Андрэй Мельнікаў: «Беларуская эліта — гэта тыя, хто выйдуць з турмы дзеяздольнымі»

Андрэй Мельнікаў — аўтар і выканаўца аўтарскіх песень, чалавек, дзякуючы якому развівалася беларуская аўтарская песня і з’явіліся фестывалі «Аршанская бітва» і Талькаўскі фэст. Літаратар, журналіст, навеліст — за 56 гадоў жыцця Андрэй паспеў пакінуць след у культуры Беларусі. А яна адбілася ў ім.

964eq8nh5azp0nl3kg8jbp68qkrf5qbh.jpg

«Будзьма!» паразмаўляла з Андрэем аб творчасці, стаўленні да жыцця, гісторыі і аб тым, што дзякуючы падзеям лета 2020 года людзі зноў навучыліся глядзець адно аднаму ў вочы.

— Андрэй, над чым вы цяпер працуеце?

— Апошнім часам я працую над тым, што дарабляю мінулыя праекты. Ёсць намер пашыраць «Сысаў псалтыр» — альбом 2009 года. Ідэя вельмі даўняя, але там запісалася толькі некалькі песень. Ёсць ідэі песень на вершы, напрыклад Купалы. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Галоўнае, над чым я зараз працую — над сваёй кармай.

— Ваш апошні альбом называецца «Па кім б’юць званы», аб чым ён і па кім званы б’юць?

— Гэта быў водгук на падзеі жніўня—верасня 2020 года. Некалькі песень там па-расійску, гэта пра прыход Расіі. На той час для мяне гэта было відавочна. Да нас ехалі людзі, якія глядзелі на Беларусь як на будучае Расіі. Апошняя песня, якую я напісаў — «Цирк», яна пра тое, што вакол нас. І па вялікім рахунку тое, што адбываецца — гэта цырк. Гэта трагікамедыя. У цырку заўсёды ёсць звяры, і звяры небяспечныя. У цырку трагедыя, таму што небяспечныя нумары. Як казаў Ленін: «Пока народ безграмотен, из всех искусств важнейшими для нас являются кино и цирк». Большая частка таго, што адбываецца ў цырку — нематываваныя жыццём нумары. Неабходнасці ў іх няма, але вось так склаўся лёс. «Не спрашивай, по ком звонит колокол, он звонит по тебе». Яны звоняць пра тое, што людзі чуюць. А пахавальны гэта звон ці вясельны — кожны чуе свой. Галоўнае — жаданне чуць.

7sh24x80xqr6xj2i3e7si9k7qwn4vx8o.jpg

— Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца ў Беларусі?

— Ацверажэнне, я думаю. Мой рэдактар Анатоль Тарас у 2018 годзе сфармуляваў так: зараз самае галоўнае — ідэя спажывання. Гэта датычылася не толькі Беларусі, але і ўсяго свету. Гэта ідэя вельмі псавала людзей, яна спрыяла вялізнаму ханжаству і перакосам. Зараз я бачу пэўны плюс у тым, што сустракаючыся са смерцю — а зараз я амаль штодня даведваюся, што памёр нехта са знаёмых, ці каго-небудзь пасадзілі, — людзі, якія жылі падвоенай мараллю, якія спрабавалі сыта і камфортна жыць у цяперашняй Беларусі і адначасова адыгрываць нейкую ролю змагароў і герояў — адыходзяць на другі план. Людзі зараз часцей думаюць пра смерць, а не пра камфорт і дабрабыт. І эпоха дутых персанажаў змяняецца. Мы бачым сапраўдных асобаў, часам яны наіўныя, мабыць у чымсьці неадукаваныя.

Адначасова час спажывецтва быў часам вялікага наіву: людзі з рэальнага жыцця сышлі ў віртуальны свет. А віртуальнасць — гэта свет маніпуляцый яшчэ большы, чым свет, які мы бачым вакол нас. Калі людзі прывыклі больш глядзець нейкія рэйтынгавыя каналы і з гэтага ўяўляць, як жыве свет, яны раптам, калі пачалі выходзіць на вуліцы, калі іх пачалі малаціць і забіраць, пачалі адкрываць для сябе нешта новае. Аказваецца, ёсць нейкае іншае жыццё.

Частка з іх не проста не зламалася, яна раскрылася з новага класнага боку. На жаль, яны страцілі частку здароўя і дабрабыту, вялікая колькасць людзей сядзіць.

На мой погляд, тыя, хто зараз сядзяць — гэта і ёсць беларуская эліта. З іх можна пералічыць даволі шмат людзей, якія ведалі, што іх пасадзяць, і яны на гэта пагадзіліся. Пагадзіліся на гэтыя пакуты, каб заставацца ў Беларусі.

Людзі засвяціліся, людзі пайшлі і далучыліся, каб не дыскрэдытаваць беларускіх нацыяналістаў. Выйшла не нацыянальная Беларусь, выйшла Беларусь наіўная. А нацыянальная далучылася, каб не аказацца ў маргіналах. Цяпер яны і сядзяць.

— Як вы сябе адчуваеце ў дадзеных абставінах?

— Разбіраюся са сваёй кармай. Я бачу, як даволі хутка прыходзяць «ответки» на пэўныя рэчы ў жыцці. Можна радавацца таму, што ў гэтым жыцці. І я бачу, як гэта працуе. Калі мы аказаліся ў натоўпе, усе разам крычым, адным нічога, а іншым адразу за гэта прыходзіць.

— Зараз кажуць, што людзей затрымліваюць даволі рандомна, я зразумела, вы лічыце, што ў гэтым ёсць нейкі механізм?

— Не, не рандомна. Проста чытайце Кнігу Жыцця. Класікі казалі, што ў нас дзве галоўныя кнігі — Біблія і Кніга Жыцця — гэта свет вакол нас. Няма выпадковасцей, ёсць ладны тэкст, часам экстрэмальны, а вынікі прыходзяць заканамерна па заканамерных памылках.

— Ці лічыце вы, што гісторыя проста паўтараецца?

— Адны і тыя ж граблі. Рыгор Барадулін калісьці адзначаў, што пакаленне творцаў цікавіцца толькі сваім пакаленнем творцаў. Яны ўжо трошкі іранізавалі з дзеда Коласа, потым іншае пакаленне пачало іранізаваць над пакаленнем Барадуліна. А ў канцы 1980-х прыйшло новае пакаленне «Тутэйшых», зараз яны ўспрымаюцца дзядамі. Тое ж самае і ў палітыцы. Тыя ж людзі наступаюць на тыя ж самыя граблі і праходзяць тыя ж самыя этапы. Людзі праяўлялі вялікую непавагу да таго, што рабілі да іх — відаць, захацелася прайсці яшчэ раз па таму ж самаму і правесці іншых. А іншыя паверылі. Я бачу гэты свет вакол падзей у Беларусі. Яны безумоўна трагічныя. Такіх не было яшчэ пры маім жыцці, ні пры жыцці тых людзей, якія яшчэ жывыя. Мы такога не памятаем.

lgkrlgkkeqt5k7wde9z3pc9g7vuhawv8.jpg

Ідэалогія можа быць якой заўгодна, а подлае заўсёды застаецца подласцю, смелае застаецца смеласцю і сіла застаецца сілай.

— Што гэтыя падзеі далі беларусам як нацыі?

— Яны далі больш цесныя абдымкі Расіі. Гэта тое, што я бачу. Як пасля паўстання 1863–1864 гадоў, калі была катэгарычна задушана ліцвінская ідэя, і новыя людзі, якія больш шчыльна супрацоўнічалі з расійскімі чыноўнікамі, пачалі рабіць паступова вось гэтую новую Беларусь. Зараз з абдымкаў наўрад ці можна будзе вырвацца, толькі калі ў Расіі не адбудзецца нейкі вялізны пераварот.

У жніўні—верасні 2020 года ў Мінску я часцяком сустракаў людзей, якія кепска арыентаваліся ў беларускіх рэаліях, але спрабавалі кіраваць. Але ля Купалаўскага тэатра тады я такіх не сустрэў. Купалаўцы выйшлі самачынна. Учынак, зроблены Купалаўцамі, сам па сабе той учынак, які павінны рабіць святары. Акцёраў звычайна не ўспрымаюць сур’ёзна, гэта ліцадзеі. І тут яны рэальна робяцца духоўным прыкладам. Яны не захацелі здраджваць дырэктару, адносна нядаўняму і не надта любімаму, але таму, які ад іх не адрокся ў экстрэмальнай сітуацыі. Для мяне гэта ўчынак, які выклікае ў мяне вялізную павагу.

— Людзі казалі, што яны адчувалі неверагодную еднасць з усімі беларусамі, і былі прыемна ўражаныя тым, якія беларусы аказаліся смелыя. Можа, гэта нейкі пазітыўны вынік?

— Гэта круг асабістага развіцця. Людзі кепска думалі пра другіх людзей, а яны аказаліся не такія кепскія. Салідарнасць і еднасць, урэшце — гэта салідарнасць невялікіх груп. Людзі, якія прывыклі жыць індывідуальна, пачалі аб’ядноўвацца ў невялікія групы: дваравыя супольнасці, групы каля Акрэсціна і другія. Але этап маленькіх груп ужо быў на маёй памяці, людзі жылі і большымі групамі, і большай салідарнасцю. Проста эпоха гаджэтаў людзей вельмі раз’яднала, а зараз аказалася, што можна жыць не толькі анлайн. Мы проста вяртаемся да таго, што замест гаджэту можна паглядзець і ў вочы, пабыць побач, паразмаўляць.

p4u7h4idww46oeg6qvmuwzsi4fn42sl7.jpg

Але для мяне ў гэтым быў і трагікамічны вопыт. Вось дваравыя чаяванні, чаму дваравыя, калі ў вас ёсць кватэра? Маё пакаленне і трошкі старэйшае яшчэ памятае, як людзі збіраліся на кухнях па 20 чалавек. То-бок людзі гатовы сустракацца на вуліцы, мерзнуць, рызыкаваць, але запрасіць да сябе ў кватэру — даверу ўжо няма. І няма такой салідарнасці, любові і еднасці да суседзяў. Мой дом — мая крэпасць.

Цяпер чаяванні захаваліся, але яны ўжо робяцца не для публікі, не для прапаганды, а таму што людзі знайшлі ў гэтым патрэбу і неабходнасць. І гэта мяне радуе, праца на тое, каб паказаць, якія мы неверагодныя, перайшла на шчырасць, на стан разумення.

Віртуальны свет выгадны тым, што мы нічым не ахвяруем, можна проста адключыцца і ўсё. У дваравых чаяваннях мы не ахвяруем свае кватэры, мы ахвяруем сябе. А людзі пры Савецкім Саюзе ахвяравалі сваёй маёмасцю.


— У жніўні—верасні 2020 года мы назіралі неверагодны ўздым творчасці, потым, наадварот, прыйшоў заняпад. Да чаго ён можа прывесці?

— Я не ўбачыў уздым, я бачыў другія моманты. Некалькі гадоў таму я напісаў «Беларускі айсберг». Беларуская творчасць заўсёды была, толькі мы бачылі маленькую частку айсберга. У жніўні гэта аказалася запатрабаваным. Патрэбнымі аказаліся тыя людзі, якія тварылі і раней, проста іх творчасць раней была непатрэбна. Я не лічу вялікай творчасцю тое, што было створана менавіта ў гэтыя дні і месяцы. Гэта збольшага была нейкая эмацыйная імгненная рэакцыя.

Тая культура, якая будзе стварацца ў эміграцыі, хутка адаптуецца. Беларусы ўвогуле хутка адаптуюцца да розных абставін і пераходзяць у іншыя культуры. Нехта з маіх равеснікаў у перспектыве бачыць менш за 1% тых, хто пасля вернецца ў Беларусь і будзе працягваць беларускую справу. Я больш аптымістычны, але ўсё роўна лічу, што большая частка людзей, якія пачулі ўздым, будуць тварыць у іншых краінах. Як я ўжо казаў, беларуская эліта — гэта тыя, хто выйдуць з турмы дзеяздольнымі.

Але я думаю, што нас чакае большая русіфікацыя, і гэтыя людзі хутка пачнуць трансляваць прарасійскую культуру.

ve0jloqrjlsup0fobhnw25ob2t1lftfl.jpg

— Вы лічыце, што для беларускай культуры ў любым выпадку наступяць цёмныя часы?

— Я не скажу, што яны цёмныя, яны іншыя. Былі часы, калі беларускія часопісы выходзілі на лацінцы, а потым бац — і ўсё, толькі кірыліца. І толькі самыя маргінальныя пішуць на лацінцы. Я вось пачаў пісаць лацінкай з 1989 года, але колькі нас?

Трэба мець вялікую свядомасць, каб прызнаць здабыткі іншай культуры і спажываць яе. Расія ўсё перарабляе на свой лад, вось адсюль у нас кірыліца, балалайкі і матрошкі. Як пісаў Дастаеўскі: «Широк русский человек, я бы сузил». З цягам часу і яны прыйдуць да лацінкі.

Беларусам на сённяшні дзень важна пазбавіцца ад страху. Страх і любоў — гэта два розныя полюсы. Найлепшая творчасць — творчасць праз любоў. А калі ёсць страх — творчасць не выходзіць.

qjtz1y7i42b17l83nlya2oft429yfzih.jpg

— То-бок лепш нават не тварыць, калі ты адчуваеш страх?

— Можна проста прывыкнуць, як кажуць, memento mori, «будзь гатовы — да ўсяго гатовы!». І каронавірус у значнай ступені нам падказвае пра гэта. Канец жыцця павінен быць такім, каб было не сорамна за яго. І я ўбачыў шмат творцаў, для якіх дабрабыт — не самае галоўнае, і яны гатовыя нават паміраць. Вось там страху няма.


— А ў вас асабіста былі праблемы з уладамі?

— Па вялікім рахунку, ім няма чаго з мяне ўзяць. Я не быў звязаны з сур’ёзнымі фондамі ці сур’ёзнымі грашыма. Браць мяне — як узяць бамжа з вуліцы, толькі паху такога няма (смяецца). А так якая радасць? Я чалавек, у якога няма маёмасці, фінансаў, ноўтбук вось ляснуўся, няма смартфона нават. Такія сітуацыі ўжо былі, калі мяне затрымліваюць, я дастаю кнопачны тэлефон — і ім ужо нецікава.

Цяпер модна казаць, што людзі сышлі ва ўнутраную эміграцыю. Я бы не сказаў, што гэта эміграцыя. Я па жыцці прытрымліваюся прынцыпу «на службу не напрашивайся, от службы не отказывайся». Я бачыў пэўныя знакі, але сам нікуды не навязваўся. Я свядома не імкнуся валодаць нейкай сур’ёзнай інфармацыяй, я проста чытаю Кнігу Жыцця.