Журналіста Алеся Любенчука асудзілі за датычнасць да «экстрэмісцкага фарміравання»
Палітзняволенага журналіста Алеся Любенчука асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі.

Суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Ананіч прызнала журналіста Алеся Любенчука вінаватым па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім». Алесю прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Да 2020 года Алесь Любянчук быў журналістам, некалькі разоў арыштоўваўся за працу на акцыях пратэсту пасля выбараў-2020. БАЖ адзначае, што Алеся затрымлівалі выключна за выкананне прафесійных абавязкаў. Арышт ён адбываў у ізалятары ў Баранавічах.
Алесь Любянчук шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.
26 траўня 2022 года Алеся затрымалі ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна, дзе ён жыў апошнім часам. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Беларуская асацыяцыя журналістаў выказала рашучы пратэст супраць рашэння суда. БАЖ лічыць прысуд Алесю Любенчуку помстай за шматгадовую прафесійную дзейнасць і патрабуе вызвалення яго і іншых прадстаўнікоў медыя, якія знаходзяцца ў несвабодзе з-за палітычнага пераследу.
БАЖ нагадвае, што ў Беларусі за кратамі знаходзяцца 32 журналісты. Больш за 400 журналістаў вымушаны былі пакінуць сваю краіну.