Гродзенскую гімназію назвалі імём кіраўніка чырвонага тэрору
Гімназія № 6 у Гродне цяпер носіць імя Фелікса Дзяржынскага. Перад галоўным уваходам – бюст чалавека, які ствараў палітыку дзяржаўнага тэрору і сістэму савецкіх канцэнтрацыйных лагераў.

Паводле дырэктаркі гімназіі Таццяны Махнач, ідэя даць такое імя ўстанове з’явілася яшчэ ў 1983 годзе, цягам больш як 30 гадоў вялі «даследчую працу», знайшлі родзічаў Дзяржынскага.
Гэта першы, але не апошні раз, калі ў Гродне ўстанова адукацыі атрымае імя вядомага чалавека: «канцэпцыяй нэймінгу і стварэннем уласнага адрознага брэнду школы, гімназіі і ліцэі займаліся цягам чатырох месяцаў», сцвярджае дзяржтэлеканал «Гродно Плюс».
Выглядае, што Дзяржынскі ніяк не звязаны з гісторыяй гімназіі, як і з Гродна наогул. Ён нарадзіўся на хутары Дзяржынава, што ў 15 км ад Івянца і ў 210 км ад Горадні, вучыцца з’ехаў у Вільню.