Рэдактару «Ежедневника» Сяргею Сацуку выставілі абвінавачанні яшчэ і па новых артыкулах

Рэдактару «Ежедневника» Сяргею Сацуку, які быў затрыманы 8 снежня мінулага года, прад’явілі абвінавачанні па яшчэ двух артыкулах крымінальнага кодэкса, паведамляе БАЖ.

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук

Спачатку рэдактару «Ежедневника» вінавацілі ў атрыманні хабару. Нядаўна заканчаўся максімальна магчымы гранічны тэрмін утрымання Сяргея пад вартай па гэтым артыкуле. І літаральна некалькі дзён таму Сацук паведаміў у лісце з СІЗА пра новыя абвінавачанні.

Беларускай асацыяцыі журналістаў удалося высветліць праз былога сукамерніка Сяргея, што цяпер рэдактара вінавацяць яшчэ і ў распальванні варажнечы (арт.130 КК) і перавышэнні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў (арт.426 КК). Якіх канкрэтна дзеянняў рэдактара тычацца абвінавачанні, невядома.

Рэдактара «Ежедневника» затрымалі 8 снежня мінулага года па ранейшай справе аб нібыта атрыманні хабару. У той дзень дома ў журналіста прайшоў чарговы ператрус, а самога Сяргея змясцілі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі Сяргея Сацука палітычным вязнем.

«Ежедневник» найбольшую вядомасць здабыў журналісцкімі расследаваннямі, на якіх спецыялізаваўся Сяргей Сацук.

На гэты момант у няволі ў Беларусі знаходзяцца 28 прадстаўнікоў медыя.