Беларусь у Індэксе вяршэнства права абагнала Тога і Замбію, але не дацягнулася да Танзаніі
Краіна займае 99-е месца з наяўных 140 у глабальным Індэксе вяршэнства права. Паводле звестак Індэкса гэтага года, агульны паказчык вяршэнства права ў Беларусі знізіўся на 3,2%.
З 14 краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Беларусь займае 11-е месца. Лідарам у рэгіёне з'яўляецца Грузія (49-е месца са 140 краін свету), за ёй ідуць Косава і Паўночная Македонія. Тры краіны з самымі нізкімі паказчыкамі ў рэгіёне — гэта Кіргізская Рэспубліка, Расія і Турцыя (116-е месца ў свеце).
Летась пагаршэнне паказчыкаў прадэманстравалі 8 з 14 краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Шэсць з гэтых краін дэманстравалі зніжэнне паказчыкаў таксама і ў папярэднім годзе.
Краінай з самым высокім рэйтынгам з'яўляецца Данія, за ёй ідуць Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя і Нідэрланды. Краіна з самым нізкім балам — Венесуэла, вышэй яе (знізу ўверх) займаюць месцы Камбоджа, Мазамбік, Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Гаіці.
Беларусь у Індэксе вяршэнства права абагналі такія краіны як Танзанія, Філіпіны, Парагвай, Эквадор, Гамбія. За год наша краіна паусцілася на два пункты. І, верагодна, хутка прапусціць наперад Тога, Замбію, Кенію і Нігерыю.
Пры гэтым адмыслоўцы адзначаюць, што ўзровень вяршэнства права ва ўсім свеце зніжаецца пяты год запар. У большасці краін захоўваюцца аўтарытарныя тэндэнцыі і пэўны ўплыў пандэміі.
Зыходныя дадзеныя праекта World Justice Project па 140 краінах і юрысдыкцыя паказваюць, што захаванне вяршэнства права ў гэтым годзе знізілася ў 61% краін, у тым ліку ў Беларусі.
Ва ўсім свеце 4,4 мільярда чалавек жывуць у краінах, дзе паказчык вяршэнства закона за апошні год знізіўся.
«Мы выходзім з пандэміі, але глабальнае зніжэнне захавання вяршэнства права працягваецца, — сказала Элізабэт Андэрсан, выканаўчы дырэктар World Justice Project (WJP). — У аснове вяршэнства права ляжыць справядлівасць, гэта значыць адказнасць, роўныя правы і доступ да правасуддзя для ўсіх. І менш справядлівы свет непазбежна будзе больш зменлівым».
Тым не менш, зніжэнне з'яўляецца менш маштабным і рэзкім, чым у мінулым годзе, калі праца сістэм правасуддзя была ў значнай меры парушаная каранціннымі мерамі ў сувязі з пандэміяй COVID, а ўрады прынялі на сябе надзвычайныя паўнамоцтвы, якія абмежавалі грамадзянскія свабоды і змянілі дзеянне механізмаў забеспячэння адказнасці.
Індэкс вяршэнства права (WJP Rule of Law Index) — гэта вядучая сусветная крыніца арыгінальных і незалежных даных аб вяршэнстве права. Ён заснаваны на паглыбленых апытаннях больш за 154 тысяч звычайных людзей і 3600 практыкуючых юрыстаў і экспертаў для вымярэння вяршэнства права па васьмі фактарах: абмежаванні паўнамоцтваў дзяржавы, адсутнасць карупцыі, адкрытае кіраванне, асноўныя правы чалавека, правапарадак і бяспека, правапрымяняльная практыка, грамадзянскае судаводства і крымінальнае судаводства.