Сяргей Навумчык: Ці расстраляў бы Андропаў Пуціна?
Як кажуць — што наканавана, тое адбудзецца. Палітык і журналіст Сяргей Навумчык разважае пра тое, ці існуе ў гісторыі ўмоўны лад і ці сапраўды б Пуціну пагражаў расстрэл за савецкім часам, калі б той прапанаваў бамбіць Кіеў.
![Анатоль Сабчак і сціплы Уладзімір Пуцін. Санкт-Пецярбург, 1990-я гады Анатоль Сабчак і сціплы Уладзімір Пуцін. Санкт-Пецярбург, 1990-я гады](/img/v1/images/pucin_i_sabczak.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Анатоль Сабчак і сціплы Уладзімір Пуцін. Санкт-Пецярбург, 1990-я гады
Прачытаў, што калі б годзе ў 1978-м старшыні КГБ Андропаву данеслі, што супрацоўнік Ленінградскага УКГБ Пуцін агітуе за ракетныя абстрэлы Украіны, ён загадаў бы паставіць Пуціна да сценкі.
У рэальнасці, думаю, Андропаў нават не даведаўся б пра такога агітатара. КГБістаў сапраўды расстрэльвалі (было, як бачым, у СССР і нешта станоўчае :-), але надзвычай рэдка — у выпадку здрады дзяржаве, працяглага супрацоўніцтва з замежнымі выведкамі і г. д. Адбывалася такое не кожны год.
Факты ж асуджэння да вышэйшай меры супрацоўнікаў КГБ за іншыя злачынствы (скажам, забойствы) невядомыя ў брэжнеўскі перыяд. Былі выпадкі судоў за нейкія “пабытовыя” злачынствы — і такое заўсёды рабілася “ЧП” у ведамстве. Інфармацыя пра падобнае ішла ў Аддзел адміністрацыйных органаў ЦК КПСС і ў якасці даведкі магла быць пакладзеная на стол генеральнаму сакратару, які асабіста курыраваў КГБ. Самому Андропаву, як і ягоным намеснікам, гэта нічым не пагражала, а вось адпаведнаму начальніку абласнога ўпраўлення ад аднаго з тых жа андропаўскіх намеснікаў гарантавала прачуханку за недастатковую выхаваўчую працу з афіцэрскімі кадрамі. Ну а непасрэдны начальнік віноўніка праблемаў — той пра падвышэнне па службе мог гарантавана забыць гадоў гэтак на дзесяць.
![Лукашэнка: Калі б не цёшча, я б не быў прэзідэнтам Лукашэнка: Калі б не цёшча, я б не быў прэзідэнтам](/img/v1/news/full/lukashenka_sabcak.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Агітацыя лейтэнанта Пуціна за “взять Киев за три дня” — гэта было б памацней, чым бы Пуцін выйшаў на Неўскі праспект і зарэзаў чалавека. Затое давала магчымасць увогуле пазбегнуць непрыемнасці — бо намеры лейтэнанта цалкам укладаліся ў дыягназ абвостранай шызафрэніі, і аператыўная здача пацыента ў псіхіятрычную клініку здымала праблемы: людзі з’язджаюць з глузду паўсюль, ніякая арганізацыя ад такога не застрахаваная, і інфармацыя пра вывад за штат звар’яцелага лейтэнанта далей упраўлення кадраў не пайшла б.
Канечне, пасля году 1989-га Пуціна з вар’ятні выпусцілі б — і ў яго з’яўлялася б магчымасць стаць “дысідэнтам”, як генерал КГБ Калугін, абрацца ў Ленінградскі гарсавет, зрабіцца памочнікам Сабчака, і …
Як кажуць — што наканавана, тое адбудзецца. Ёсць і іншы выраз: дзярмо ўсплывае.
![Расіяне адмовіліся ад «бацькі» Расіяне адмовіліся ад «бацькі»](/img/v1/news/full/biez_caria_v_holovie.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)