«Яно раскручвае спіраль нянавісці і гвалту». У Беларусі пачаўся «Тыдзень супраць смяротнага пакарання»

З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі ўжо ў дзявяты раз праходзіць адукацыйна-асветніцкі «Тыдзень супраць смяротнага пакарання». Ён ладзіцца з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца ў свеце 10 кастрычніка, кампаніяй «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», распавядае «Вясна».

yikend_2_paluda.jpg

Праваабаронца «Вясны», каардынатар кампаніі Андрэй Палуда распавёў, чаму без сістэмных змен па пытанні адмены смяротнага пакарання ў ім не будзе сур’ёзных зрухаў.

«Сёння мы пачынаем традыцыйны адукацыйна-асветніцкі "Тыдзень супраць смяротнага пакарання". Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія мы прайшлі за апошні час і якія па-ранейшаму застаюцца для нас выклікам (а можа, нават, і ў тым ліку), мы цвёрда стаім на фундаментальных прынцыпах гуманізму і падыходах, заснаваных на правах чалавека.

Гэта ўжо дзявяты год, як мы звяртаем увагу на гэтую праблему. На жаль, яе актуальнасць для Беларусі не змяншаецца, нягледзячы на пэўныя вельмі ўмоўна пазітыўныя рэчы, якія адбываліся ў гэтым годзе ў кантэксце смяротнага пакарання.

Тут я маю на ўвазе і памілаванне братоў Косцевых, і дастаткова актыўнае абмеркаванне змен у Крымінальны кодэкс на пачатку года, якія прадугледжвалі выключэнне такога віду пакарання, як смяротнае. Гэтыя змены, дарэчы, так і не ажыццявіліся. Такое абмеркаванне з самага пачатку выклікала пэўны скепсіс, бо яно адбывалася на фоне вынясення новага смяротнага прысуда Віктару Скрундзіку. А пасля ўсё гэта яшчэ больш было перакрэслена інфармацыяй пра магчымыя расстрэлы Віктара Паўлава і Віктара Скрундзіка, а лёс Віктара Сергеля дагэтуль невядомы.

Але ўсе гэтыя рэчы толькі пацвярджаюць тое, што без сістэмных змен па пытанні адмены смяротнага пакарання сур’ёзных зрухаў у вырашэнні праблемы не будзе і грамадства будзе па-ранейшаму чуць пра новыя смяротная прысуды і новыя расстрэлы.

Варта памятаць, што праблема смяротнага пакарання — гэта праблема не толькі праваабаронцаў ці людзей, якіх датычыцца гэты від пакарання. Наяўнасць смяротнага пакарання вельмі моцна ўплывае на ўсё грамадства, на кожнага з нас. Яно раскручвае спіраль нянавісці і гвалту. Смяротнае пакаранне — гэта элемент сістэмы гвалту. Гвалту, які, як мы бачым зараз, пранізвае ўсе наша грамадства.

Забойства чалавека заўсёды застаецца забойствам, незалежна ад таго, здзейсненае яно па выраку суда ці без яго. Смяротнае пакаранне — гэта зло».

Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага антыгуманнага віду пакарання і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцей.  У 2018 годзе кампанія была ўганараваная Прэміяй праваабарончай супольнасці ў намінацыі «Праваабарончая кампанія года». «Тыдзень супраць смяротнага пакарання» ладзіцца ў межах кампаніі.