Ігар Банцэр: Салідарнасць — наша зброя
Былы палітвязень і музыка Ігар Банцэр паступова ўладкоўвае сваё жыццё ў Гродна, дзе жыве яго жонка і дзеці.
Пра тое, што з ім адбываецца, Ігар расказаў карэспандэнту «Радыё Рацыя» Сяргею Апановічу.
— Распавядзіце Ігар, чым зараз займаецеся, пасля таго як вярнуліся дадому і якія планы?
— У дадзены момант я бегаю па розных інстытуцыях раблю паперы і закрываю ўсе хвасты з рок-клубам, які быў зачынены рашэннем Гродзенскага гарвыканкама, безумоўна, гэта палітычнае рашэнне. Вось зараз хачу закрыць пытанне, каб хаця б у гэтым пытанні не быць вінным дзяржаве. Таксама быў заплаціў дзве базавыя за тое, каб у наступным годзе быць зарэгістраваным рамеснікам, таму што не ведаю, чым буду займацца, ці знайду працу, але 28 снежня апошні дзень, калі можна было заплаціць. Каб можа быць атрымаецца нейкую капейку зарабіць. Таму спрабую ўваходзіць у нармальнае жыццё, наладжваць неяк рытм, калі гэта можна назваць нармальным жыццём у нашай рэчаіснасці.
Крытычна не паспяваю, шмат неадказаных лістоў яшчэ з СІЗА, з хіміі. Шмат спраў, каторыя былі адкладзеныя да маёй паездкі на хімію, да маёй пасадкі, да майго прысуду, таму крытычна не паспяваю і задаю сабе пытанне, чаму ў сутках 28 гадзін, а не 32.
— Як плануеце адказваць на лісты, ужо пасля Новага года?
— Безумоўна, яшчэ да канца года я зайду на пошту і ўсе лісты адпраўлю. Гэта вельмі важна для мяне, каб людзі бачылі, што іхняе заангажаванне не праходзіць дарэмна, і калі ты пішаш, дзяўбеш, дзяўбеш, дзяўбеш гэтую сістэму, зноў я падкрэсліваю, абсалютна мірнымі, легальнымі сродкамі, гэта дае эфект. Таму толькі на гэта я разлічваю і салідарнасць — гэта наша адзіная зброя. Усіх заклікаю пісаць лісты палітвязням, нават калі не атрымліваеш адказаў.
— Скажыце, як сям’я ваша адчувае сябе, як маці?
— Магу сказаць, што ўсё вельмі цяжка, усё вельмі складана. Нервовасць адчуваецца, дзеці чуюць гэтыя размовы, глядзяць з недаверам, ці бацька застанецца з імі надоўга ці яго зноў арыштуюць. Жонка гэта таксама разумее і стварае такую атмасферу саспенсу, як Хічкок казаў. З бацькамі ўжо здолеў пасварыцца, нават з маёй любімай маці, таму што яны не хочуць, каб мяне зноў арыштоўвалі і саджалі, а я кажу, што я магу зрабіць у гэтай дзяржаве. Яны кажуць: “З’язджай у эміграцыю”. — я кажу: “Не паеду, буду тут”.
Нервовасць ёсць, таму гэта будуць сумныя святы. Я рады чыста па-чалавечы, што я з роднымі, з сям’ёй, з дзецьмі, але як грамадзянін, мне сумна з таго, што адбываецца наўкола. Тым не менш, я заклікаю ўсіх не губляць аптымізму і заставацца на яскравым баку жыцця. Гэта пройдзе — і пасля навальніцы, і пасля самай змрочнай чорнай ночы прыйдзе ранак, будзе сонейка, пасля самай вялікай навальніцы, вялікага дажджу будзе вясёлка, таму заставайцеся на яскравым баку жыцця, як бы цяжка гэта не было.
Ігар Банцэр адсядзеў поўны тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу №9 у Віцебску. Падчас суду над ім у Гродна трымаў 16 дзён сухую галадоўку і быў па выніку асуджаны да 1,5 года за перформанс перад міліцыянтамі.