Гарадзенскі рок-музыкант Ігар Банцэр не спыняе «сухую» галадоўку. Сёння 11-ы дзень
Рок-музыкант і актывіст Ігар Банцэр працягвае адмаўляцца ад ежы і вады ў гарадзенскім СІЗА па стане на 13 сакавіка. Ён не скардзіцца на самаадчуванне, але слабее, піша «Свабода».

Напярэдадні 12 сакавіка на судзе ён выглядаў бледным, моцна
схуднелым, аднак усё роўна шмат гаварыў і рухаўся. Нават у клетцы ён заставаўся
ў кайданках.
Вядома, што на адзінаццаты дзень Ігар Банцэр жывы і не
змяніў свайго рашэння наконт галадоўкі. Лекары кажуць, што ўжо на першым
тыдні адмовы ад вады могуць наступіць незваротныя змены ў арганізме або
смерць.
Напярэдадні ён прасіў у суду змяніць яму меру стрымання і
выпусціць з-пад варты, бо «ён выправіўся». Аднак суддзя Наталля Козел не
задаволіла яго хадатайніцтва, каб ён «не схаваўся ад пераследу».
«Да панядзелка я дацягну, а далей, не ведаю», — адказаў на
гэта музыкант.
Наступнае пасяджэнне па яго справе прызначылі на 14:30
18 сакавіка, патэнцыйна 16-ы дзень галадоўкі, калі Банцэр не спыніцца.
Ён абвясціў «сухую» галадоўку ў пачатку свайго суду 3
сакавіка. Прычынамі назваў тое, што яго справа мае палітычныя матывы, а
таксама незадаволенасць палітычнымі падзеямі ў Беларусі. Патрабаванні для
спыненьня галадоўкі не выставіў.