Балюча глядзець: заробкі ў Беларусі не могуць дагнаць Польшчу, Чэхію, краіны Балтыі

Ужо шмат гадоў у Беларусі практыкуюцца абрады прызыву прывіду дабрабыту, які прыходзіць у выглядзе бясконцага паўтарэння думкі аб перспектыве заробку «па пяцьсот». Паўтысячы вабяць, дражняць, то набліжаючыся, то адыходзячы.

bomzh1.jpeg


Тое, што адбываецца стала настолькі звыклым, што мы забываем: дасягненні айчыннай эканомікі можна ацаніць інакш, параўнаўшы, напрыклад, з заробкамі ў суседніх краінах. Тэлеграм-канал «Нашы Грошы» прапануе паглядзець на сумную для беларусаў статыстыку.

Спачатку давайце ўспомнім, што «па пяцьсот» не заўсёды былі галоўным арыенцірам. Быў перыяд, калі ўрад разважаў пра тое, што сярэдні заробак павінен вырасці да тысячы долараў у эквіваленце, а яшчэ была мэта дасягнуць парога аплаты «як у Чэхіі» або «як у Польшчы». Напрыклад, 23 верасня 2004 года Лукашэнка заяўляў: «Да канца года сярэдні заробак будзе 195 долараў. У 2005 годзе мы павінны атрымаць 250. Да 2010 года — 750 долараў. Мы будзем ісці да гэтага. І вы дарэмна смеяцеся».

Наступіў 2010-ты, 6 снежня Лукашэнка працягнуў марыць: «Да 2015 года мы павінны наблізіць памеры заробку да 1000 долараў у эквіваленце».

Але пра ўсё гэта паспяхова і цалкам свядома забылі.

Калі вы паглядзіце на складзены графік, то ўбачыце, як суадносілася сярэдняя заработная плата ў Беларусі да аплаты працы ў шэрагу краін Еўрапейскага Саюза за апошнія два дзесяцігоддзі. Мы выбралі не толькі мяжуючыя з намі Літву, Латвію і Польшчу, але і Эстонію, а таксама Чэхію, стартавыя эканамічныя ўмовы якой пасля развалу СССР часта параўноўваюць з тымі, што былі ў Беларусі.

photo_2022_10_26_11_31_03.jpg


У першую чаргу становіцца зразумела, што мы нават і блізка нікога з гэтых краін не дагналі. Больш за тое, за ўвесь гэты час разрыў у аплаце працы не проста заставаўся ранейшым (у сярэднім — 40-50%), але і станавіўся ўсё больш. Так, напрыклад, у 2004 годзе сярэдняя зарплата ў Беларусі складала 57% ад латвійскай, а ў 2021-м — толькі 44%. За гэтыя ж гады ў параўнанні з Літвой было 47%, а стала — 42%. З «дасягненняў» — скарачэнне разрыву з Чэхіяй (быў 27%, стала 36%) і Польшчай (было 31%, стала 47%).

А яшчэ мы бачым, што быў лакальны пік у 2007 годзе, калі суадносіны з Латвіяй падняліся да 75%, а Літвой — да 71%, і ў 2013-м (тады суадносіны склалі 77% з Латвіяй і 74% з Літвой). Але важна разумець прычыны гэтых узлётаў і зруйнавальных падзенняў, якія рушылі за імі.

Так, 2007 год стаў апошнім, калі Беларусь дабрадзенствавала на энергетычным допінгу Расіі. Пасля здарыўся сусветны крызіс, і адначасова з гэтым расійскія ўлады вырашылі, што час цэны на энерганосьбіты для нашай краіны павысіць. У 2013-2014 гадах фінансавая палітыка Беларусі адзначылася вар'яцкай напампоўкай эканомікі грашыма. Да чаго гэта ў хуткім часе прывяло, мы вельмі добра бачым (а назапашаныя тады запазычанні будзем яшчэ доўга выплачваць).

З 2016-га года сітуацыя ўжо практычна не змянялася. Прычына таму — новае кіраўніцтва Нацбанка, якое пачало весці адносна ўзважаную фінансавую палітыку. Але накіравана яна не на рост, а толькі на ўтрыманне таго, што маем цяпер. І так — апошнія 8 гадоў.

Да якой высновы можна прыйсці, гледзячы на лічбы?

Яна простая: выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Добрыя заробкі ў беларусаў будуць толькі тады, калі яны захочуць памяняць непрацуючую дзесяцігоддзямі сістэму. У добрым заробку беларусаў не зацікаўлены цяперашні ўрад — грамадзяне, якія знаходзяцца ў перманентным стане выжывання, залежаць ад крэдытаў і льгот і бачаць у дзяржаве «дабрадзея».

Не зацікаўлена ў імклівым развіцці Беларусі і Расія, бо гэта можа стаць дрэнным прыкладам для параўнання. І нават еўрапейскія партнёры, якія гатовыя падтрымліваць рэформы ў краіне, не стануць завіхацца, імкнучыся наблізіць узровень жыцця ў Беларусі да чэшскага або польскага. Бо да таго часу, пакуль ёсць істотная розніца, самы каштоўны рэсурс — высокаадукаваныя і таленавітыя людзі — будзе перацякаць у Еўрасаюз.