245-ты дзень вайны. Расія працягвае бамбіць, але сутыкаецца з супрацівам ужо на сваёй тэрыторыі

За мінулыя суткі Расія нанесла пяць ракетных і да 30 авіяцыйных удараў, здзейсніла больш за 100 абстрэлаў Украіны з РСЗА. Апошнія звесткі з украінскіх франтоў.

801ae9826076d57b23efb2a64bdd9dc9_o.jpg

Як паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ 26 кастрычніка, падраздзяленні сіл абароны за мінулыя суткі адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Іванград, Бахмут, Бахмуцкае, Саледар, Курдзюмаўка, Краснагораўка, Новаміхайлаўка, Невельскае і Цярновая.

Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 21 удар па ворагу. Пацверджана паражэнне 17 раёнаў засяроджвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі, двух апорных пунктаў, а таксама двух пазіцыі зенітных ракетных комплексаў праціўніка. Падраздзяленні супрацьпаветранай абароны збілі пяць варожых БПЛА.

Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі ўразілі пункт кіравання, два раёны засяроджвання жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, радыёлакацыйную станцыю і іншыя важныя ваенныя аб'екты акупантаў.

У той жа час вораг абстрэльвае пазіцыі ўкраінскіх войскаў уздоўж лініі судакранання, ажыццяўляе фартыфікацыйнае абсталяванне пазіцый па асобных напрамках і вядзе паветраную разведку.

Варожым ударам падвергліся раёны больш за 40 населеных пунктаў. Сярод іх — горад Днепр і вобласць, Прыкалотнае Харкаўскай вобласці і Вялікая Аляксандраўка Херсонскай вобласці.

Па Дняпры акупанты ўдарылі ракетай. У выніку знішчаны комплекс будынкаў АЗС — аўтазаправачныя калонкі, аўтамыйка, шынамантаж і два аўтамабілі. Адной з ахвяраў расійскага абстрэлу стала цяжарная дзяўчына.

Як адзначылі ў Генштабе, на Валынскім і Палескім кірунках сітуацыя без істотных змен. Рэспубліка Беларусь і надалей падтрымлівае ўзброеную агрэсію РФ супраць Украіны. Захоўваецца пагроза нанясення ракетных удараў і прымянення ўдарных БПЛА па тэрыторыі Украіны.

Тым часам Генштаб УСУ адзначае, што Расія шукае дадатковыя крыніцы папаўнення баявых страт і праводзіць працу з камісаванымі з-за ваенных раненняў. Ім прапануюць прайсці перанавучанне на ўліковыя спецыяльнасці, звязаныя з меншым аб'ёмам фізічнай нагрузкі.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) аналізуе ўвядзенне ваеннага становішча ў акупаваных Расіяй абласцях Украіны і дадатковых мер бяспекі ў прыгранічных абласцях. Там лічаць, што ўлады Расіі выкарыстоўваюць абвяшчэнне ваеннага становішча для палягчэння мабілізацыі.

Акрамя таго, расійскія афіцыйныя асобы ўсё часцей спрабуюць рытарычна звязаць вайну Расіі ва Украіне з рэлігійнымі канцэпцыямі, нібыта даступнымі як хрысціянам, так і мусульманам, верагодна, для таго, каб задаволіць групы рэлігійных меншасцяў у складзе расійскіх узброеных сіл.

Так, памочнік сакратара Савета бяспекі РФ Аляксей Паўлаў узмацніў заявы, зробленыя кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым 25 кастрычніка, аб тым, што мэтай вайны ва Украіне павінна быць «поўная дэсатанізацыя». Па словах Паўлава, украінскае грамадства — гэта «фанатыкі», якія імкнуцца адмовіцца ад каштоўнасцяў, што вызнаюцца Рускай Праваслаўнай Царквой, ісламам і іўдаізмам.

Аналітыкі ISW мяркуюць, што гэтыя заявы могуць адлюстроўваць жаданне адцягнуць іншадумства сярод груп рэлігійных меншасцяў у расійскіх Узброеных сілах.

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі каментуе нядаўні тэракт на чыгуначных шляхах ля Навазыбкава. Па меркаванні ведамства, Расіі будзе складана абараніць чыгуначную сетку, якая выкарыстоўваецца для перакідання войскаў ва Украіну.

Як адзначаецца ў зводцы, 24 кастрычніка губернатар Белгарадскай вобласці Расіі паведаміў, што выбуховая прылада пашкодзіла чыгунку ў раёне вёскі Навазыбкава, прыкладна ў 15 км ад расійска-беларускай мяжы. Лінія з'яўляецца асноўным чыгуначным паведамленнем паміж Расіяй і поўднем Беларусі.

Адказнасць за інцыдэнт узяла на сябе расійская антываенная група «Спыніце вагоны». Гэта, як мінімум, шосты з чэрвеня выпадак дыверсіі супраць інфраструктуры расійскіх жалезных дарог, пра якія заяўляла група. Гэта частка больш шырокай тэндэнцыі нападаў на чыгунку як у Расіі, так і ў Беларусі.

Паводле звестак брытанскай выведкі, расійскія ўзброеныя сілы ў асноўным выкарыстоўваюць чыгуначны транспарт для перакідання войскаў ва Украіну, але з сеткай даўжынёй больш за 33 тысячы кіламетраў, якая пераважна перасякае ізаляваныя раёны, сістэму надзвычай складана абараніць ад фізічных пагроз.

Расійскае кіраўніцтва будзе ўсё больш занепакоенае тым, што нават невялікая група грамадзян, што выступае супраць вайны, можа працягнуць дыверсіі, лічаць у Мінабароны Брытаніі.

Паводле ВВС, РБК-Украіна, Карэспандэнт.