Не смяшыце нашыя электрапліткі!

«Невядома, што са здароўем у Лукашэнкі, але народ Беларусі спадзяецца на лепшае», — гэты перафраз старога анекдота як нельга лепш ілюструе падзеі тыдня. На фоне таго, як выглядаў Лукашэнка ў часе параду на Краснай плошчы, пасунуўся з павесткі дня нават украінскі контрнаступ.

Ілюстрацыйнае фота 

Ілюстрацыйнае фота 


Але пра здароўе Лукашэнкі шмат разважаць не будзем. Таму што, па-першае, і так ужо напісана багата рознага, а па-другое, маюць рацыю беларускія «экстрэмісцкія» медыкі: немажліва паставіць дыягназ па тэлекарцінцы. Ну, была ў яго перавязаная рука. Ну, не дайшоў ён 300 метраў да месца ўскладання кветак. Гэта яшчэ ні пра што не кажа, найперш таму, што медыцына за апошнія гады зрабіла агромністы скачок наперад. Ужо колькі разоў заўважалі, што Лукашэнку кепска, пачынаючы ад ягонага выступу перад выбарамі 2020 года. И пакуль нічога, жыве.

Адзінае, што заўважна ў нашых інтэрнэтах — гэта тое, што я не ўбачыў аніводнага спачувальнага каментара з зычаннем чалавеку ачуняць і быць здаровым. Канечне, апаненты Лукашэнкі яму такога не пажадаюць з улікам таго, што ён зрабіў у апошнія тры гады. А прыхільнікі Лукашэнкі таксама нічога не пажадаюць, бо такая ўжо ў дыктатараў практыка, што здароўе правадыра — таямніца за сямю пячаткамі. І калі афіцыёз нічога не піша пра здароўе Лукашэнкі, то і жадаць нічога не варта.

Сапраўды, пажадаеш такому здароўя, а потым прыйдуць да цябе і скажуць: «А што вы мелі на ўвазе?», «А з чаго вы раптам здароўя жадаеце? Вы сумняецеся, што яно ў яго ёсць?», «А ці няма ў вас у думках дыскрэдытацыі прэзідэнта»?

Вось і стаўся Лукашэнка чалавекам, якому нават добрага слоўца ніхто сказаць не можа. Ці вартая гэтага ўся ягоная ўлада? Шчыра, па-чалавечаму, ну яе нафіг, такую ўладу, калі табе ніхто не паспачувае і нават здароўя ніхто не пажадае…

У той жа час КДБ разам са Следчым камітэтам выкрыла чарговы «тэракт». Нібыта выбухоўка была перапраўленая ў Сінявокую пад выглядам настольных электраплітак з Украіны праз Італію, Балгарыю, Турцыю, Грузію. Адтуль яны трапілі ў пункт дастаўкі ў Каменнай Горцы, а потым «пасярэднікі» разнеслі іх у садовае таварыства ў Аляхновічах і на могілкі ў Калодзішчах.

«Нашы спецыялісты ўстанавілі, што яны (выбуховыя прыстасаванні — «НЧ») з'яўляюцца пластычнымі выбуховымі рэчывамі і электрадэтанатарамі, якіх дастаткова, каб сабраць некалькі выбуховых прылад. Экспертыза паказала, што выбухоўка адносіцца да пластычных выбуховых рэчываў амерыканскай вытворчасці C-4. Агульная маса выбуховых рэчываў — каля двух кілаграмаў. Дастаткова, каб пусціць пад адхон адразу некалькі цягнікоў», — заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз ДКСЭ Беларусі Уладзімір Атрашкоў.

Падаецца мне, недзе ў КДБ існуе свой, альтэрнатыўны глобус. Ці тое ў іх гарадзенскі «тэрарыст» едзе ў Беларусь з Варшавы праз Лодзь, якая знаходзіцца ў адваротным баку ад Сінявокай. Ці тое выбухоўка ў іх едзе з Украіны праз Італію ў Балгарыю і Турцыю… Ці тое ў іх з’явілася агульная мяжа паміж Беларуссю і Грузіяй, бо Расія ў спісе краін-транзіцёраў не называецца…

Надоечы я ляцеў самалётам з Вільні, і ў мяне «завярнулі» багаж з прычынаў бяспекі, бо я ў багажы забыўся звычайны паўэрбанк, які можна перавозіць толькі ў ручной паклажы. У мяне ўсё скончылася добра, але з гэтай прычыны я сумняюся, што з Грузіі ў Беларусь выбухоўка шчасна даляцела самалётам. Тым больш — з дэтанатарамі.

Цікавы і выбар мэтаў — ад жа ідыятызму. Хай сабе будзе садовае таварыства ў Аляхновічах, але скажыце, калі ласка, хто папрэцца на могілкі ў Калодзішчы з электрапліткай? Навошта? Што там узрываць? Нават калі «пасеяць паніку», то Радаўніца ўжо прайшла, а да Дзядоў далёка.

Таму, напэўна, КДБ Беларусі проста правяло аперацыю па барацьбе з пасярэднікамі — у духу запаветаў Лукашэнкі. Цяпер, пэўна, яны тлумачаць падазраваным: «Што вы там корпаецеся? Рабіце, як усе тэрарысты: дасылайце выбухоўку адразу ў тыя ўстановы, якія плануеце ўзарваць».

Сапраўды, менавіта так робяць тэрарысты па ўсім свеце. Навошта «лішнія рукі» і нейкія незразумелыя схемы дастаўкі? Прасцей за ўсё — пераправіць выбухоўку ў Расію (памятаеце, як тэрарысты без праблем даехалі да маскоўскага тэатра на Дуброўцы і захапілі ў закладнікі 800 чалавек?), а потым «Поштай Расіі» альбо тым жа СДЭКам адправіць яе ў Беларусь. І не трэба вам Італія з Балгарыяй.

Карацей, у версіі КДБ і СК «дзірак» столькі ж, колькі ў гісторыі пра «гарадзенскага тэрарыста». І нават незразумела, навошта апрылюдніваюцца такія нязграбныя і нелагічныя гісторыі. Ці прапаганда лічыць, што чым больш такіх сюжэтаў у тэлебачанні, то людзі зададуцца пытаннем: «Не можа ж гэта ўсё быць хлуснёю?». Але схема Гебельса, што чым больш нахабная хлусня, тым больш у яе вераць, цяпер наўрад ці працуе. У часы Гебельса крыніц альтэрнатыўнай інфармацыі не было зусім, а цяпер яны ёсць. І нават проста падумаўшы, можна з упэўненасцю сказаць: «Гэта няпраўда».

Зразумела, што КДБ павінна дэманстраваць нейкія «поспехі», каб ім проста не зрэзалі заробак. Аднак можна ж было хаця б больш якасна падрыхтаваць гэтую дэманстрацыю?

І на ўсім гэтым фоне даволі важную заяву зрабіла Святлана Ціханоўская. Дэмакратычная лідарка Беларусі паразважала, што будзе, калі «Лукашэнка ўсё». Найперш яна адзначыла, што лёгка не будзе, і ёсць вялікая небяспека прыходу да ўлады расійскай марыянеткі альбо такога ж дыктатара. Па-другое, яна распавяла, што ў дэмакратычных сіл ужо распрацавана стратэгія пераходнага перыяду, якая праходзіць цяпер абмеркаванне. І трэцяе — яна застаецца ў палітыцы. «Я гатовая браць на сябе адказнасць і быць вашым голасам у гэты цяжкі час, каб правесці сумленныя выбары і не дапусціць хаосу і прыходу да ўлады новага дыктатара», — сказала яна.

Палітыка — цікавая гульня, якая яе зацягнула. І Ціханоўская ў ёй сапраўды яскравая постаць. Але больш важнае, што ў дэмсіл нарэшце паўстала пакуль нябачная, але тая самая пазітыўная павестка і план дзеянняў на выпадак… Ну, на ўсялякі выпадак.

А гэта значыць, што беларусаў рана спісваць з рахункаў.