Журналісту-расследавальніку Сяргею Сацуку далі 8 гадоў зняволення

Вырак агучыла суддзя Святлана Бандарэнка. Тэрмін прысуджаны роўна такі, які для журналіста тыдзень таму запатрабаваў пракурор.

sacuk_33.jpg


Сяргея Сацука вінавацілі па трох крымінальных артыкулах: «атрыманне хабару» (арт. 430 КК), «распальванне варажнечы» (арт. 130 КК), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426 КК).

Як пішуць дзяржаўныя СМІ, суддзя прызнала фігуранта вінаватым у атрыманні хабару, учыненым у буйным памеры, перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Сацуку таксама назначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь, або 16 тысяч беларускіх рублёў. Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12 тысяч 384 беларускіх рублёў.

Арыштаваная маёмасць — аўтамабіль, некалькі мабільных тэлефонаў, ноўтбукаў, планшэтны камп'ютар, 11 флэш-назапашвальнікаў, дыктафон, карту памяці — пакінуць пад арыштам у залік забеспячэння выканання прыгавору ў частцы штрафу і спагнання кошту прадмета хабару, дадаюць дзяржСМІ.

Сяргей Сацук — галоўны рэдактар інтэрнэт-партала «Ежедневник» (ej.by), аўтар рэзанансных расследаванняў пра факты карупцыі ў дзяржаўнай сістэме. Яго затрымалі 8 снежня 2021 года, ад таго часу ўтрымліваюць у СІЗА №1 Мінска. Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.


Праблемы з уладамі ў Сяргея Сацука ўзніклі задоўга да арышту. На перакананне ягоных калег, хаатычна нагрувашчаныя крымінальныя справы — толькі шырма, насамрэч падстава для пераследу адна: журналісцкія расследаванні, якія тычыліся маштабнай карупцыі. Перадусім у медыцынскай галіне.

25 сакавіка 2020 года, літаральна за выхадам чарговага выкрывальніцкага артыкула ў «Ежедневнике», па журналіста прыйшлі сілавікі, дома ўчынілі ператрус. Інкрымінавалі «атрыманне хабару». Пашчасціла, што тэктанічныя зрухі спыніць ужо было немагчыма, паралельна набірала абароты «справа ўрачоў» — факты, выкладзеныя раней «Ежедневником», пацвердзілі праваахоўныя органы. У выніку пракурор змяніў меру стрымання пад падпіску аб невыездзе.

Сяргея Сацука ізноў узялі пад варту 8 снежня 2021 года, фармальна – па старой справе аб «хабары». У той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта ej.by. А ўжо ў няволі «тэчка» фігуранта пачала абрастаць новымі эпізодамі — дадаліся крымінальныя артыкулы аб «распальванні варажнечы» і «перавышэнні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў».

Наступныя 10 месяцаў справа збольшага заставалася ў статычным стане, пакуль сёлета 23 верасня Мінскі гарадскі суд не даў адмашку на імклівую развязку ў гісторыі.