Палітвязню Вадзіму Гурману патрэбная медыцынская дапамога: ён імкліва губляе зрок
Палітвязню Вадзіму Гурману тэрмінова патрэбная медыцыгская дапамога афтальмолага. У яго неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй: адно вока бачыць на 12%, другое — на 23%. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць знаходзіцца на абследаванні, інакш да 30 год яму прагназавалі поўную слепату. Да таго ж, Вадзім — баксёр, і ў яго было адпластаване сятчаткі.
«Нас адмовіліся лячыць нават у Бараўлянах, бо там няма патрэбнага абсталявання, — распавядае маці Вадзіма Вольга Гурман. — За нас узяліся толькі лекары 10-й клінічнай лякарні, куды нам пастаянна патрэбна прыязджаць на абследаванні. Я прыносіла дакументы ў суд і Следчы камітэт: з такім дыягназам нельга было пазбаўляць Вадзіма волі, любая фізічная нагрузка на працы ў калоніі будзе хуткімі тэмпамі паграшаць яго зрок. Яшчэ да абвесткі з калоніі мне патэлефанавалі і сказалі, што моцна збітага сына знялі з "этапа" — таму так доўга не было інфармацыі пра яго. Такія ўмовы павялічваюць тэмпы пагаршэння зроку. Вадзім ужо не бачыць у тых акулярах, якія я перадала яму па старым рэцэпце: ён не можа ні чытаць, ні пісаць. Ад яго прыйшоў толькі адзін ліст, зараз я збіраю яму рэчавую перадачу: пры этапаванні ў яго забралі ўсё — ручнікі, брытвы, абцужкі для пазногцяў».
Вынікі абследавання Вадзіма
Хаця маці Вадзіма прасіла накіраваць яго для адбыцця пакарання ў калонію ў Навасадах, якая месціцца блізка да Маладзечна, яго адправілі ў Горкі: цяпер для таго, каб адвезці перадачы, сваякам палітвязня трэба ехаць 720 км у абодва бакі, асабістай машыны сям'я не мае. Судовыя прыставы пачалі прыходзіць да Вольгі за спагнаннем пазоваў, прызначаных судом. 19-гадовая дзяўчына Вадзіма Віялета ў хуткім часе народзіць двойню.
Згодна з абвінавачаннем, 9 жніўня Гурман актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Гурман выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянерам.
На судзе Гурман прызнаў віну па арт. 342 КК, але не па 364-м. Ён распавёў, што пры затрыманні АМАПам, якое адбылося праз два дні 11 жніўня, яго і іншых білі і залілі газам твар. Затым моцнае збіццё працягнулася ў двары РУУС. Паводле слоў Гурмана, яму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны, аднак усё ж спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва РАУС.
Восьмага лютага ў судзе Маладзечанскага раёна суддзя Вольга Дубовік прысудзіла Гурману тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.