Выдавецтва Змітра Коласа ліквідавалі ў судзе

Эканамічны суд ліквідаваў адно з найстарэйшых прыватных выдавецтваў — "Зміцер Колас". Але на рашэнне суда будзе пададзеная апеляцыя.

kolas_0.jpg

Позву Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш дасведчаных беларускіх выдаўцоў Змітра Коласа, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ за савецкім часам, судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня. У сваёй заяве кантрольнае ведамства патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасведчанне аб рэгістрацыі. Напярэдадні, 10 траўня, такая просьба была задаволеная, паведамляе Беларуская ас*цыяцыя журналістаў.

Як вынікала з анонса працэсу, у сваёй позве Міністэрства інфармацыі настойвала на «прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб'екта гаспадарання» ў асобе індывідуальнага прапрымальніка Змітра Коласа.

Пры гэтым у матывіровачнай частцы адсутнічалі ўцямныя тлумачэнні, на чым грунтуецца незадаволенасць выдаўцом-прыватнікам з боку дзяржавы.

Бо, нават сыходзячы з аб’ектыўных рэалій, відавочна: дзякуючы Змітру Коласу кніжны рынак Беларусі ўжо больш за тры дзясяткі гадоў напаўняецца лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову.  

Гэтыя ды іншыя аргументы адказнік выклаў падчас спрэчак, хоць і прызнаецца: адпачатку не надта спадзяваўся, што яны будуць прынятыя пад увагу. Тым не менш лічыў сябе абавязаным іх агучыць.

Аднак прызначаны на працэс суддзя Аляксей Русецкі не стаў пярэчыць заяўніку ў асобе Мінінфарма і пазоў задаволіў. Такім чынам, пасля амаль 35 гадоў у выдавецкай сферы Зміцер Колас вымушаны згарнуць дзейнасць. Праўда, ёсць яшчэ час, каб падаць апеляцыю і тым самым адтэрмінаваць уступленне прысуда ў сілу — засталіся ўзятыя раней абавязкі на выпуск шэрагу кніг.

У працэсе судовага разбору высветлілася, што фармальнай падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «“Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў». У выходных дадзеных выдаўцом пазначаны Зміцер Колас, на якога заднім чыслом «павесілі» парушэнне забароны на распаўсюд.  

Сёлета 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў апублікаваныя дакументы «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — нягледзячы на тое, што практычна ўсе яны паходзяць з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобласці.

Парадокс яшчэ і ў тым, што менавіта Міністэрства інфармацыі фармуе «экстрэмісцкія» спісы і, як цяпер становіцца зразумелым, на падставе атрыманых звестак са сваёй жа «базы дадзеных» ініцыюе судовыя слуханні дзеля нейтралізацыі «экстрэмістаў».

Гэта ўжо не першае выпрабаванне для Змітра Коласа за апошні час. На пачатку сакавіка яго затрымалі разам з друкаром Алегам Сычовым і наступныя 10 дзён пратрымалі ў СІЗА Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У выніку выдаўца вызвалілі без прад’яўлення абвінавачанняў, друкара пакінулі за кратамі.  

Практычна адразу Зміцер Колас паўдзельнічаў у Мінскім міжнародным кніжным кірмашы, збіраючы вакол свайго стэнда шматлікіх прыхільнікаў перакладной, спецыяльнай, дзіцячай літаратуры. Ніякіх прэтэнзій на ягоны адрас арганізатары не закідвалі, але неўзабаве выдавец апынуўся ў судзе.


Зміцер Колас паходзіць з вядомай сям’і сталічнай інтэлігенцыі. Бацька Георгій Данілавіч — літаратар і тэатральны крытык, старэйшы брат Уладзімір — педагог, рэжысёр-кінадакументаліст.

Пасля заканчэння перакладчыцкага факультэта Інстытута замежных моў працаваў паводле кантракту ў Алжыры і Сірыі, па вяртанні вёў спецыяльны курс у сваёй альма-матэр.

Ад канца 1980-х засяродзіўся на выдавецкай справе — агулам у гэтым бізнесе блізу 35 гадоў. Першы практычны досвед атрымаў у структуры Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра, калі яшчэ не існавала абавязковага ліцэнзавання, а было дастаткова пісьмовага дазволу міністра культуры і друку.

На пачатку нулявых зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і стаў незалежным выдаўцом. У 2014-м яшчэ раз памяняў статус, калі Міністэрства інфармацыі замяніла ліцэнзаванне на дзяржаўную рэгістрацыю з выдачай адпаведнага пасведчання.

Прыватнае выдавецтва Змітра Коласа вядомае кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры ў найлепшых беларускіх перакладах. Шырокае прызнанне чытацкай аўдыторыі атрымала тэматычная серыя «Паэты планеты» — напрыканцы лютага ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася імпрэза з нагоды юбілейнага, 100-га выпуску.