Журналіста Генадзя Мажэйку перавялі на «Валадарку»
Палітвязень, журналіст «Комсомольской правды» Генадзь Мажэйка пераведзены з Жодзінскай калоніі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Нагадаем, Генадзь Мажэйка, журналіст «Камсамольскай праўды» ў Беларусі, быў затрыманы 30 верасня. Пад яго подпісам выйшаў матэрыял аб перастрэлцы ў мінскай кватэры з каментаром аднакласніцы загінулага Андрэя Зэльцэра, піша REFORM.by са спасылкай на сайт праваабаронцаў.
Пасля выхаду нататкі доступ да сайта Беларускай «Камсамолкі» kp.by быў абмежаваны. Як патлумачыў Мінінфарм, у артыкуле ўтрымліваліся «звесткі, якія спрыяюць фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі, якія заключаюцца ў штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, паміж грамадствам і дзяржавай». Пасля гэтага «Камсамолка» закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі.
Мажэйку прад'явілі абвінавачванне па двух артыкулах — «Распальванне сацыяльнай варожасці» і «Абраза прадстаўніка ўлады». Нядаўна Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката Елізавету Матвееву, якая абараняла інтарэсы Мажэйкі.