Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі

Дырэктара symbal.by і арганізатара 100‑годдзя БНР абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. Мінскі гарадскі суд сёння вынес яму прысуд — 13 гадоў зняволення.

pavel_belavus_1.jpg


Судовы працэс пачаўся 20 лютага і праходзіў у закрытым рэжыме. Працэс вяла суддзя Жана Брысіна.

Па версіі абвінавачання, Белавус «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, скіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

«Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы», — распавядалі ў СК.

«Людзі Лукашэнкі» ў пагонах не змаглі патлумачыць, чаму яны 10 гадоў давалі працаваць, як яны кажуць, «здрадніку Радзімы» і маўкліва назіралі за яго дзейнасцю. У тым ліку нябожчык Макей неаднаразова прымаў удзел у мерапрыемствах, што ладзіў Павел Белавус.

У СК заявілі, што Павел Белавус падпісаў не менш як 12 дамоў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі і «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да радзімы».


35-гадоваму Паўлу Белавусу было прад'яўлена абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»);
  • ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
  • ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);
  • ч. 1 арт. 361-1 («Кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем»).

Нагадаем, заснавальніка Symbal.by і культурнага менеджара Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года пасля выкліку ў міліцыю. Яго тройчы судзілі па «адміністратыўцы», а пазней перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе. Ён прызнаны палітвязнем.

Таксама Паўла абвінавачвалі ў «кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем» — «Б*ларускай Радай культуры», якой быў нададзены гэты статус, калі палітвязень ужо сем месяцаў як утрымліваўся пад вартай.