«Я плакала пра тое, як мне дрэнна, што я павінна памерці. А лекар даў мне апельсін»

Гэта цяжка назваць псіхіятрычнай дапамогай. Тэлеграм-канал медыкаў «Б*лыя х"латы» апублікаваў гісторыі дзвюх жанчын, якім не пашанцавала трапіць на лячэнне ў пятае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя. 

Ілюстрацыйная выява. Фота pixabay

Ілюстрацыйная выява. Фота pixabay


Для даведкі: псіхіятрычнае жаночае аддзяленне № 5 для лячэння крызісных і дэпрэсіўных станаў у ДУ «РНПЦ псіхічнага здароўя» прызначана для аказання псіхіятрычнай, псіхатэрапеўтычнай, псіхалагічнай дапамогі жанчынам, якія ўчынілі суіцыдальныя дзеянні альбо якія знаходзяцца ў крызісных і дэпрэсіўных станах з высокай верагоднасцю здзяйснення суіцыду.



«Набралі ў шпрыц боршч»


Сюмбюль (імя зменена па просьбе гераіні), 21 год. Дзяўчына трапляла ў РНПЦ псіхічнага здароўя тры разы. Публікуем яе маналог.
«Першы раз я трапіла туды на 42 дні, другі раз — на шаснаццаць дзён, трэці раз зноў на сорак два дні.
Пачнем з прыёмнага пакою. Міма адчыненых дзвярэй у кабінет дагляду, дзе распранаюць да трусоў, пастаянна ходзіць шмат людзей, некаторыя ў калідоры чакаюць сваёй чаргі. Часцяком у самім кабінеце сядзяць і санітары-мужчыны, якія дапамагаюць праводзіць дагляд рэчаў і сочаць за жанчынамі, якія пераапранаюцца ў бальнічную вопратку. Варта адзначыць, што паступаюць пацыенты і непаўналетняга ўзросту, таксама магчыма сексуальна траўміраваныя. Заставацца ў адных трусах перад мужчынам можа быць, мякка кажучы, некамфортна. А просьбы адвярнуцца ніхто задавальняць не будзе. Тут забіраюць усё: нельга тэлефоны, другую байку, другія штаны, усё, што са шнуркамі, доўгія мачалкі, шчыпчыкі, нажніцы, тачылкі, касметыку ў шкле, духі, вушныя палачкі, вільготныя сурвэткі, тампоны, каву, колу і кучу іншай ежы. Таксама ў аддзяленні забароненыя люстэркі.
Пяройдзем да таго самага пятага аддзялення. Па прыходзе туды ты хутчэй за ўсё будзеш спаць бліжэйшыя 3-7 дзён на ссунутых крэслах-лаўках. Далей — назіральная палата, у якой жудасна холадна зімой. Калі нават у верхняй вопратцы спаць, то ўсё роўна не сагрэешся. Дарэчы, холадна ва ўсіх палатах, але чым бліжэй да ардынатарскай, тым цяплей. Пацыенты спрабуюць закладваць шчыліны ў вокнах коўдрамі і ўсім, чым толькі можна, але медсёстры і санітаркі прымушаюць іх здымаць. Ледзяшы праз коўдры, якія затыкалі пад шчыліны, прабіраліся ў палаты і пакрывалі коўдры цалкам, немагчыма было адарваць ад акна.
Тым, хто ляжаў у назіральнай, наогул забаранялася што-небудзь класці на вокны. Таксама туды нельга было праносіць акуляры (дзяўчынка з дрэнным зрокам хадзіла навобмацак), кнігі, ручкі, алоўкі, асабістую вопратку. Не дазвалялася адыходзіць ад гэтай палаты далей, чым на чатыры метры, за табой 24/7 пастаянна глядзяць санітаркі. У тым ліку перыядычна і ў прыбіральні. Яшчэ ў санітарак пастаянна ўключаны тэлефон і няма навушнікаў, таму першы час цяжка прывыкнуць да гэтага фону: ролікаў з тыктоку або іншых сацсетак, размоў з сяброўкамі або паміж сабой.
З нагоды ежы на маёй памяці ёсць выпадак. Дзяўчынка не хацела есці, у нейкі момант санітаркам і медсёстрам надакучыла яе ўгаворваць. Яны набралі ў шпрыц боршч, адна закінула галаву, дзве трымалі рукі і залівалі гэты боршч у НОС, гэта ўсё на вачах у астатняга медперсаналу і іншых пацыентаў. Па выніку, уся вопратка, твар і валасы дзяўчынкі былі ў чырвонай жыжцы. Нагадаю, аддзяленне крызіснае, у народзе «суіцыдальнае».


Таксама, каб выходзіць паліць або дыхаць свежым паветрам, вы будзеце працаваць за санітарак, пра падзяку вы можаце забыцца. Вы будзеце працаваць увесь дзень на харчблоку, у аддзяленні, на прачцы, на тэрыторыі, а потым вас будуць выводзіць з тварам, быццам робяць ласку. Калі скончыліся сілы на працу і вы ў нядрэнных адносінах з санітаркай, то яна з задавальненнем дасць вам выспятка пад пятую кропку для паскарэння працэсу. А даставучых непаўналетніх, якія чымсьці незадаволеныя, можна скруціць і зафіксаваць, выкарыстоўваючы пры гэтым у дапамогу іншых пацыентаў, якіх бязгучна шантажуюць добразычлівасцю, якая азначае лішнія выхады на свежае паветра і паходы ў душ не раз на тыдзень. Выпрасіць у санітаркі ключ ад вокнаў для праветрывання бывае няпроста, абкладзе матам і пашле далёка і надоўга, калі неўзлюбіла раней з-за чаго-небудзь або калі падышоў не ў час.
Нельга глядзець у вокны ў сталовай і падыходзіць да іх. Паказваць слёзы, самапашкоджанні, зробленыя пры зрывах, — нельга, інакш перавядуць у 9-ю палату, заколюць аміназінам, і незразумела, калі выпусцяць. У звычайнай палаце чыста псіхалагічна лягчэй знаходзіцца і лягчэй хоць неяк сфакусавацца на тым, каб вырвацца адтуль і пайсці на выздараўленне. Памятаю, як супакойвалі з аднапалатніцамі адна адну, калі псіхіка не вытрымлівала, як замазвалі танальным крэмам пашкоджанні на скуры, як малілі сябровак стрымаць слёзы, пакуль нам раздадуць таблеткі. Галоўнае, каб не перавялі на 9-ку і не закалолі, не фіксавалі. Калі перавядуць — зноў адтэрмінуюць выпіску.
Пра сесіі з псіхатэрапеўтам або псіхолагам можна і не пытацца. За тры шпіталізацыі і сумарна праведзеныя там 100 дзён я трапіла ўсяго на 3 кансультацыі, якія не тычыліся выпіскі, хоць па стане мне вельмі рэкамендавана псіхатэрапія. З боку лекара часта чула ў бок пацыентаў фразы накшталт: "Вы небяспечныя для грамадства", "вас трэба ізаляваць", што даводзіла людзей з дыягнаставанай дэпрэсіяй і біпалярным разладам да слёз і наступнага пагаршэння стану».


«Нельга, каб там даведаліся пра слёзы»

Беларуска Анастасія (імя зменена) таксама ляжала ў пятым аддзяленні. Дзяўчына кажа, што ёй не аказвалі лячэнне і ігнаравалі яе скаргі.
«Было поўнае ігнараванне лекарамі скаргаў пацыентаў. Не можаш спаць? Не спі днём. Не можаш перастаць сумаваць? Ну пачакай яшчэ.
Калі пасля адбываюцца пагаршэнні, вас проста закідваюць на 9-ю назіральную, абколваюць такімі прэпаратамі, што вы можаце толькі спаць і сліну пускаць. Вельмі часта сутыкаліся з тым, што гэты ж лекар кажа ў твар адно, робіць іншае, а лекарам кажа трэцяе.
Незразумела, па якой сістэме выпісвалі пацыентаў. Маглі выпісаць суіцыднікаў вельмі рана, і яны вярталіся літаральна праз пару дзён, а людзей, якія трапілі па аддаленай прычыне — трымалі месяц. Была сведкай таго, як лекары заяўлялі ў твар пацыентам, што яны стаміліся слухаць хворых, асуджалі, казалі, што яны небяспечныя для грамадства.
Медсёстры не выдаюць прэпаратаў ад раптоўных боляў, няхай гэта будзе галава ці жывот, калі гэта не прызначана лекарам. Што рабіць, калі гэта адбываецца ноччу —— загадка. Асобнага згадвання заслугоўвае адна з медсясцёр, якая выказалася: «Сярод вас, ненармальных, і самой нядоўга такой стаць».


Была медсястра, якая вельмі любіла забягаць у палаты па раніцах і тармасіць пацыентаў у ложках з крыкам, што яна выкіне ўсе нашы рэчы, калі не будзе ідэальнага парадку. Мой стан стабільна пагаршаўся з моманту паступлення ў РНПЦ. Здавалася, што стала нават горш, бо я была няздольная выконваць базавыя рэчы.
У адзін момант мне ўдалося праз слёзы «дастукацца» да аднаго з лекараў. Усю «размову» я плакала пра тое, як мне дрэнна, што я павінна памерці. Дзеянні лекара? Даць мне апельсін і падбадзёрыць тым фактам, што я не Скарпіён па гараскопе. Вынік: уколы, якія пасадзілі мне памяць і печань.
Праз некалькі тыдняў плачу ў плячо суседак, таемных самапашкоджанняў, са мной здарыўся зрыў. Была істэрыка, медсёстры спрабавалі супакоіць сваімі сіламі, не выйшла, я патрабавала чарговай сустрэчы з лекарам. Патрабавала выпусціць мяне. Да лекара я так і не дайшла, мне стала зусім дрэнна, і мяне перавялі ў 9-ю назіральную, дзе мне трэба было пражыць у стане сурка пэўны час пад уколамі.
Нельга, каб там даведаліся пра слёзы. Інакш паедзеш у тую самую назіральную. Дайшло да таго, што ты валодаеш мастацтвам спыняць істэрыкі і панічныя атакі перад прыходам лекара. Вельмі часта стваралася ўражанне, што лекары атрымлівалі асалоду ад дрэннага стану пацыентаў. І як пры такіх умовах казаць праўду? Гэта проста страшна. Куды прасцей нацягнуць усмешку і сказаць, што ўсё добра».