«Нічога не бессэнсоўна» — Дзмітрый Лаеўскі пра прысуд адвакатцы Анастасіі Лазарэнка
Адвакат Дзмітрый Лаеўскі ў сваім тэлеграме выказаўся наконт прысуду адвакатцы Анастасіі Лазарэнка, якую прызналі вінаватай у «зліве даных сілавікоў і суддзяў у ЧКБ» і ўдзеле ў пратэставых маршах. Сёння Анастасію Лазарэнка асудзілі да 6 гадоў калоніі. Прысуд агучыла суддзя Святлана Чарапанава.
«Хацелася б падзяліцца добрымі навінамі. Але з пазітыўным сітуацыя напружаная. І сёння іх няма.
Сёння зноў абвешчаны прысуд калезе: 6 гадоў пазбаўлення волі. Гэтым разам — Анастасія Лазарэнка.
Мы так шмат ужо бачылі несправядлівасці, што, здаецца, няма эмоцый (хоць гэта няпраўда).
Яна не прызнала віну і аспрэчвала абвінавачанне. І не важна, ці быў шанец, што прыслухаюцца, ці не было.
Я ўражаны, з якой годнасцю, адвагай і ўсмешкай яна трымалася. Гэта выклікае павагу.
Цяпер цяжка знайсці пункты апоры.
Але насамрэч людзі, якія не страчваюць веры і адстойваюць сваё меркаванне, — гэта і ёсць пункты апоры.
І мы, якія прыйшлі падтрымаць, стаялі ў зале і слухалі пра неймаверны тэрмін, глядзелі на яе ўсмешку. І гэтая ўсмешка — сапраўдная, проста забараняе падаць духам.
Нічога не бессэнсоўна. І ніколі не позна, калі гаворка ідзе пра адстойванне права і свабоды.
Мне падалося важным пра гэта сказаць».
Анастасію Лазарэнка асудзілі
Сёння, 11 траўня, у Мінскім гарадскім судзе палітзняволеную адвакатку асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.
Палітзняволеную прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за «зліў даных сілавікоў і суддзяў у ЧКБ», а таксама за ўдзел у «Маршы за свабоду» ў жніўні 2020-га. На волі ў яе засталіся пажылы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона.
Адвакатку затрымалі 2 чэрвеня 2022 года — праз два дні пасля яе 40-годдзя. Сілавікі прыехалі да Анастасіі з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, яны залезлі ў вокны і выламалі дзверы.
Жанчыну абвінавацілі паводле ч.6 арт. 16 і ч.3 арт. 130 КК («Саўдзел у распальванні іншай сацыяльнай варожасці»), ч.3 арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці») і ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Справу Анастасіі пачалі разглядаць яшчэ 2 траўня, але працэс амаль адразу зрабілі закрытым. Судовы працэс вяла суддзя Святлана Чарапанава, дзяржабвінавачанне падтрымлівала пракурорка Аляксандра Раманенка.
Палітзняволеную абмежавалі ў праве на абарону — аднаго з яе адвакатаў выклікалі на суд у якасці сведкі, таму абараняць ён Анастасію больш не мог. Па інфармацыі праваабаронцаў, здарылася гэта незадоўга да сканчэння следчых дзеянняў.
Паводле матэрыялаў справы, Лазарэнка «натхнілася заклікамі ад стваральнікаў і адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі», паверыла ў сваю ўсёдазволенасць, беспакаранасць і ананімнасць па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці і прыняла рашэнне аб дапамаганні арганізаванай групе «ЧКБ».
Працуючы адвакаткай, Анастасія нібыта «кантактавала з прадстаўнікамі «ЧКБ» і перадала ім інфармацыю пра двух супрацоўнікаў міліцыі». Акрамя гэтага, палітзняволенай ставіўся ў віну ўдзел у «Маршы за свабоду» ў Мінску 16 жніўня 2020 года.
Сваю віну Лазарэнка на судзе не прызнала.
Па справе праходзілі двое пацярпелых, чые даныя Анастасія нібыта перадала ў «ЧКБ». Але адзін з іх на суд не прыйшоў.
На пасяджэнні 5 траўня Анастасія эмацыйна выступіла з апошнім словам.
Суддзя Святлана Чарапанава 11 траўня пастанавіла прызнаць Анастасію вінаватай і прызначыць ёй шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымаць Анастасію можна грашовымі пераводамі, пасылкамі, медыцынскімі бандэролькамі, лістамі і тэлеграмамі на адрас: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2. Лазарэнка Анастасія Уладзіміраўна