«Па самых сціплых падліках, у краіне не хапае кожнага пятага медработніка»
На Гомельшчыне наспеў катастрафічны дэфіцыт медыкаў. Дайшло да таго, што мясцовай моладзі прапаноўваюць навучацца бясплатна і паступаць у медкаледж без экзаменаў, — і адразу працаўладкоўваюць.
«Прачынацца і ісці на працу раніцай ужо страшна, ногі не ідуць, — на эмоцыях распавёў «Штодню» медык адной з паліклінік Гомеля. Яго імя з меркаванняў бяспекі не апублічваецца. — Многія кабінеты проста зачыненыя — у іх няма каму працаваць. Людзі павальна звальняюцца. Адныя пагаджаюцца на любую іншую працу. Хтосьці, у каго матэрыяльны стан дазваляе, аддае перавагу, нарэшце, застацца дома з дзецьмі, а не здзекавацца з сябе на такой працы. Многія мае калегі, і я ў тым ліку, працуюць па сумяшчальніцтве — разрываюцца на некалькі пасад, калі адукацыя дазваляе. Большасць «вашуе» на некалькіх стаўках. І калі раней людзей трымала тое, што яны хаця б маглі зарабіць (так, у асноўным, было падчас кавіду), то зараз ужо і гэта не трымае. Да нас ставяцца як да рабоў. У свой адрас ад кіраўніцтва чуем пагрозы, загады і адкрытае хамства».
«Штодзень» вырашыў разабрацца, ці сапраўды абстаноўка з медыкамі на Гомельшчыне настолькі крытычная, і ўжо ад самага пачатку «міні-расследавання» журналісты зразумелі, што ў словах медыка сапраўды шмат рацыі.
Аказваецца, з-за вострага недахопу медыкаў у рэгіёне паліклінікі Гомеля пачалі выдаваць абітурыентам мэтавыя накіраванні для паступлення ў медкаледжы рэгіёна. Прадстаўнікі медычных устаноў абыходзяць школы і гімназіі горада і агітуюць вучняў старэйшых класаў атрымліваць медыцынскую прафесію па дамове.
На навучанне накіроўваюць у паліклініку
Як нам удалося высветліць, у гімназію №58 імя Ф. Гааза з гэтай мэтай ужо прыходзілі супрацоўнікі 14-й паліклінікі і рэкламавалі сваю медустанову. У прыватнасці, распавядалі, што ў паліклініцы вельмі сучаснае абсталяванне, а прыём у ім вядуць высокакваліфікаваныя спецыялісты па больш чым 50 напрамках.
Падчас так званай прафарыентацыі намеснік галоўнага ўрача паліклінікі Таццяна Гусарэвіч распавядала выпускнікам 9 класа пра тое, што медустанова гатова выдаць мэтавыя накіраванні на навучанне сястрынскай або лячэбнай справе ў каледжы і навучыць па спецыяльнасці «медсястра» або «медбрат». Выпускнікам 11-га класа прапануюць паступаць на лячэбную справу з прысваеннем кваліфікацыі «памочнік урача», «фельчар-акушэр».
Тэрмін навучання ў абодвух выпадках — 2 гады і 10 месяцаў. Калі пайсці ў Мазырскі медкаледж, то там можна павучыцца і на фельчараў-лабарантаў. Каб атрымаць мэтавае накіраванне, школьнікам разам з іх афіцыйнымі прадстаўнікамі (бацькамі — рэд.) прапануюць звяртацца наўпрост у аддзел кадраў паліклінікі.
Дарэчы, колькасць месцаў паводле мэтавага накіравання ў Гомельскі медкаледж большая, чым без яго. На 34 бясплатныя месцы па спецыяльнасці «Сястрынская справа» прыходзіцца 20 месцаў паводле мэтавага накіравання.
У медыкі бяруць усіх, хто прыйдзе
«Штодзень» уважліва пачытаў умовы, па якіх цяпер набіраюць «мэтавікоў». І аказалася, што тыя самыя мэтавыя напрамкі даюць абсалютна ўсім, хто звярнуўся (проста ўявіце сабе, што праз два гады вас будзе лячыць чалавек, якому проста не хацелася здаваць іспыты ў іншыя навучальныя, таму ён пайшоў у медыкі — рэд.). А пасля гутаркі заключаюць трохбаковы дагавор паміж абітурыентам, паліклінікай і каледжам
Ніякіх уступных экзаменаў здаваць не трэба — залічаць проста па выніках конкурсу атэстатаў.
За адукацыю плаціць таксама не трэба. Будуць даваць нават стыпендыю, але пасля заканчэння адпрацаваць у паліклініцы прыйдзецца не менш за тры гады. Пры гэтым мэтавыя накіраванні даюць толькі ў каледжы, у медыцынскія ВНУ — не.
Лекары, якія прайшлі падрыхтоўку ў ардынатуры на дзённай форме за кошт бюджэту, падлягаюць абавязковаму размеркаванню. Цяпер тэрмін адпрацоўкі для іх роўны двум гадам. Пасля прыняцця новага закона ён будзе павялічаны і складзе «не менш за пяць гадоў». Нават для завочнікаў, якія пакуль што адпрацоўваць не абавязаныя. А калі хтосьці захоча звольніцца і з’ехаць з краіны — такое рашэнне абыдзецца для яго нерэальна вялікімі матэрыяльнымі выдаткамі.
Праблема з недахопам медыкаў увесь час пагаршаецца
Каб больш дакладна ацаніць маштабы праблемы з недахопамі медспецыялістаў менавіта на Гомельшчыне, «Штодзень» уважліва вывучыў сайт Рэспубліканскай базы вакансій. Мяркуючы па ім, толькі афіцыйна (як правіла, у гэтай базе з’яўляюцца не ўсе вакансіі) у Гомельскай вобласці цяпер свабодна ажно 773 вакансіі на пасаду «лекар».
У самім Гомелі налічваецца 162 аналагічныя вакансіі. Заработны «відэлец», шчыра кажучы, уражвае сваёй сціпласцю. Прапануюць ад 1000 (напрыклад, лекару-гігіеністу) да 2500 рублёў (у такую суму ацэньваюць працу хірурга). Што тычыцца медсясцёр, то ва ўсёй Гомельскай вобласці мы знайшлі 372 такія вакансіі. І чамусьці сістэма выдае, што ўсе гэтыя вакансіі ў Гомелі.
Усяго ж па краіне шукаюць 6660 лекараў і 4005 медсясцёр.
Але мы не спыніліся і на гэтым. Для пачатку знайшлі агульную колькасць лекараў у Беларусі. Згодна з паведамленнем Міністэрства аховы здароўя, у 2020-м у сістэме аховы здароўя Беларусі працавалі 48 635 медыкаў. Больш свежых даных знайсці не ўдалося. І нават калі ўявіць, што патрэба ў медыках засталася прыкладна такой жа (хоць іх масавы адток і недахоп назіраўся ўжо тады), то атрымліваецца, што тыя самыя 6600 лекараў, якіх сёння не стае ў Беларусі (мы нагадаем, што гэта самыя сціплыя падлікі — рэд.) — 14% ад усіх медыкаў краіны. Калі палічыць разам з медсёстрамі — то гэта ўжо 21%.
Некалькі разоў улады спрабавалі аспрэчваць масавую ўцечку кваліфікаваных медыцынскіх кадраў і нават заяўлялі, што падобная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Але потым прыдумалі афіцыйныя версіі. І паводле адной з іх (яна самая папулярная — рэд.), патрэба ў медычных кадрах вырасла ў сувязі «з актыўным развіццём і ўкараненнем высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах, адкрыццём новых аб’ектаў аховы здароўя і стварэннем міжраённых цэнтраў спецыялізаванай меддапамогі».