Салідарнасць — адзіны сродак дапамагчы людзям з інваліднасцю ў краіне, дзе не працуюць законы

У СІЗА ўтрымліваўся чалавек, які не мог самастойна перамяшчацца, прыгадвае Вольга Гарбунова. Іншыя вязні насілі яго на руках і спрабавалі дапамагчы. Жорсткасці ўлады можа супрацьстаяць толькі салідарнасць і ўзаемадапамога ў грамадстве, лічыць Вольга Гарбунова.

img_3146_logo_2.jpg

5 траўня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў. Інваліды, як і многія беларусы і беларускі, патрапілі пад жорсткія рэпрэсіі пасля пратэстаў 2020 года. У законах ёсць норма, паводле якой для людзей з інваліднасцю першай і другой груп ствараюцца палепшаныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення. Але ў краіне, дзе не да законаў, гэта норма не працуе.

Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова звярнулася да беларусаў з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за правы людзей з інваліднасцю.

«Гэты дзень важны для мяне асабіста, для кожнага і кожнай з нас, але па-ранейшаму нічога не значыць для беларускай пенітэнцыярнай сістэмы. Правы палітвязняў з інваліднасцю, цяжкімі фізічнымі і псіхічнымі захворваннямі парушаюцца ў Беларусі штодня.


У гэты дзень я прыгадваю маршы 2020-га, у якіх удзельнічалі дастойныя, смелыя, шчырыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі. І кожны дзень памятаю аб тым, што яны, як і многія беларусы і беларускі, патрапілі пад жорсткія рэпрэсіі.

Дакладнай статыстыкі, колькі людзей з інваліднасцю адпраўлена за краты па палітычных матывах, праваабаронцы не маюць. Грамадскасці вядомы далёка не ўсе выпадкі — звычайна інфармацыя аб іх даходзіць ад сваякоў ці з судовых працэсаў, але і іх маніторынг не заўсёды магчымы.

Беларусаў, якія маюць інваліднасць, судзяць і кідаюць у турмы за іншадумства — гэтак жа, як і ўсіх астатніх. Фармальна ў законе ёсць норма, паводле якой для людзей з інваліднасцю першай і другой груп ствараюцца палепшаныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення. Але на практыцы гэта не дзейнічае. Гуманных паслабленняў няма ні ў турмах, ні ў калоніях.


Сёння я таксама думаю пра ліквідаваны «Офіс па правах людзей з інваліднасцю», у тым ліку дзякуючы напружанай працы якога Беларусь у 2016 годзе ратыфікавала Канвенцыю па правах інвалідаў. Пра яго дырэктара Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага, якіх рэжым абвінаваціў і «асудзіў» па крымінальным артыкуле фактычна за тое, што, супрацоўнічаючы са структурамі ААН, яны рэкамендавалі пратэстоўцам з інваліднасцю звяртацца да адвакатаў.

Я прыгадваю падзеі, сведкай якіх была сама. У СІЗА ўтрымліваўся чалавек, які не мог самастойна перамяшчацца. Слуханне па яго справе праходзіла ў будынку Фрунзенскага суда без ліфта — і не на першым паверсе, а на чацвёртым. У СІЗА іншыя вязні насілі яго на руках ці драўлянай пераносцы, разлічваючы толькі на свае сілы, спадзяваючыся толькі на сябе. Цяпер салідарнасць — адзіны наш сродак у барацьбе за правы людзей з інваліднасцю. Толькі так можна дапамагчы чалавеку ў краіне, дзе не працуюць законы.