца на ўвазе міліцыянт. — Рэд.). Па рашэньні суду ён атрымаў год і два месяцы пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у калёніі ў Воршы.

«Пакуль я сядзеў, падатковая актыўна „працавала“. Яны правялі праверку ў дачыненьні да мяне за 10 гадоў. І вырашылі, што мае расходы былі большыя за прыбыткі. Налічылі 20 тысяч штрафу. Гэтую паперку з падатковай я атрымаў, калі сядзеў у памяшканьні камэрнага тыпу. Падатковая лічыць, што я мусіў тут жа, у ПКТ, дастаць з кішэні 20 тысяч і даць канвою, каб яны перадалі ў падатковую», — кажа Ўладзімір.

Былы палітвязень дадае, што пасьля вызваленьня з калёніі ён быў пад пільным кантролем рэчыцкай міліцыі.

«Мне далі нагляд як парушальніку і экстрэмісту. Гэта значыць, прыяжджалі міліцыянты з праверкай і кожны тыдзень праводзілі са мной „прафіляктычныя гутаркі“. Мне расказвалі, што белае — гэта чорнае, і наадварот. Як добра жыць у Беларусі і як я памыляюся, што лічу інакш», — успамінае былы вязень.

Міліцыя патрабавала, каб Уладзімер абавязкова ўладкаваўся на працу. Але з варыянтаў яму прапаноўвалі, як кажа былы зьняволены, капаць магілы ці падмятаць вуліцы.

«Плюс яшчэ падатковая „душыла“, судовыя выканаўцы. Я ўладкаваўся вартаўніком. За тры месяцы працы атрымаў адзін раз 140 рублёў на рукі, другі раз — 200. Бо вылічвалі ж шмат за штраф», — тлумачыць Уладзімір.

Пры чарговай праверцы міліцыя знайшла ў ягоным тэлефоне «экстрэмізм», былога палітвязьня адправілі на «суткі», а пасьля забаранілі выезд за мяжу.

«Але так жыць немагчыма! Абклалі штрафамі, праверкамі, працаваць не даюць. Таму я вырашыў уцякаць. Тым больш пачалі зноў дасылаць нейкія лісты з пракуратуры», — кажа Ўладзімір.

Ён зьвярнуўся ў фонд B*Sol, які дапамог Уладзіміру выехаць з Беларусі ў Эўразьвяз. «Я вельмі ўдзячны хлопцам, што дапамаглі мне. Бо там жыць мне ўжо было немагчыма», — дадаў былы вязень.

«Працы на волі няма ня толькі для мяне, нават для майго мужа»

Марыя (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) адбыла пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі за ўдзел у пратэстах. Яна жыве ў невялікім райцэнтры і кажа, што тут працы няма ня толькі для яе, нават для мужа.

«Нават грузчыкам! Бо ў яго жонка-экстрэмістка. Ён толькі можа дзе-нідзе падпрацоўваць, афіцыйна яго не бяруць», — кажа Марыя.

Яна таксама мае нагляд ад міліцыі. Кажа, што ўсіх «палітычных» у калёніях знарок робяць «злоснымі парушальнікамі», каб па вызваленьні яны мелі нагляд.

«Нагляд — гэта такое, што ў любы час дня і ночы цябе можа прыехаць праверыць міліцыя. І ня дай Бог мне не адчыніць ім дзьверы. Могуць тыднямі ня езьдзіць, а могуць, наадварот, кожны дзень. У калёніі з нас зьдзекуюцца як могуць. Калі вызваляемся, гэты зьдзек працягваецца. Мяне прымушаюць уладкавацца на працу, але прапаноўваюць толькі адну вакансію — даяркай у калгас. Я туды не пайду, так і сказала міліцыянтам», — кажа Марыя.

Яна ходзіць адзначацца ў міліцыю. Гаворыць, што там «экстрэмістам» паказваюць прапагандысцкія фільмы. «І мы расьпісваемся, што паглядзелі, што з намі правялі гутарку. Карацей, поўнае трызьненьне», — кажа былая зьняволеная.

«Начальнік камісіі сказаў, што калі я не зьеду, мяне зноў пасадзяць»

Жыхар Магілёва Валянцін Лабачоў адбыў тэрмін за «абразу» Лукашэнкі ў наваполацкай калёніі. Па вяртаньні дахаты таксама атрымаў нагляд ад міліцыі.

«Спачатку ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі мне сказалі, што трэба раз на месяц хадзіць адзначацца. Потым, пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах, загадалі кожны тыдзень прыходзіць. А перад Днём Волі — кожны дзень наагул. Апроч інспэкцыі, трэба яшчэ ва ўчастковага адзначацца», — тлумачыць Валянцін.

Былыя палітвязьні пасьля вызваленьня таксама мусяць хадзіць на розныя камісіі, адна зь якіх — назіральная.

«Прапаноўваюць шукаць працу. Але мой знаёмы, ён таксама адбыў тэрмін за „палітыку“, ужо некалькі месяцаў ня можа ўладкавацца на працу. Проста нікуды не бяруць „палітычных“. Грошай у яго няма, выехаць ня можа за мяжу, бо, як я казаў, ня мае грошай на гэта», — гаворыць Валянцін.

Былы палітвязень дадае, што кіраўнік назіральнай камісіі сказаў яму, што калі ён за месяц не ўладкуецца на працу ці ня выедзе за мяжу, яго зноў пасадзяць.

«Гэтыя камісіі — проста цырк нейкі. Зьбіраюцца чыноўнікі з розных інстанцый і дураць табе галаву. У мяне было такое, што за адзін дзень я меў дзьве камісіі. Раніцай — у міліцыі, па працаўладкаваньні, па абедзе — назіральную камісію», — кажа былы вязень.

Суразмоўцы адзначаюць, што міліцыю пры праверках «экстрэмістаў» цікавяць іх тэлефоны.

«Telegram, Youtube, гісторыю браўзэра глядзяць. Прычым прыяжджаюць зьнянацку, трэба пасьпець усё пачысьціць», — кажа Валянцін.

Ён вырашыў ехаць зь Беларусі.

«Я гэта і на камісіі сказаў. Яны былі ня супраць. Бо так ім будзе менш працы. Я так разумею, што іхная мэта — выціснуць людзей з краіны. Ня хочуць ехаць — зноў пасадзяць», — кажа былы вязень.