Ігар Банцэр: застаюся ў Беларусі
Мінула амаль 2 месяцы як з віцебскай «хіміі» выйшаў гродзенскі музыка, грамадскі дзеяч і палітвязень Ігар Банцэр. Ігар распавядае «Радыё Рацыя» пра тое, што з ім адбываецца ў Гродна і чым ён займаецца.
— Ігар, як вы пачуваецеся, што новага было праз апошні месяц у Гародні?
— Грамадскім актывістам я сябе назваць не магу, таму што грамадскага актывізму зараз у Гародні няма. Не ведаю, як трэба мяне зараз называць — хіба просты жыхар, толькі так. У Гародні сумна, няма снегу, нейкі дождж. Што надвор’я, што настрою, што маркотныя твары людзей, так што нікому не раю наведваць Гародню. Гэты перыяд гісторыі мы будзем узгадваць як адзіны з самых дэпрэсіўных ў гісторыі нашага гораду. Бо я заўсёды памятаю Гародню як файны, вясёлы горад, дзе нешта адбываецца нон-стоп, 24 гадзіны ў суткі круглы год, але зараз, нажаль не.
— Вось вы кажаце пра сумны горад. Я ведаю, што вы любіце ўсялякія кнігі і літаратуру наогул. З якім творам вы б параўналі горад з вашых улюбёных аўтараў?
— Разважаў з калегам, ён мне там нешта пра дзіўныя творы — пра «сто год самоты», і гэтак далей. Я ўсё ж такі не буду да такіх літаратурных гіпербалаў пасоўвацца. Няма сэнсу параўноўваць гэта з тым, што было напісана калісьці там. Я думаю, што прыйдзе час, і напэўна нехта з сучасных беларускіх аўтараў ці аўтарак асэнсуе той стан, у якім мы зараз усе знаходзімся. Як беларускае грамадства, і канкрэтна Гародня. Таму што я заўсёды кажу: не забывайце, мы жывём у Гародні, і Гародняцэнтрызм — гэта такі, як кажуць „state of my”, і трэба пажыць тут пэўны кавалак часу, каб зразумець, што гэта такое.