Экс-палітвязень Ігар Банцэр трапіў у псіхіятрычную лякарню ў Варшаве
Ігар Банцар заявіў, што пасля выпіскі з псіхіятрычнай бальніцы ён збіраецца звярнуцца з гэтай нагоды ў суд.

Ігар Банцэр у бальніцы. Красавік 2023 года. Фота з сацсетак
Былы палітвязень музыка Ігар Банцэр выклаў у Facebook фота з геалакацыяй у псіхіятрычным шпіталі Варшавы.
«Нарэшце я знаходжуся ў месцы, дзе атрымаю 100% прафесійную дапамогу і клопат», — падпісаў Ігар Банцэр здымак, адзначае “Люстэрка”.
«Гэта было не маё рашэнне: копы ў цэнтры горада, нападаюць, адзяваюць кайданкі <...>. Кайданкі, два паліцыянты ў машыне хуткай дапамогі, — напісаў Банцар у каментарах. — Копы змясцілі мяне ў псіхіятрычную лякарню праз „небяспечныя паводзіны пад уздзеяннем наркотыкаў“».

Адзін з прыяцеляў палітвязня распавёў пра прычыну змяшчэння ў бальніцу.
«Банцэр быў у офісе для людзей з інваліднасцю, каб дапамагчы аднаму са сваіх сяброў (палітычнаму ўцекачу з Беларусі) вырашыць некаторыя дзелавыя пытанні. Але з-за гучнага голасу Банцэра, злоснага погляду, татуіровак (і нават з-за таго, што яго пазногці выфарбаваныя ў чорны колер) была выкліканая паліцыя. Банцэра абвінавацілі ў агрэсіўных, вульгарных і небяспечных паводзінах. У паліцэйскіх актах напісана, што ён кідаў крэслы ўнутры офіса», — патлумачыў карыстальнік.
Пасля выпіскі Банцэра з псіхіятрычнай бальніцы, што павінна адбыцца праз 7-10 дзён, ён збіраецца звярнуцца з гэтай нагоды ў суд.
«І гэта будзе адна з найбуйнейшых спраў у найноўшай гісторыі Польшчы», — лічыць Ігар Банцар.

Нагадаем, Ігар Банцэр — палітвязень і музыка, вакаліст гурта Mister X. У верасні 2020 года Ігар станцаваў без нагавіц перад міліцэйскай машынай. За гэта яго асудзілі на 1,5 года «хіміі». У СІЗА ён 16 дзён трымаў «сухую» галадоўку.
17 снежня 2021 года Ігар Банцар выйшаў на волю і заявіў, што нікуды з’язджаць са сваёй краіны не збіраецца. У жніўні 2022-га музыку зноў арыштавалі на 45 сутак па адміністрацыйным артыкуле. Пасля гэтага былы палітвязень вырашыў усё ж з’ехаць з краіны.
