«Дыханне Чэйна-Стокса». Як паміралі «пажыццёвыя» лідары СССР і постсавецкіх краін
Аляксандр Лукашэнка пяць дзён не паказваецца на публіцы. Апошні раз яго бачылі падчас святкаванняў 9 траўня, і выглядаў дыктатар кепска. У Маскве ён не змог прайсці пешшу 300 метраў для ўскладання кветак — яго клапатліва падвезлі на электракары. А ўвечары ў Мінску не знайшоў моцы прамовіць віншаванні на плошчы Перамогі — гэта зрабіў па ягоным «даручэнні» міністр абароны Хрэнін.
Пасля гэтага — цішыня. 14 траўня, калі рэжым адзначаў прыдуманы ім Дзень дзяржаўнай сімволікі, 68-гадовага аўтакрата зноў на людзі не вывелі. Ля мікрафона са святочным дакладам завіхаўся прэм’ер Галоўчанка.
Што з гэтага вынікае? Калі адкінуць канспіралагічныя тэорыі і сенсацыйныя «інсайды», то нічога. Прынамсі, пакуль. Цалкам магчыма, што неўзабаве Лукашэнка паправіцца і вернецца не толькі ў тэлеэфір, але і на хакейны лёд.
Але сённяшняя сітуацыя, бадай, з’яўляецца добрай нагодай, каб успомніць, як сыходзілі з жыцця іншыя «пажыццёвыя» аўтарытарныя правадыры на постсавецкай прасторы і ў самім СССР.
СССР: Эпоха пышных пахаванняў
Першая палова 80-х мінулага стагоддзя ўвайшла ў савецкую гісторыю пад назвай «эпоха пышных пахаванняў». Альтэрнатыўны тэрмін — «гонкі на лафетах». І тое, і другое азначала крытычнае старэнне партыйнай наменклатуры і сыход яе прадстаўнікоў з жыцця па натуральных прычынах.
Не абмінула гэта і вышэйшых кіраўнікоў, якія тады называліся генеральнымі сакратарамі. У 1982 годзе памёр Леанід Брэжнеў, у 1984-м — Юрый Андропаў, у 1985-м — Канстанцін Чарненка. Яшчэ праз некалькі гадоў высветліцца, што «эпоха пышных пахаванняў» фактычна стала пралогам да разбурэння Савецкага Саюза.
Разам з лядашчымі генсекамі састарэла, спарахнела ўся сістэма. Неўзабаве на «лафетах» павязуць і яе саму.Брэжнеў кіраваў СССР цягам 18 гадоў. Гэта быў больш-менш спакойны перыяд у жыцці краіны, які прыхільнікі «дарагога Леаніда Ільіча» называлі стабільнасцю, а крытыкі — «застоем».
Пачынаў Брэжнеў бадзёра — усё ж франтавік, удзельнік парада Перамогі 1945 года, да ўлады прыйшоў у 57 гадоў. Заканчваў ён у 75 — ужо цяжка хворым чалавекам. Цяжка гаварыў, даючы выдатны «матэрыял» для парадыстаў. Абвешаў сябе, нібыта навагоднюю елку, найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Любіў цалавацца пры сустрэчах з замежнымі лідарамі з краін сацлагера.
Памёр 10 лістапада 1982 года. Ноччу, падчас сну, ад тромба, які адарваўся. Раніцай яго спрабаваў рэанімаваць ахоўнік, але было позна. Адметна, што яшчэ цэлыя суткі савецкі народ не ведаў, што генсек — усё. Толькі 11 лістапада тэлебачанне «з глыбокім смуткам» расказала аб смерці Брэжнева.
Андропаў і Чарненка кіравалі вялікай краінай зусім нядоўга — крыху больш за год кожны. Такія ж герантакраты, яны ўзыходзілі на пасаду генсека ўжо моцна хворымі, і абазнаныя людзі разумелі: брэжнеўскія «лафеты» ў гараж можна не хаваць.
69-гадовы Андропаў памёр 9 лютага 1984 года, афіцыйнай прычынай улады назвалі ацёк нырак на тле шматгадовай падагры. І зноў, як і ў выпадку з Брэжневым, факт смерці вышэйшай службовай асобы хавалі ад грамадства цэлыя суткі. Адпаведную заяву дзяржаўныя медыя зрабілі толькі вечарам 10 лютага.
Роўна так жа было і з 73-гадовым Чарненкам. Ён сканаў 10 сакавіка праз хворае сэрца і стаў апошнім з савецкіх генсекаў, пахаваным каля Крамлёўскай сцяны.
Чым былі выкліканы затрымкі паведамленняў пра сыход з жыцця кіраўнікоў краіны? Тут, як падаецца, усё проста. Бліжэйшае атачэнне нябожчыка за гэты час паспявала ціхенька вызначыцца з кандыдатурай пераемніка і выключала рызыкі расколу ў кіруючых колах. Дый інфапрастора таго часу дазваляла хаваць звесткі пра падзеі самага важнага значэння.
Узбекістан: Карымаў — то памёр, то не памёр
Іслам Карымаў. Фота: «Рэйтэрс»
Іслам Карымаў кіраваў Узбекістанам 27 гадоў — з яшчэ савецкага 1989 года да суверэннага 2016-га.
Афіцыйнай датай смерці 78-гадовага прэзідэнта лічыцца 2 верасня, але ці так было насамрэч — пытанне.28 жніўня ўзбекскія ўлады афіцыйна паведамілі пра шпіталізацыю палітыка праз інсульт. На наступны дзень дачка Карымава Лола распавяла, што яе бацька знаходзіцца ў рэанімацыі, і яго стан стабільны. Але «стабільнай» сітуацыя была настолькі, што ў той жа дзень расійскае інфармацыйнае агенцтва «Фергана» заявіла пра смерць прэзідэнта. Апарат Карымава гэта хуценька абверг.
Пасля гэтага яшчэ некалькі дзён паступала самая розная інфармацыя наконт стану здароўя ўзбекскага лідара. Заяўлялася, што яго лекуюць дасведчаныя маскоўскія спецыялісты. 1 верасня Уладзімір Пуцін павіншаваў калегу з Днём незалежнасці Узбекістана і зычыў яму моцнага здароўя. У той жа дзень тое ж агенцтва «Фергана» напісала пра падрыхтоўку пахавання Карымава.
Нарэшце, 2 верасня аўтарытэтнае выданне «Reuters» са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы паведаміла, што лідар Узбекістана памёр. Вечарам гэта пацвердзіў і афіцыйны Ташкент. Удакладнялася, што ад моманту шпіталізацыі Карымаў знаходзіўся ў стане комы і быў падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Выглядае, што паплечнікі ўзбекскага аўтакрата сапраўды маглі разлічваць на нейкі цуд адносна яго здароўя. Але цуду не здарылася.
Туркменістан: Ніязаў — блатыніна з датай смерці
Сапармурат Ніязаў, turkmen-news
Сапармурат Ніязаў вёў рэй у Туркменістане ў 1985-2006 гадах. Культ ягонай асобы ў краіне быў адназначна найбольш выразны і эксцэнтрычны на было савецкай прасторы.
Носьбіт афіцыйнага тытула Туркменбашы (кіраўнік туркменаў). Аўтар кнігі «Рухнама», якая стала ў дзяржаве сапраўдным Святым пісаннем. Больш за 14 тысяч помнікаў і бюстаў у гарадах і паселішчах па ўсёй краіне. І шмат чаго іншага.
Часткай бездакорнага вобразу прэзідэнта было, канешне ж, і яго моцнае здароўе. Энергічны, бадзёры, актыўны — менавіта так заўсёды выглядаў Туркменбашы на кадрах афіцыйнай хронікі. Насамрэч палітык хварэў: у яго былі і сардэчная недастатковасць, і цукровы дыябет, і нават эпілепсія.
21 снежня 2006 года заходнія СМІ са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы паведамілі пра смерць Ніязава. Інфармацыя хутка разышлася, і вечарам таго ж дня туркменская прапаганда пацвердзіла сыход з жыцця «горача любімага» кіраўніка краіны. Гэта была сапраўдная сенсацыя, бо насельніцтва і ўявіць не магло, што 66-гадовы палітык мае праблемы са здароўем. Пры гэтым частка туркменскай апазіцыі лічыць, што Ніязаў памёр на некалькі дзён раней за 21 снежня. Маўляў, інфармацыю пра гэта хавалі палітычныя эліты, якія займаліся дзяльбой улады і спадчыны Туркменбашы.
Пасля смерці Ніязава яго культ досыць хутка развянчаў пераемнік Гурбангулы Бердымухамедаў. Ён пачаў ствараць культ свой уласны, што з’яўляецца не такой ужо рэдкасцю ў падобных сістэмах. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Азербайджан: Аліеў-старэйшы паспеў перадаць уладу сыну
Гейдар Аліеў, ТАСС
Гейдар Аліеў кіраваў Азербайджанам і пры Саюзе (у 1969-1982 гадах, пасля быў пераведзены ў Маскву), і пры незалежнасці (1993-2003).
21 красавіка 2003 года падчас выступлення ў Палацы Рэспублікі ў Баку 79-гадоваму азербайджанскаму прэзідэнту стала блага. Ён схапіўся за сэрца і прыпыніў прамову. Са сцэны яго вынеслі ахоўнікі. Неўзабаве пасля таго выпадку Аліева перавезлі на лячэнне ў Анкару. Потым яго даставілі ў ЗША. На радзіму палітык больш не вярнуўся.
Так супала, што якраз у 2003 годзе ў Азербайджане прыйшоў час чарговых прэзідэнцкіх выбараў. З-за мяжы Гейдар Аліеў зарэгістраваўся кандыдатам. Тое ж самае зрабіў і яго сын Ільхам. Аперацыя «Пераемнік» прайшла ўдала — Аліеў-малодшы перамог на выбарах, пасля таго як бацька зняў сваю кандыдатуру на яго карысць.
Праз два месяцы Аліеў-старэйшы памёр ва ўзросце 80 гадоў у клініцы амерыканскага горада Кліўленд. Яго сын кіруе Азербайджанам дагэтуль.
СССР: Са смерці Сталіна таямніцы не рабілі
«Бацька народаў» прыйшоў да ўлады ў СССР пасля смерці Леніна ў 1924 годзе, атрымаўшы перамогу ва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Кіраваў да сваёй смерці на працягу амаль 30 гадоў. Гэта можа гучаць дзіўна, але сыход Сталіна з жыцця ў пэўным сэнсе суправаджаўся цывілізаванымі праявамі.
Гаворка найперш пра тое, што ад савецкіх людзей не хавалі перадсмяротнага стану правадыра. Па радыё рэгулярна перадавалі бюлетэні, у якіх агучвалася клінічная карціна пацыента нумар адзін. Было ў тых бюлетэнях і пра знакамітае дыханне Чэйна-Стокса, назву якога ў кароткі тэрмін вывучыла ўся краіна.
Іншая справа, што абставіны самога інсульту, ад якога ў выніку сканаў самы жорсткі тыран у савецкай гісторыі, дагэтуль застаюцца тэмай спрэчак.
Вядома, што вечарам 1 сакавіка 1953 года ахоўнікі знайшлі Сталіна ў бездапаможным стане на лецішчы пад Масквой. Паводле адной з версій, лёс 73-гадовага кіраўніка СССР прадвызначыла тое, што медычную дапамогу належнай якасці яму пачалі аказваць занадта позна. І рабілася гэта нібыта праз наўмысную халатнасць сталінскіх паплечнікаў — Берыі, Хрушчова і Малянкова. Калі так, то такія паводзіны атачэння адлюстроўвалі стомленасць тагачаснай савецкай наменклатуры ад няспынных чыстак, пасадак і іншых рэпрэсій. Чыноўнікі да жаху баяліся патрапіць у жорны, і калі іх вялікі лідар раптам самлеў, дапамагаць яму ніхто не кінуўся.
Сталін памёр 5 сакавіка 1953 года, неўзабаве яго культ быў ліквідаваны, і ў Савецкім Саюзе надышла адліга.