У Расіі дапускаюць аднаўленне смяротнага пакарання
Старшыня Канстытуцыйнага суда РФ Валерый Зоркін дапусціў магчымасць вяртання ў Расіі смяротнай кары. Аднак лічыць такое развіццё падзей малаверагодным.
Як напісаў Зоркін у сваёй новай кнізе «Канстытуцыйнае правасуддзе: працэдура і сэнс», якая апублікавана на сайце суду, увядзенне мараторыя на вышэйшую меру пакарання ў свой час стала саступкай каштоўнасцям, якія расійскай нацыянальнай правасвядомасці неўласцівыя.
Пытанне аб прымяненні вышэйшай меры пакарання не можа быць закрытае, пакуль ёсць наўмысныя забойствы, лічыць Зоркін. Паводле яго слоў, шмат залежыць ад агульнай прававой сітуацыі ў Расіі, ад таго, наколькі далёка краіна зможа рушыць наперад у справе стварэння «трывалага, упэўненага ў сабе правапарадку».
Уведзены ў краіне мараторый на пакаранне смерцю ён назваў «саступкай, адыходам ад патрабаванняў прававога прынцыпу роўнасці». «Вельмі спадзяюся, што зроблены нашай краінай адыход ад права ў бок тых маральных і рэлігійных поглядаў, якія стаяць на пазіцыях прынцыповай адмовы ад пакарання смерцю, пройдзе для Расіі паспяхова», — напісаў кіраўнік КС РФ.
У 2017 годзе кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін заявіў, што адмена дзеючага ў Расіі мараторыя на смяротную кару магла б лічыцца дапушчальнай толькі па выніках рэферэндуму.
У Расіі смяротнае пакаранне заканадаўча не адмененае. З 1996 года, з моманту ўступлення краіны ў Савет Еўропы, у Расіі дзейнічае мараторый на прымяненне вышэйшай меры пакарання. У 2009 годзе Канстытуцыйны суд канчаткова забараніў судам выносіць смяротныя прысуды.
Апошні смяротны прысуд у Расіі быў прыведзены ў выкананне ў 1996 годзе.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая не толькі працягвае выносіць смяротныя прысуды, але і ажыццяўляе іх.