Відэа меркаванай смерці Вітольда Ашурка выклікае шмат пытанняў
«Свабода» папрасіла былых палітвязняў і лекараў пракаментаваць афіцыйныя кадры са шклоўскай калоніі №17, на якіх, меркавана, апошнія хвіліны жыцця палітвязня Вітольда Ашурка.
Следчы камітэт апублікаваў сёння мантаванае відэа са шклоўскай калоніі № 17, на якім відаць чалавека, які двойчы падае. Ён апрануты ў робу з надпісам «ШИЗО», што расшыфроўваецца як «штрафны ізалятар». Пасля першага падзення, каля прыбіральні, яму надалі медычную дапамогу. Пасля другога выпадку ў камеру штрафнога ізалятару прыбеглі супрацоўнікі калоніі. Відэазапіс зроблены з камеры, якая знаходзіцца на вышыні. Адназначна на відэа не бачна, ці сапраўды чалавек у робе — Вітольд Ашурак.
Экс-палітвязень Бандарэнка: «Гэта выглядае паказушна»
Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка 8 месяцаў правёў у шклоўскай калоніі. Кажа, што амаль увесь гэты час знаходзіўся ў штрафным ізалятары.
Праглядзеўшы відэа, выкладзенае Следчым камітэтам, праваабаронца ўпэўнены, што асуджаны пакараны ШІЗА за нейкія дысцыплінарныя парушэнні. Гэта, адзначае ён, бачна па надпісе на пінжаку «ШИЗО» і адмысловай абстаноўцы, якая супадае з тым, што ёсць у такіх камерах.
«Там ніколі не выдавалі такія пінжакі, адпраўляючы ў ШІЗА, — каментуе відэа Бандарэнка. — Туды прыходзілі асуджаныя ў той адзежы, якую насілі ў атрадзе. А тут жа праглядаецца надпіс. Такім чынам, яго чакалі там. Рыхтавалі да ШІЗА».
Андрэй Бандарэнка звяртае ўвагу на «абсалютна абноўленую камеру ШІЗА»: паводле яго слоў, у шклоўскай калоніі, калі ён там сядзеў, такіх не было.
«Я здзіўлены, што там могуць быць такія штрафныя ізалятары, — працягвае ён. — Гэта выглядае паказушна. Можна дапусціць, што ва ўсіх штрафных ізалятарах Беларусі праведзены еўрарамонт, альбо гэта нешта пастановачнае. Для мяне, чалавека, які там быў, гэта дзіўна».Трэцяе, што кінулася праваабаронцу ў вочы, — гэта аказанне дапамогі асуджанаму «не профільным спецыялістам, урачом, а супрацоўнікам калоніі».
«У далейшым, — працягвае ён, — па аказанні першаснай медыцынскай дапамогі асуджанага мусілі адправіць на абследаванне, але гэтага не адбылося, што ўрэшце прывяло да страшных наступстваў».
Паводле слоў Бандарэнкі, калі ён сядзеў у шклоўскай калоніі (там жа тады быў і Мікалай Статкевіч), то на любы падобны выпадак выклікалі медыкаў. А на відэа бачна, што каля асуджанага, якому патрэбная медыцынская дапамога, завіхаюцца толькі супрацоўнікі калоніі. Можна спадзявацца, што вінаватых знойдуць і пакараюць, лічыць праваабаронца.
Экс-палітвязень Жамчужны: «Такога не можа быць паводле тэхнікі бяспекі»
Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, які сёлета выйшаў на волю пасля 6 гадоў у турме, называе відэа «штучна пастаўленым кіно».
«Камера пяцімясцовая, мяркуючы па колькасці нараў, а чалавек у ёй адзін. Такога не можа быць паводле тэхнікі бяспекі, — пракаментаваў кадры былы палітвязень Міхаіл Жамчужны. — Паліцы, скрыні на сценах пустыя, няма асабістых рэчаў, ручніка, адзення, мыла, зубной шчоткі. У запісе перапынкі, твару чалавека не відаць. У камеры адзін медык аказвае дапамогу — такога не можа быць, бо ў камеру супрацоўніку аднаму да асуджанага ўваходзіць забаронена па ўнутраных правілах варты, нават калі гэта карцар, „ШІЗА“ ці ПКТ».
Хірург Кароль: «Слабы стан у турме сведчыць, што яго ці збівалі, ці не было ежы ці вады, ці тое і тое разам»
Хірург Зміцер Кароль кажа, што чалавек на відэа «падае, хутчэй за ўсё, праз слабасць: ці губляе прытомнасць, ці знаходзіцца ў вельмі слабым стане».
«Слабы стан у турме сведчыць, што яго ці збівалі, ці не было ежы ці вады, ці тое і тое разам. Ён падае натуральна, як чалавек, які адключаецца. Яму аказваюць дапамогу, перабінтоўваюць галаву. І ён стаіць у гэтым жа памяшканні адзін, без дапамогі, без канвою і падае другі раз. І я так і не зразумеў, што там далей робіць гэты натоўп людзей, — каментуе відэазапіс хірург Зміцер Кароль. — Калі кажуць пра сардэчны прыступ, чаму яму не аказваюць дапамогу пасля падзення, а пакідаюць самога? Калі ў яго разбітая галава, чаму ён гэтак жа стаіць адзін далей у гэтым памяшканні?!»
Прычынамі страты прытомнасці могуць быць і перабоі ў працы сэрца, і інсульт. Але гэта сур’ёзныя сітуацыі, якія, відавочна, здарыліся з чалавекам на відэа, таму яшчэ больш не зразумела, чаму чалавека пакідаюць самога, — задае пытанні доктар.
Доктар сумняецца, што гэтае відэа можа быць пастановачным, але не можа сцвярджаць, ці на відэа сапраўды Вітольд Ашурак, бо не ведаў яго асабіста.
Зміцер Кароль кажа, што пасмяротная экспертыза ў такіх выпадках неабходная і можа адказаць на пытанні аб прычынах смерці.
«Ёсць розніца ў траўмах галавы, атрыманых калі чалавек упаў з вышыні свайго росту, і калі да чалавека прымененая фізічная сіла, — кажа доктар. — І пры ўскрыцці гэта можна высветліць».
«Відавочна, што ён не страціў прытомнасць, яго вяло наперад»
Відэа пракамэнтавала доктар-неўролаг з Мінска, якая пажадала захаваць ананімнасць (імя вядома рэдакцыі «Свабоды»).
«Гэта відэанарэзка, таму не ўпэўненая, што карэктна можна пракаментаваць. Але сапраўды відаць, што ён хістаецца яшчэ да падзення і падае не ў выніку таго, што спатыкнуўся. Твар на тых кадрах, дзе ён сядзіць, відаць дрэнна, але я не бачу на ім асіметрыі. Што да самога падзення, то відавочна, што ён не страціў прытомнасць, яго вяло наперад. Калі страчваюць прытомнасць, ногі падкошваюцца, а тут ногі трымалі яго да апошняга».
Яшчэ адзін медык, які пажадаў захаваць ананімнасць, дапусціў у каментары «Свабодзе», што ў асуджанага ўжо была чэрапна-мазгавая траўма, калі ён трапіў у карцар. Ад яе ён мог страціць прытомнасць. А пасля падзення і першага ўдару галавой магла развіцца вострая эпідуральная гематома (скопішча крыві паміж цвёрдай мазгавой абалонкай і косткамі чэрапа), — тлумачыць ён. У выніку з'яўляецца галаўны боль, інтэнсіўнасць якога нарастае. Чалавека ванітуе.
«Калі тэрмінова не правесці абследаванне і зрабіць аперацыю, то чалавек можа памерці», — падсумоўвае медык.
Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калоніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі не меў праблем з сэрцам.
Сёння сваякі Вітольда Ашурка атрымалі пасведчанне аб яго смерці.
У дакуменце адзначана, што непасрэдная прычына смерці высвятляецца. Код R99, паводле Міжнароднай класіфікацыі захворванняў, азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці».