Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 26 кастрычніка
Галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.
8 гадоў калоніі і 500 базавых велічынь штрафу прысудзіў Мінскі гарадскі суд журналісту-расследавальніку Сяргею Сацуку. Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з Сацука 12 384 рублі ў даход дзяржавы. Арыштавана маёмасць: аўтамабіль, некалькі тэлефонаў, ноўтбукаў, картак памяці і планшэт — канфіскоўваюцца як частка штрафу.
Былы журналіст АНТ Дзмітрый Семчанка стаў фігурантам крымінальнай справы. Яго абвінавачваюць у «распальванні сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт.130 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Семчанка быў затрыманы 15 верасня і ўжо паспеў адседзець два адміністрацыйныя арышты.
Палітзняволеную Яну Пінчук, экстрадзіраваную з Расіі, перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Грамадзянку Расіі Веру Цвікевіч сёння вызвалілі з калоніі і адразу дэпартавалі ў Расію, нават не далі сабраць рэчы.
Пракуратура Ленінскага раёна завяла крымінальную справу на дырэктара адной з мінскіх прыватных крам. Падставай стала «парушэнне дырэктывы пра рост цэн». Дырэктар дазволіў сабе падняць цэны на некалькі гатункаў сыру — і за гэта яго цяпер пазбавяць волі.
Вынеслі прысуд палітзняволеным Вікторыі Ждановіч і Раману Багрыю. Суддзя Сяргей Шаціла прысудзіў Ждановіч за пяць інкрымінаваных эпізодаў удзелу ў пратэсных акцыях 1 год калоніі агульнага рэжыму, Багрый за адзін эпізод атрымаў 2,5 гады «хатняй хіміі».
4,5 гады калоніі агульнага рэжыму прысудзілі палітзняволенай Анастасіі Ганчарэвіч. Крымінальная справа на жанчыну была заведзена па трох артыкулах КК РБ. У Ганчарэвіч двое дзяцей.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у краіне налічваецца 1339 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1665 чалавек, у тым ліку 197 жанчын і 7 непаўнагадовых.