Не даўшы нават рэчы сабраць, палітзняволеную Веру Цвікевіч вызвалілі і адразу дэпартавалі з Беларусі

Грамадзянку Расіі з відам на жыхарства ў Беларусі Веру Цвікевіч сілавікі затрымалі сёлета 27 студзеня, яе асудзілі да года калоніі, а сёння вызвалілі і, нават не даўшы сабраць рэчы, дэпартавалі.

cvikevicz_1.jpg

Веру Цвікевічабвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах — амаль праз паўтара года пасля выбараў-2020. У жніўні 2020-га фотаздымак Веры быў на першай паласе беларускай «Камсамольскай праўды».

6 траўня суддзя Вера Малашэнка асудзіла Веру Цвікевіч за ўдзел у Маршах па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Веру судзілі разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Настай Кухаравай, таму што дзяўчаты былі на адным фота, якое сілавікі выкарысталі ў якасці доказу іх віны. На фота Вера і Наста разам з іншымі дзяўчатамі ідуць у адным шэрагу падчас мірнай акцыі пратэсту.

Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Вера Цвікевіч сёння, 26 кастрычніка, выйшла на волю, бо цалкам адбыла тэрмін. Але пасля вызвалення яе адразу павезлі на расійскую мяжу, бо ёй забаранілі ўезд у Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. Перад дэпартацыяй Веры нават не далі сабраць рэчы.