Са свабодай інтэрнэту ў Беларусі за год стала яшчэ горш
Міжнародная арганізацыя «Freedom House» апублікавала даклад «Freedom on the Net 2022» пра свабоду інтэрнэту ў розных краінах свету.
У справаздачы «Freedom House» разглядаюцца 70 краін. Кожная атрымала рэйтынг па шкале ад 0 да 100 і была аднесена да адной з трох груп: свабодная (70-100 балаў), часткова свабодная (40-69 балаў) і несвабодная (0-39 балаў). Пункты выстаўляліся паводле трох параметраў: перашкоды для доступу ў сеціва, абмежаванні паводле кантэнту і парушэнне правоў карыстальнікаў, піша devby.io
Сёлета Беларусь набрала ў рэйтынгу 28 балаў і падзяліла 58-е месца з ААЭ, летась было 56 месца і 31 бал, у 2020-м — 46 месца з 65.
Аўтары даследавання адзначаюць, што, хоць беларускія ўлады перасталі, як раней, блакіраваць інтэрнэт, яны не пакідаюць спроб здушыць галасы нязгодных у сеціве. Так, быў перакрыты доступ да незалежных сеткавых выданняў, замежных сайтаў і матэрыялаў, прызнаных «экстрэмісцкімі».
Нягледзячы на тое, што практычна ўсе недзяржаўныя медыя былі вымушаны закрыцца або рэлакавацца, яны працягваюць распаўсюджваць кантэнт праз сацсеткі і праграмы. На фоне палітычнага крызісу ўнутры краіны і вайны ва Украіне, пачасціліся стыхійныя арышты супрацоўнікаў СМІ, блогераў, інтэрнэт-актывістаў і звычайных карыстальнікаў, якім прысуджаюць велізарныя турэмныя тэрміны. Таксама «Freedom House» піша пра рэйды, гвалт і выбіванне прызнанняў сілавікамі, каб спыніць іншадумства. Разам з тым улады рэзка актывізавалі прапаганду і працягваюць маніпуляваць інфапрасторай.
Самае драматычнае падзенне ў рэйтынгу здзейсніла Расія — мінус 7 пазіцый за год — і прызямлілася на 65 месца. У цэлым у свеце сітуацыя са свабодай інтэрнэту пагоршылася ў 28 краінах, аднак яшчэ ў 26 — палепшылася, і гэта рэкорд.