З’явілася відэа смерці Вітольда Ашурка. Яго трымалі ў карцары (Асцярожна, на відэа момант смерці!)
Сцвярджаецца, што 21 мая Вітольд Ашурак быў знойдзены без прытомнасці дзяжурным кантралёрам папраўчай калоніі №17.
На відэа відаць, як 50-гадовы палітвязень хістаецца і падае пры спробе схадзіць у туалет. Далей яму перавязваюць галаву. Неўзабаве ён упаў яшчэ раз, распавядае «Наша Ніва».
Для аказання дапамогі мужчыне былі выкліканыя работнікі
медыцынскай часткі і хуткай медыцынскай дапамогі. Нягледзячы на праведзеныя
медыкамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, выратаваць мужчыну не ўдалося.
З-за чаго канкрэтна ён упаў і разбіў галаву — з
апублікаванага відэа не зразумела.
Кадры маюць прыкметы мантажу, незразумела, што было да
першага падзення і перад другім.
Паводле слоў супрацоўнікаў калоніі, асуджаны, разбіўшы галаву,
скаргаў на стан здароўя нібыта не выказваў, нібыта адмовіўся ад дапамогі і
шпіталізацыі.
Мяркуючы па надпісе на спіне, Ашурка ўтрымлівалі ў штрафным
ізалятары.
Раней праблем са здароўем Ашурак не меў, сцвярджаюць яго
сваякі і сябры.
Нагадаем, цела 50-гадовага палітвязня Вітольда Ашурка, пра
смерць якога паведамілі ў калоніі Шклова ў пятніцу, аддалі сваякам днём у
аўторак. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала, што ў Вітольда «забінтаваная
галава ад макаўкі да носа, бачны толькі рот».
Палітвязень з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня ў
Лідзе на закрытым працэсе прысудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр
у шклоўскай калоніі. Яму было 50 гадоў. Ашурак быў сябрам Партыі БНФ,
каардынатарам Руху «За Свабоду», чалавек быў бясконца адданы Беларусі. Апошнія
два тыдні ад Вітольда не было лістоў.
У калоніі ў Шклове «палітычным» нашываюць жоўтыя біркі,
пісаў з калоніі Ашурак.
«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым
больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму
палітычных можна адрозніць здалёк», — пісаў палітвязень.
«Што тычыцца мяне, то тэрмін у 5 год я ўспрымаю як адзнаку "выдатна" за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры
сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!» — пісаў Ашурак
з калоніі.
Ашурка судзіў суддзя Максім Філатаў за зачыненымі дзвярыма
па двух артыкулах: 364 — «Гвалт ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных
спраў» і 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць
грамадскі парадак». Па першым артыкуле суд пастанавіў пакараць актывіста
чатырма гадамі калоніі, а па другім — двума гадамі і чатырма месяцамі. Шляхам
частковага паглынання атрымалася пяць гадоў.
Ашурак нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Агароднікі ля
Бярозаўкі. Як і многія іншыя мясцовыя хлопцы, пасля школы ўладкаваўся на
шклозавод «Нёман», дзе працаваў выдзьмувальнікам. Працаваў аж да той пары,
пакуль завод трохі трымаўся і там плацілі нейкія заробкі. Калі ж у эканамічным
плане прадпрыемству стала зусім кепска, то Вітольд адтуль звольніўся.
Пасля гэтага пачаў зарабляць на жыццё будаўнічымі працамі, у
яго была брыгада, разам з якой і ездзіў на розныя аб’екты, даязджалі так нават
да Століна. Афіцыйна быў непрацаўладкаваны.
Знакавым годам для светапогляду Ашурка стаў 2010, калі
праходзілі прэзідэнцкія выбары.
На працягу 2017-2018 гадоў Вітольд Ашурак разам са сваімі
паплечнікамі аднавіў між вёскамі Малое Олажава і Мохавічы мемарыял памяці
паўстанцам Каліноўскага.
Вітольд быў жанаты больш за дзесяць гадоў, дзяцей у сям’і не
было.
Ашурка ўпершыню затрымалі 9 жніўня, у дзень выбараў. Суд
пакараў актывіста 20 суткамі: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і
пяць — за непавагу да суда: адмовіўся ўстаць, калі з’явіўся суддзя. Аднак праз
пяць дзён яго адпусцілі, як і амаль усіх тагачасных палітвязняў, што адбывалі
адміністрацыйнае пакаранне. Тым не менш, крымінальную справу завялі ўжо тады.
16 верасня Ашурка забралі паўторна. Мала таго, што яму
заставалася адбыць 15 сутак з мінулага, дык дадалі яшчэ 15 — за ўдзел у
мерапрыемствах у Лідзе ў жніўні-верасні. Калі Вітольду заставалася адбыць 2-3
сутак, яго перавялі ў гродзенскае СІЗА па крымінальным артыкуле.