Эдуарду Бабарыку афіцыйна выставілі новыя абвінавачанні
Паводле інфармацыі штаба Віктара Бабарыкі, Эдуарда абвінавачваюць у распальванні варожасці і арганізацыі масавых беспарадкаў.

Статус палітвязня ў крымінальнай справе, звязанай з меркаваным ухіленнем ад выплаты падаткаў, застаецца невядомым.
У чым абвінавачваецца Эдуард Бабарыка:
- артыкул 130 частка 3 Крымінальнага кодэкса Беларусі: распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці (да 12 гадоў пазбаўлення волі);
- артыкул 293 частка 1 Крымінальнага кодэкса Беларусі: арганізацыя масавых беспарадкаў (да 15 гадоў пазбаўлення волі).
У сувязі з тым, што арганізацыя масавых беспарадкаў з'яўляецца асабліва цяжкім складам, у выпадку прад'яўлення абвінавачання па сукупнасці злачынстваў Эдуарду можа пагражаць да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі яго сына Эдуарда Бабарыку затрымалі летась 18 чэрвеня. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, нядаўна яго перавялі ў мінскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
17 снежня прайшло роўна 18 месяцаў з моманту затрымання Эдуарда. Паводле дзейнага заканадаўства, гэта максімальны тэрмін, калі чалавек можа знаходзіцца пад вартай падчас папярэдняга следства. Але малады чалавек на волю так і не выйшаў.
Згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам, працягваць утрыманне пад вартай даўжэй за 18 месяцаў можна, калі папярэдняе расследаванне скончылі, а матэрыялы крымінальнай справы перадалі фігуранту, каб азнаёміцца. Адвакаты Эдуарда Бабарыкі знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаванні і не могуць каментаваць сітуацыю.
Бацьку Эдуарда Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае ён пакаранне ў Наваполацку.
Адрас Эдуарда:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка.