Як беларускія праваахоўнікі вяртаюцца да карнай псіхіятрыі

Паўтары гадзіны шаблоннай размовы з псіхіятрам — і дыягназ «шызафрэнападобны разлад» гатовы. Не, гэта не забытая гісторыя з савецкіх часоў, а беларуская рэальнасць. Звычайная побытавая гісторыя пра каханне і рэўнасць скончылася крымінальнай справай ды пагрозай прымусовага лячэння.

4_sposoba_popast_v_ljubovnyj_treugolnik_i_razrushit_svoju_zhizn_1.jpg

Перадгісторыя

Гэтая справа магла б заінтрыгаваць нават Шэрлака Холмса, калі б ён існаваў і завітваў у наш час у нашыя краі. Для раскрыцця падрабязнасцяў не хапіла б і ўсёй газетнай плошчы, але коратка акрэсліць можна. Гераіня гэтага артыкулу Марыя Аляксеенкава — юрыстка, якая цяпер працуе ў сферы аўдыту, збіралася пабрацца шлюбам са сваім даўнім сябрам спадаром М., асуджаным на 3 гады турмы за махлярства. На той час М. быў жанаты, але, як ён распавядаў Марыі, збіраўся разводзіцца і нават пераехаў да Аляксеенкавай жыць ды ўзяў у карыстанне яе аўтамабіль. Хоць, ужо будучы ў турме, М. развёўся з жонкаю, з Аляксеенкавай, нягледзячы на прапанову з яго боку, шлюбам так і не пабраўся. Аднак падчас судовага працэсу жонка даведалася пра існаванне суперніцы — і з гэтага часу на Марыю Аляксеенкаву адна за адной пачалі сыпацца непрыемнасці.

Да непрыязнага стаўлення ды пагалоскі між супольнымі сябрамі Марыя была гатовая, а вось да адміністрацыйных разбіральніцтваў, а за імі і крымінальнай справы — не. Марыя Аляксеенкава лічыць, што з матываў рэўнасці ды помсты экс-жонка М. вырашыла замовіць справу супраць яе, карыстаючыся сваімі сувязямі — знаёмымі пракурорамі, міліцыянтамі ды суддзямі. Пакуль мы не можам апублікаваць канкрэтныя прозвішчы, але гэтыя людзі маюць дачыненне да Цэнтральнага і Маскоўскага райаддзелаў: дарэчы, пра фальсіфікацыі спраў супрацоўнікамі менавіта гэтых райаддзелаў гаварыў Аляксандр Лукашэнка падчас рэзананснай жнівеньскай нарады з праваахоўнікамі.

Паколькі ані КДБ, куды Марыя звярталася са скаргаю на дзейнасць пракурора, ані Адміністрацыя прэзідэнта, куды Марыя высылала ўсе матэрыялы па сваёй справе, не дапамаглі ёй аднавіць справядлівасць, Марыя звярнулася да журналістаў.


Ад побытавай рэўнасці да крымінальнай справы

Мы сустрэліся з Марыяй і яе бацькам, які цяпер прадстаўляе інтарэсы дачкі ў судзе, у адным са сталічных паркаў. Маладая прывабная жанчына ўпэўнена гаворыць, пісьменна складае фразы, кантралюе эмоцыі — гэта ўсё істотныя дэталі, улічваючы, што ў паперах Марыі значыцца дыягназ «шызафрэнападобны разлад».

Аляксеенкава з бацькам, які цяпер яе законны прадстаўнік

Аляксеенкава з бацькам, які цяпер яе законны прадстаўнік

«У 2017 годзе мяне раптоўна сталі правяраць супрацоўнікі некалькіх раённых аддзелаў МУС. Аказваецца, па месцы працы экс-жонкі М. (адзін з мінскіх банкаў) і яе маці («лечкамісія» — шпіталь Кіравання справамі прэзідэнта РБ), а таксама ў структуры апекі прыйшлі лісты, што спадарыня М. мае судзімага мужа і не займаецца выхаваннем маленькай дачкі. Экс-жонка напісала ў паказаннях, што гэтыя лісты магла выслаць я, а я, у сваю чаргу, напісала заяву, каб яе прыцягнулі да адказнасці за паклёп. Паколькі не пацвердзілася ні тое, ні другое, адміністрацыйныя разбіральніцтвы спынілі. Тады нават рабілі экспертызу майго почырку, але эксперты не прызналі, што почырк на лістах мой», — распавядае Марыя Аляксеенкава.

Можна было б падумаць, што ўсё і скончана, але гэта быў толькі пачатак. У чэрвені 2018 года Аляксеенкаву папрасілі спусціцца з працоўнага кабінета ў хол, дзе яе чакалі супрацоўнікі міліцыі. Падумаўшы, што міліцыянты прыехалі браць тлумачэнні па чарговай ананімнай заяве, Марыя па іх просьбе села ў міліцэйскую машыну. Тыя ж павезлі жанчыну ў яе ўласную кватэру на вобшук, падчас якога сканфіскавалі медыцынскія паперы (Марыя хварэе на цукровіцу), ноўтбук і прынтар. Аказваецца, ананім ад імя экс-жонкі М. даслаў друкаваную «яўку з павіннай» у Следчы камітэт з прызнаннямі ў распаўсюдзе наркотыкаў, а таксама рукапісную заяву ў псіхіятрычную клініку ў Навінках з падобным прызнаннем і просьбай аказаць ёй псіхіятрычную дапамогу. З лякарні, у сваю чаргу, звярнуліся ў праваахоўныя структуры. Калі экс-жонку М. апыталі наконт заяваў, яна сказала, што нічога не дасылала, але падазрае, што гэта магла зрабіць Аляксеенкава.

Марыя гэта катэгарычна адмаўляе: «Безумоўна, я гэтага не рабіла. На той час у мяне было ўсё скончана з М., ніякіх стасункаў з яго былой жонкай я таксама не мела. У мяне ёсць свая версія: М. мусіў хутка выйсці на свабоду, і, магчыма, яго жонка баялася, што ён вернецца да мяне. Таму вырашыла засадзіць мяне за краты, тым больш патрэбныя для гэтага сувязі ў яе ёсць».

Далей падзеі разгортваліся хутка: Аляксеенкаву перавялі ў статус падазраванай. Следчыя і пракуроры дапускалі працэсуальныя памылкі, кожную з якіх Марыя, якая раней працавала сакратаром судовага пасяджэння, а пасля судовым выканаўцам, грунтоўна абскарджвала. Безумоўна, гэта праваахоўнікам не падабалася. Падчас аднаго з допытаў следчая нават узяла Марыю пад варту, і жанчыну адвезлі на Акрэсціна. Супрацоўнікі ізалятара адмовіліся трымаць у сябе хворага на цукровіцу чалавека, і яе канваявалі ў шпіталь. На наступны дзень тая ж следчая вынесла пастанову пра вызваленне Марыі, і жанчыну адпусцілі прама са шпіталя, праўда, на 6 гадзін пазней, чым было пазначана ў пастанове.

Разумеючы, што ў выпадку заказной справы яна не знойдзе справядлівасці ў праваахоўнікаў, Аляксеенкава звярнулася са скаргаю на дзейнасць пракурора ў КДБ. Праз трэціх асобаў Марыі перадалі ўмову: адклікай скаргу, і тады мы спынім крымінальную справу. Аляксеенкава адмовілася адклікаць заяву, пакуль справа не спыненая. У выніку справа ўсё ж засталася, а КДБ спусціў паперы для праверкі ў Генпракуратуру, якая традыцыйна «не знайшла парушэнняў». Пры правядзенні пракурорскай праверкі Аляксеенкава пісьмова паведамляла, што можа прадаставіць доказы карупцыйнай змовы супраць яе, але гэтая інфармацыя нікога не зацікавіла.


Чаму экспертызу правялі раней, чым завялі справу?

Па справе Аляксеенкавай было прызначана некалькі экспертызаў. Першая экспертыза прызнала немагчымым высветліць, ці на яе прынтары была надрукавана тая самая «яўка з павіннай». Другая экспертыза, падчас якой былі даследаваныя файлы (у тым ліку, і выдаленыя) з ноўтбука, не выявіла, што файл, падобны да той самай «яўкі з павіннай», ствараўся ці быў захаваны/выдалены на ноўтбуку Марыі.

Дактыласкапічная экспертыза паказала, што на экземпляры рукапіснай заявы ў Навінкі ёсць адбітак аднаго пальца Марыі. Жанчына мае тлумачэнне гэтаму: «Мне проста сказалі перапісаць урывак з рукапіснай заявы почыркам, падобным да таго, якім была напісана заява. Падчас перапісвання я выпадкова закранула адным пальцам дакумент. Я думала, што ўсе адбіткі пальцаў ужо знятыя, таму не баялася гэтага. Пасля следчы мне паведаміў, што перада мною быў арыгінал. Пры гэтым, перад тым, як класці яго перада мною, ніхто не правяраў яго на наяўнасць маіх адбіткаў».

Што цікава, падчас жнівеньскай нарады з праваахоўнікамі, калі Лукашэнка крытыкаваў працу следчых і міліцыянтаў, асабліва ў Фрунзенскім, Маскоўскім і Цэнтральным раёнах, ён казаў наступнае: «У затрыманых асоб адбіраюць узоры, у тым ліку пакінутыя імі ўжо пры правядзенні працэсуальных дзеянняў, а затым яны наносяцца на выманыя прадметы і рэчы, што ў далейшым пры экспертным даследаванні такіх аб’ектаў "даказвае" здзяйсненне злачынства загадзя вядомай асобай. Прамая падробка і фальсіфікацыя!» Нічога не нагадвае?

Экспертыза почырку паказала, што почырк, якім была напісаная заява, — гэта по­чырк Марыі, якая быццам бы адмыслова змяніла нахіл. А ў наступным абзацы гэты ж самы эксперт сцвярджае, што высветліць, ці тэкст выкананы намерана змененым почыркам, не прадставілася магчымым. Ніякай яснасці! Да таго ж нават неабазнанаму чалавеку зразумела, што калі б дасведчаная юрыстка, што не адзін год прапрацавала ў судзе, хацела напісаць падобную заяву, якая цягне на крымінальны артыкул, яна б знайшла спосабы не пісаць ліст сваёй рукой. Цікава і другое: справа па рукапісным лісце ў Навінкі была ўзбуджана толькі пасля адмысловых заяваў ад пацярпелых — экс-жонкі М. і яе маці. Яны напісалі такія заявы напрыканцы верасня. Чаму ж, рэзонна заўважае Марыя, экспертыза почырку праводзілася яшчэ летам, калі справа нібыта не была заведзеная? Па словах Аляксеенкавай, пасля напісання заяваў пацярпелымі следства было ўзбуджана, расследавана і перададзена пракурору за адзін дзень.

5926534_2353924.jpg


За паўтары гадзіны знайшлі хваробу?

Але самай інтрыгуючай і, на жаль, вызначальнай, апынулася псіхіятрычная экспертыза.

У жніўні, праз два месяцы пасля першага допыту, тая самая следчая, якая выносіла пастанову пра затрыманне Марыі, адправіла Аляксеенкаву на стацыянарную экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхіятрычнага здароўя (у Навінках). Дарэчы, зазначым, што Марыя ніколі ў падобных установах ці дыспансерах на ўліку не стаяла.

«З допыту мяне прывезлі ў Навінкі. Лекары перакінуліся са мною парай словаў, і сказалі — дык яна ж, маўляў, нармальная, ёй тут няма чаго рабіць. Пасля міліцыянты пачалі ім нешта распавядаць, а мяне папрасілі выйсці з кабінета. І пасля гэтага лекары сказалі — ідзіце пераапранацца ў бальнічную вопратку і скіроўвацеся ў палату. Ужо ў палаце пацыенты распавялі мне, што стацыянарная экспертыза праводзіцца тры тыдні. Паколькі пастанова следчай наконт экспертызы была для мяне нечаканай, я не рыхтавалася да экспертызы, у мяне не было з сабою неабходнага інсуліну. Я распавяла пра гэта медперсаналу, і праз нейкі час мяне ўсё ж адпусцілі, а ўвечары таго ж дня следчая вынесла пастанову пра амбулаторную экспертызу. У матэрыялах справы гэты мой прымусовы візіт у Навінкі наогул не зафіксаваны, як быццам бы я і не прабыла там некалькі гадзін», — гаворыць жанчына.

Што такое амбулаторная экспертыза? Аляксеенкава зрабіла дыктафонны запіс і расшыфроўку размовы з псіхіятрам і псіхолагам. Уся размова заняла каля паўтары гадзіны: лекары распытвалі Марыю пра сям’ю, вучобу, працу ды хобі — нічога надзвычайнага. Пасля яе папрасілі выканаць нескладаныя заданні: напрыклад, па чарзе паўтарыць тыя словы, якія называе лекар. Па выніках гэтай размовы эксперты зробяць адмысловае заключэнне, якое прагучыць у судзе і стане асноўнай версіяй. І заключэнне гэта — шызафрэнічны разлад.


Прысуд — завочна

Пасля экспертызы Аляксеенкаву фактычна пакінулі ў спакоі — так, прынамсі, падавалася. Аднак у лістападзе на хатні нумар ёй патэлефанавалі з Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мінска і сказалі, што паводле рашэння суда яна павінна прыйсці да іх. Марыя скіравала пісьмовы запыт з пытаннем, што за суд і што за рашэнне маецца на ўвазе, і была шакіраваная адказам: аказваецца, крымінальная справа была разгледжана завочна, і суд Цэнтральнага раёна вынес рашэнне пра ўжыванне да яе прымусовых мераў бяспекі і прымусовага лячэння ў стацыянары пад назіраннем.

«Ані позваў, ані смс-паведамленняў ні мне, ні маім бацькам не прыходзіла. У якасці законнага прадстаўніка запрасілі юрысконсульта 1-й гарадской паліклінікі, хоць я да гэтай паліклінікі нават не адношуся. Юрысконсульт паведаміла ў судзе, што прычын не давяраць высновам эксперта ў яе няма, сама ж яна мяне не ведае, і ніколі ў жыцці не бачыла. Адвакат юрыдычнай кансультацыі №2 Цэнтральнага раёна, якога мне прызначылі, сказаў на судзе, што «аспрэчваць даказанасць віны маёй падабароннай падставаў не знаходзіць» (з пратаколу судовага пасяджання) і просіць ужыць прымусовыя меры. І гэта абаронца маіх інтарэсаў?» — абураецца жанчына.

Суд, як і чакалася, таксама не знайшоў падставаў не давяраць высновам экспертаў і прызнаў Марыю псіхічна нездаровай. А псіхічная хвароба, быццам бы, выкліканая рэўнасцю, нянавісцю з-за спынення стасункаў з М. Ад крымінальнай адказнасці Марыю вызвалілі, бо яна, нібыта, не ўсведамляла свае дзеянні, але, паколькі Аляксеенкава быццам уяўляе грамадскую небяспеку, суд прызначыў прымусовае лячэнне. Дарэчы, судовы працэс вёў суддзя Есьман, вядомы многім дэмакратычным актывістам па сфальсіфікаваных прысудах. Зрэшты, чаму здзіўляцца? У матэрыялах справы фігуруе і Артур Шахлай — кіраўнік Цэнтральнага РУУС Мінска, які мае такую ж сумнеўную рэпутацыю.

10423019_xs.jpg


Заключэнне экспертаў сумневу не падлягае?

Бацька жанчыны падаў наглядную скаргу ў Мінскі гарадскі суд на «завочны» прысуд. Пасля гэтага прысуд Есьмана адмянілі, справу разглядаў іншы суддзя Цэнтральнага суду, але вынік застаўся тым жа самым. Праўда, паўторны суд прызнаў: доказаў таму, што Марыя зрабіла «яўку з павіннай» на сваім кампутары, не прадстаўлена, таму выключыў гэта з «апісання грамадска небяспечных дзеянняў».

У любым выпадку, палёгкі гэта не прынесла. На Марыю павесілі цэтлік псіхічна нездаровай, і цяпер яна ніяк не можа абараніцца. «Я нават не магу выступіць у судзе, нешта растлумачыць, распавесці. Экспертамі яшчэ да суду прызнана, што я самастойна не магу абараніць свае правы, мяне цалкам пазбавілі голасу. Цяпер за мяне ў якасці абаронцы маіх інтарэсаў выступае мой бацька», — апісвае яна сваё адчайнае становішча. Яно сапраўды падаецца безвыходным — як цяпер «адмазацца» ад дыягназу, калі любая спроба абараніцца і дамагчыся справядлівасці трактуюцца як нязначныя словы псіхічна хворай?

Цікава, што падчас судовых разбіральніцтваў эксперты, якія праводзілі псіхіятрычную экспертызу, прызналіся, што не ведаюць, ці праўдзівыя, ці даставерныя тыя паклёпніцкія лісты, у напісанні якіх вінавацяць Аляксеенкаву. Але іх колькасць, сэнсавая нагрузка, агульнае сцверджанне пра карупцыйную змову дазваляюць зрабіць выснову пра разлад псіхікі Марыі. Маўляў, калі чалавек гаворыць, што міліцыя, пракуратура ды суд змоўлена дзейнічаюць супраць яго, — значыцца, ён пакутуе на шызафрэнію. Фактычна, чалавеку не даюць права аспрэчыць сумленнасць дзяржаўных структур. Бацька Марыі на адным з судовых пасяджэнняў узняў гэтае пытанне: чаму Марыі адмаўляюць у праве мець такое меркаванне, сумнявацца ў справядлівым расследаванні крымінальнай справы? Адказу не было. Калі карыстацца гэтай логікай, у шызафрэнікі можна запісаць кожнага другога. І тых, хто сцвярджае, што ў нас фальсіфікуюцца выбары, — ЦВК ж гаворыць адваротнае! І людзей, якія гавораць пра катаванні ў ізалятарах, — МУС жа гэта не пацвярджае! А што ўжо казаць пра настаўнікаў, якія заяўляюць пра прымусовыя падпіскі на дзяржаўны газеты, — «сумленнае» Міністэрства адукацыі пра такія выпадкі і чуць не чула!

Пакуль цягнуліся разбіральніцтвы, Марыя паралельна атрымала правы, ужо маючы фармальны дыягназ «шызафрэнічны разлад» удзельнічала ў якасці прадстаўніка адказчыкаў у іншых судовых працэсах (аказвала юрыдычную дапамогу), працягвала працаваць вядучым эканамістам у банку, а пасля ў сферы аўдыту. Ці мог бы гэта ўсё рабіць хворы чалавек, які прадстаўляе грамадскую небяспеку? Няўжо медкамісія ды суддзі па іншых працэсах не заўважылі б, што чалавек псіхічна нездаровы? Калегі таксама нічога асаблівага не адзначаюць у паводзінах Марыі — у матэрыялах судовай справы ёсць цудоўная станоўчая характарыстыка Марыі, дадзеная банкаўскім кіраўніцтвам.

«Такая помста з боку экс-жонкі М. (а я мяркую, што гэта менавіта так) — гэта значна горш, чым проста турэмны прысуд. У турме, як бы цяжка ні было, але ёсць вызначаны тэрмін — адсядзеў і выйшаў, далей працуеш, заводзіш сям’ю і гэтак далей. А чалавек, у дачыненні да якога прызначана прымусовае лячэнне, можа прабыць у шпіталі невядома колькі часу, не мае ніякіх канкрэтных перспектываў. Акрамя гэтага я баюся, што прызначанае лячэнне можа пашкодзіць мне як будучай маці, адмоўна паўплываць на рэпрадуктыўныя функцыі ды і на арганізм агулам», — працягвае Марыя.


Недапрацоўка следчых ці адмысловая фальсіфікацыя?

Яшчэ шмат пытанняў засталіся без адказу: чаму следчыя не выкарысталі дадзеныя з камераў відэаназірання, якія б дакладна пацвердзілі ці абверглі тое, што 15 траўня Аляксеенкава адпраўляла «яўку з павіннай» з аддзялення «Белпошты» на Прывакзальнай плошчы Мінска (як пазначана ў матэрыялах справы)? Улічваючы, што гэта быў працоўны дзень, пры дапамозе запісаў, а таксама запісаў з камераў відэаназірання ў банку Марыі ды ў судзе (у гэты дзень яна была там па іншай справе, і мае адпаведную позву), можна было б ледзь не пахвілінна аднавіць той дзень, а не абмяжоўвацца экспертызай почырку.

Чаму дактыласкапічная экспертыза прызнала, што на рукапісным лісце ёсць след аднаго пальца Марыі, а ўсе сляды на канверце ад гэтага ліста, па высновах экспертаў, непрыдатныя для ідэнтыфікацыі асобы? Можа таму, што на канверце наўпрост не было слядоў ад пальцаў Марыі? Больш за тое, у заключэнні эксперты пазначылі, што на рукапісным лісце, акрамя таго самага адзінага следу Марыі, ёсць прыдатныя для ідэнтыфікацыі сляды і нават адбітак далоні іншага чалавека. Дык чаму ж не правялі дактыласкапічную экспертызу, напрыклад, у дачыненні экс-жонкі М., якая, па словах Марыі, магла быць зацікаўленая ў крымінальнай справе супраць яе?

І гэта толькі тыя пытанні, якія адразу ўзнікаюць у не абазнанага ў юрыспрудэнцыі чалавека. У прафесіяналаў такіх пытанняў было б значна больш.

Мінскі гарадскі суд 8 кастрычніка будзе разглядаць апеляцыю, пададзеную бацькам Марыі. Спадзяемся, суддзя зверне ўвагу на нестыкоўкі і перагледзіць справу Марыі Аляксеенкавай. Калі ж суддзя пакіне раённы прысуд у сіле — у любы дзень Марыю змогуць гвалтоўна адправіць на «лячэнне».

Мы ў сваю чаргу будзем са­чыць за развіццём сітуацыі ды публікаваць працяг гэтай гісторыі.