Дзяржава помсціць людзям за тое, што здарылася ў 2020-м
«Ці змогуць беларусы бяспечна вярнуцца ў Беларусь?» — менавіта так гучала тэма прэс-канферэнцыі спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Даклад быў прэзентаваны ўчора, 26 кастрычніка, на Генеральнай асамблеі ААН.
Мандат спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі з’явіўся ў 2012 годзе. Але ўжо
4 гады спадарыня Анаіс Марэн не можа прыехаць у Беларусь. Беларускія ўлады не
даюць ёй дазволу. Але тым не менш яна працягвае сваю працу.
У гэтым дакладзе Анаіс Марэн акцэнтавала ўвагу на становішчы беларускіх грамадзян, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну і не маюць магчымасцей для бяспечнага вяртання з-за парушэнняў правоў чалавека. Іх выгнанне наўпрост звязана з палітыкай беларускіх улад.
Паслядоўны характар парушэнняў правоў чалавека сведчыць аб тым, што дзяржава праводзіць у жыццё спецыяльную стратэгію, накіраваную на выкараненне любога іншадумства і спыненне любых выклікаў цяперашняму кіраўніцтву краіны і дзяржаўнаму кіраванню. Спецыяльны дакладчык вынесла ў адрас урада Беларусі і міжнароднай супольнасці рэкамендацыі адносна пошуку доўгатэрміновых рашэнняў, якія мусяць забяспечыць выкананне міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека ў дачыненні да беларускіх грамадзян, што былі вымушаны пакінуць сваю краіну.
У гэтым дакладзе спецыяльны дакладчык распавядае аб практыцы, якая змушае многіх беларусаў пакінуць сваю краіну: ператрусы ў прыватных дамах і офісах, адвольныя затрыманні, крымінальны пераслед па палітычных матывах, грубыя парушэнні правоў на належную прававую працэдуру і справядлівае судовае разбіральніцтва, пагроза прымянення сілы або прымусу ў дачыненні да людзей або іх сем'яў, дысцыплінарнае звальненне з працы і выключэнне з прафесійных аб'яднанняў, а таксама псіхалагічны ціск, што стварае ў краіне атмасферу страху. Пачытаць даклад цалкам можна па спасылцы.
На жаль, вызначыць агульную колькасць людзей, што вымушаны былі з’ехаць з Беларусі, не атрымалася. Звязана гэты было перш за ўсё з правіламі розных краін па абнародаванні такой інфармацыі. Спадарыня Марэн была ў тых краінах, дзе цяпер вымушана жывуць беларусы. Гэтая справаздача была складзена галоўным чынам на аснове інфармацыі з першых рук падчас прыкладна 30 сумоўяў, праведзеных асабіста і дыстанцыйна з беларусамі.
Ва ўсіх сведчаннях, якія выслухала Спецыяльны дакладчык, людзі казалі аб тым, які страх яны адчувалі ў Беларусі на працягу месяцаў, дзён ці гадзін да выезду з краіны. Падкрэсліваючы сваё жаданне вярнуцца дадому і часовы характар свайго выгнання, большасць з тых, хто выехаў, працягваюць пакутаваць ад нявызначанасці ў дачыненні да магчымасці свайго вяртання ў Беларусь. Многія працягвалі займацца пытаннямі, якія тычацца іх краіны, і лічылі сябе актыўнымі ўдзельнікамі беларускага грамадства, хоць і здалёк.
У дакладзе адзначаны складаны комплекс прычын, якія вымушаюць беларускіх грамадзян пакідаць сваю краіну, уключаючы сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да асоб, якія выказваюць нязгоду з дзяржаўнай палітыкай ці прытрымліваюцца поглядаў, адрозных ад агульнапрынятых, а таксама агульную атмасферу страху, запалохвання і беспакаранасці.
Спадарыня Марэн лічыць, што беларускія ўлады наўмысна стварылі варожую абстаноўку, у якой нельга абгрунтавана чакаць, што асобы і прафесійныя групы, у адносінах да якіх праяўляецца варожасць, застануцца ў краіне. Спалучэнне законаў, палітыкі і практыкі выкарыстоўваецца як магутны інструмент для прымусу людзей да ад'езду. Паколькі беспакаранасць захоўваецца, а сітуацыя з правамі чалавека працягвае пагаршацца, перспектывы бяспечнага вяртання ў беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, невялікія. Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы пагаршае сітуацыю і перашкаджае прагрэсу.
Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, спадарыня Марэн назвала палітыкай помсты: «Дзяржава помсіць людзям за тое, што здарылася ў 2020-м. Помсціць тым, хто застаўся і ўсё яшчэ не згодны, і тым, хто з’ехаў».
Ці ёсць хоць нейкія рэальныя механізмы ўплыву дадзенага мандата на сітуацыю? На жаль, не. Улады Беларусі працягваюць палітыку неўзаемадзеяння. Але ў рамках спецмандата па дадатковай працы з Беларуссю, які з’явіўся ў сакавіку 2021 года, паўстала магчымасць атрымліваць і збіраць інфармацыю па парушэннях правоў чалавека, фіксаваць і верыфікаваць яе, вызначаць каналы і магчымасці для кампенсацый ахвярам і фарміраваць базу для прыцягнення вінаватых да адказнасці. Для чаго, магчыма, будуць створаны спецыяльныя трыбуналы.
Для даведкі:
Спецыяльныя дакладчыкі з'яўляюцца часткай так званых спецыяльных працэдур Рады па правах чалавека. Спецыяльныя працэдуры, найбуйнейшы орган незалежных экспертаў у сістэме ААН па правах чалавека — гэта агульная назва незалежных механізмаў Рады па ўстанаўленні фактаў і маніторынгу, якія разглядаюць сітуацыі ў канкрэтных краінах або тэматычныя пытанні ва ўсіх частках свету. Эксперты спецыяльных працэдур працуюць на грамадскіх пачатках; яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць зарплату за сваю працу. Яны незалежныя ад любога ўрада ці арганізацыі і дзейнічаюць у сваёй індывідуальнай якасці.