Гомельская міліцыя адмаўляецца тлумачыць прычыны забароны на перапіску з Яўгенам Меркісам
Гамяльчанка Ларыса Шчыракова намагалася высветліць, на якой падставе зняволены журналіст пазбаўлены магчымасці камунікаваць з грамадзянамі. Аднак атрымала адпіску за подпісам намесніка начальніка абласнога ўпраўлення МУС Анатоля Васільева.
«Паскардзілася ў кіраўніцтва МУС, што лісты ў СІЗА да Яўгена Меркіса не даходзяць ні ад каго (уключна мяне), апроч бацькі. А мне адказалі, што, я не ягоны законны прадстаўнік, таму, і зварот мой разглядаць не будуць...», — зазначае Ларыса Шчыракова на сваёй старонцы ў сацсетцы Фэйсбук, піша «Штодзень».
«За месяц зняволення Яўгену не перадалі аніводнага ліста ад сяброў, толькі ад бацькі», — паведамляла раней Ларыса Шчыракова.
Гомельскі журналіст, гісторык, урбаніст Яўген Меркіс быў затрыманы 13 верасня. У журналіста прайшоў вобшук, у яго канфіскавалі носьбіты інфармацыі. Таксама вобшукі прайшлі ў бацькі Яўгена і ў ягонай знаёмай.
Ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, яго абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4). Паводле гэтага артыкула журналісту пагражае ад 2 да 6 гадоў зняволення. Праваабаронцы прызналі Яўгена палітвязнем.
Адрас для лістоў Яўгену: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.