«Журфак-сінема-прадакшн». Што за «акцёры» здымаліся ў фільме АНТ пра «тэракт» на 9 траўня?

АНТ паказала сюжэт пра падрыхтоўку тэракту ў Мінску на 9 траўня. Адметна, што ў фільме былі не толькі кадры з допыту моладзі, але і дзіўныя «мастацкія» сцэнкі — нібыта «рэканструкцыі». Як высветлілася, разыгралі іх студэнты і выкладчыкі журфака БДУ.

Скрыншот з відэа АНТ 

Скрыншот з відэа АНТ 


Сцэнкі, у якіх граюць журфакаўцы, такія: нейкі прыяцель у перапісцы просіць студэнта забраць пасылку, той пагаджаецца; пасля маладых людзей збіраюць у зале журфака на прагляд прапагандысцкага фільма АНТ пра тое, як гэта можа быць небяспечна забіраць невядомыя пасылкі ад знаёмых з-за мяжы, і ён перадумвае, піша «экстрэмісцкая» ў Беларусі «першая газета з карцінкамі».

Галоўную ролю выканаў 18-гадовы Ілья Міронаў. Хлопец з Мінска, вучыцца на 1 курсе, спецыяльнасць «журналістыка». Ён выпускнік Ліцэя БДУ.

Ілля Міронаў. Фота з сацсетак

Ілля Міронаў. Фота з сацсетак


Нядаўна Міронаў удзельнічаў у конкурсе «Містар журфак». Відаць, з гэтым звязана яго апісанне на старонцы ў інстаграме — «містар закуліссе».

«Год таму мне здавалася, што я нікому не патрэбны. Многае з таго, пра што я марыў, не спраўдзілася, і з актыўнага і вясёлага забаўніка я ператварыўся ў шэрага і тужлівага абывацеля. Адсюль пайшла мая няўсмешлівасць, з-за якой я ўвесь час выглядаю сумным», — пісаў у інстаграме Міронаў і пасля расказваў, як здорава, што яго прапусцілі на конкурс, бо гэта змяніла яго свет.

Другі студэнт, які браў удзел у здымках, — Уладзіслаў Пералыгін. Яму таксама 18 гадоў, хлопец родам з Веткі. Вучыцца па спецыяльнасці «журналістыка». «Музыкант», — піша пра сябе.

Уладзіслаў Пералыгін. Фота з сацсетак.

Уладзіслаў Пералыгін. Фота з сацсетак.


«Планы на будучыню грандыёзныя. Я хачу паступіць на факультэт журналістыкі БДУ. І спадзяюся, што ў будучыні стану вядучым інфармацыйна-аналітычнай перадачы аднаго з вядучых тэлеканалаў краіны», — расказваў ён у эфіры «Беларусь 4» да паступлення.

У сацсетках хлопец днямі дзяліўся, што быў на афіцыйных святочных мерапрыемствах да 9 траўня. «Упершыню пабачыў прэзідэнта ўжывую», — падпісаў ён фота ў сторыз.

Таксама ў здымках узялі ўдзел дзве выкладчыцы факультэта журналістыкі БДУ. Гэта загадчыца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Алеся Кузьмінава і дацэнтка кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Аліцыя Пінюта (былая рэдактарка заводскай газеты МТЗ).

Раней Алеся Кузьмінава апраўдвалася за адпачынак у Еўропе, расказвала пра «непрыгожых амерыканцаў» і з гонарам распавядала, як удзельнічала ў рэпрэсіях супраць студэнтаў.

Аліцыя Пінюта. Скрын відэа з АНТ

Аліцыя Пінюта. Скрын відэа з АНТ


Калі студэнт па сюжэце спрабуе адпрасіцца, каб не ісці на прагляд фільма «пра тэрарыстаў», Пінюта настаўляе яго: «Вы, канечне, можаце ставіць асабістыя планы вышэй за грамадскія, але не ў гэтым выпадку. Схадзіце на інфагадзіну, каб пасля ўсё жыццё не бегаць з аўтаматам».