Гродзенскага рок-музыку Ігара Банцэра зноў затрымалі

Пасля вызвалення з хіміі ў снежні 2021 года гродзенскі музыка і саліст панк-гурта «Mister X» заявіў, што з'язджаць з краіны не плануе: «У Беларусі мне падабаецца настолькі, што тут я гатовы сядзець у турме».

Гэта здарылася ўчора, 4 жніўня. Музыку затрымалі і павезлі ў Мінск.

Пра ўчорашняе затрыманне паведамілі сваякі Ігара Банцэра. Св*бода піша, што «затрымліваў ці то ГУБАЗіК, ці то КДБ».

Жалезныя дзверы ў гродзенскай кватэры выламалі, Ігара забралі і завезлі ў Мінск. На той момант Ігар знаходзіўся ў кватэры адзін. Прычына затрымання невядомая.


Музыку Ігара Банцэра ўжо прызнавалі палітвязнем. Яго затрымлівалі і судзілі пасля жніўня 2020 года.

Музыку судзілі за хуліганства, бо ў верасні 2020 года перад міліцэйскай машынай ён выканаў танец — міліцыянты сцвярджалі, што Банцэр быў без майткоў. Сам жа ён казаў, што гэта быў перфоманс і на ім былі стрынгі. 

19 сакавіка 2021 года Банцэру прысудзілі 1,5 года «хіміі» паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу.

У зняволенні музыка двойчы галадаваў. Падчас суду Банцэр трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд. 19 дзён ён галадаваў на вадзе ўлетку 2021 года. Гэта моцна пагоршыла ягонае здароўе, а пасля выхаду з турмы ў яго выявілі гепатыт С.


Музыка катэгарычна адмовіўся з'язджаць з Беларусі

17 снежня 2021-га Ігар Банцэр выйшаў на волю і сказаў, што не лічыць сябе вінаватым і ні пра што не шкадуе: «З'язджаць? Я зараз магу сказаць, што ў мяне слабое здароўе, што я паеду лячыцца дзе-небудзь у паўднёвых краінах. Абсалютна гэтага не будзе. Я пайду лячыцца ў беларускую бясплатную медыцыну, на якую я клаў грошы як грамадзянін і падаткаплацельшчык. А калі прыйдзецца зноў за свае ідэалы пацярпець, ну што ж, будзем сядзець. У Беларусі мне падабаецца настолькі, што тут я гатовы сядзець у турме».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: