Хто рыхтуе будучых прапагандыстаў на журфаку БДУ
Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень супрацоўнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Паколькі ўсе гэтыя структуры захопленыя рэжымам, на журфаку БДУ з маладзёнаў рыхтуюць выдатнікаў прапагандысцкага фронту. Паглядзім, хто і чаму іх там навучае.
Адразу ж адзначым, што на так званым факультэце журналістыкі БДУ усё яшчэ застаюцца шчырыя, сумленныя выкладчыкі, што стрымліваюць імклівы распаўсюд абсурда ў ВНУ. Але такія спецыялісты — выключэнне, якое, на жаль, пацвярджае правіла. Сёння засяродзімся на адыёзных асобах, якія складаюць касцяк факультэта прапаганды і шчыруюць на ганебныя ўчынкі.
Сёння многія з адлічаных у 2020-м студэнтаў паспяхова працуюць у незалежных беларускіх выданнях, а дыплом лукашэнкаўскага журфаку мае вагу бадай што толькі на БТ і ў іншых падобных арганізацыях.
Пасля актыўнай фазы пратэстаў у 2020-м факультэт пачаў бессаромна каціцца ў прорву. Сумленных выкладчыкаў тут затрымлівалі наўпрост падчас заняткаў (так, напрыклад, 14 снежня 2021-га была затрыманая і асуджаная на 15 сутак зняволення выкладчыцца Ксенія Мартуль).
Найлепшай выпускніцай факультэта ў 2022 адміністрацыя прызнала Дар’ю Травулька — дачку палкоўніка КДБ, якая пісала на старонках «саўбелкі» пра суды над палітычнымі вязнямі — у тым ліку пра сваю калежанку Ксенію Луцкіну, былую супрацоўніцу БТ, якая звольнілася на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, а зараз пакутуе ад анкалагічнай хваробы пад наглядам сілавікоў.
Пазней на журфаку знікла спецыяльнасць «міжнародная журналістыка» — відавочна, за непатрэбнасцю.
Дык хто іх гэтаму навучыць?
Алеся Кузьмінава — загадчыца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання
Загадчыцай кафедры
Алеся Юр’еўна працуе з 2019 года. Да гэтага яна паспела атрымаць дыплом журфака,
а таксама скончыць магістратуру і аспірантуру БДУ.
Абраўшы ў якасці тэмы кандыдацкай дысертацыі «Тэлебачанне ў працэсе рэалізацыі інфармацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь», Алеся Кузьмінава, відавочна, пакінула цвёрдую заяўку на атрыманне высокай пасады загадчыцы кафедры.
Сярод яе прафесійных дасягненняў на сайце журфака БДУ пазначаная супраца з шэрагам рэдакцый (у тым ліку газета «Пераходны ўзрост», тэлеканал «Первый музыкальный»). А з 2011 па 2013 будучая загадчыца кафедры працавала карэспандэнтам на радыёстанцыі «Беларусь» — верагодна, па размеркаванні пасля журфака.
У 2020-м годзе Алеся Юр’еўна віншавала калегаў з БТ, якія панасілі ўдзельнікаў пратэстаў, з дзяржаўнымі святамі ў сваіх сацсетках і захаплялася іх прафесіяналізмам. Студэнты скардзіліся на запужванні з боку загадчыцы кафедры — тая папярэджвала аб «наступствах» за удзел у пратэстных акцыях. А ў якасці чальца камісіі, Алеся Кузьмінава спрыяла драконаўскаму размеркаванню выпускнікоў журфака ў самыя аддаленыя мясціны.
Да таго ж Кузьмінава не хавае сваёй датычнасці да адлічэння студэнтаў па палітычных мэтах, пра што заявіла падчас інтэрв’ю на «Беларусь-1»:
«З пункту гледжання студэнтаў, мы ведалі канкрэтна ў твар тых людзей, якія выступалі [супраць гвалту], літаральна гэта былі 4 студэнты, якія потым пакінулі нашае ВНУ».
Алеся Юр’еўна вельмі любіць падарожнічаць, але ў апошнія гады спецыялістка заўважыла, што гэтае яе хобі разыходзіцца з лініяй партыі.
«Калі я выехала на 7 дзён у Еўропу, гэта не значыць, што я не патрыёт сваёй краіны», — паспяшалася апраўдацца перад аднадумцамі выкладчыца журфака на сваёй старонцы ў Facebook.
«Не патрэбна нам Ніца, не патрэбны нам Каны, у нас ёсць сталіца і тэлеэкраны!» — заявіла Алеся Кузьмінава ў іншым допісе.
Ва ўзгаданым вышэй інтэрв’ю ў праграме «Скажи не молчи» Алеся Кузьмінава пахвалілася:
У той жа праграме Кузьмінава з захапленнем выказалася пра «адкрыты ўрок» Лукашэнкі, які пад прымусам слухалі школьнікі па ўсёй краіне.
«Для мяне гэты адкрыты ўрок, я яго паглядзела цалкам, ён быў вельмі кранальным, таму што гэта было вельмі па-бацькоўску, гэты была магчымасць пачуць рабятам з першых вуснаў пра тое, што адбываецца і што адбывалася, выказаць сваё меркаванне, таму для мяне гэта вельмі добры трэнд перш за ўсё!», — сцвердзіла сваю прыхільнасць загадчыца кафедры журфака.
Прапагандыст Ігар Тур
Гэты адыёзны прапагандыст, чыя прарэжымная зорка заззяла ў крывавым 2020-м, сёння пазначаны на сайце журфака БДУ у якасці выкладчыка-стажора.
Ён скончыў журфак па спецыяльнасці «друкаваныя СМІ». Вядома, што падчас навучання ва ўніверсітэце Тур не вылучаўся асаблівай прыхільнасцю да рэжыма. У 2014-м ён пачаў працаваць на АНТ, дзе быў даволі пасрэдным прадстаўніком эфіру.
Але падчас выбарчай кампаніі 2020-га Ігар Тур нарэшце праявіў свае прыхаваныя крыважэрлыя здольнасці.
Прапагандысты таксама адзначаюць гадавіну масавых беларускіх пратэстаў 2020-га, але па-свойму. Так у жніўні 2022-га выкладчык журфака Ігар Тур у эфіры АНТ абсалютна сур’ёзна заявіў наступнае:
«Тое, што на выбарах 2020-га перамогу атрымае Лукашэгнка, было гэтак жа відавочна, была толькі адна тэма для разважанняў — набярэ ён больш за 80% альбо менш».
У тым жа эфіры выкладчык БДУ бессаромна апраўдаў страшэнны гвалт беларускіх сілавікоў: «Раніцай 9 жніўня прэзідэнт папярэдзіў усіх будучых уладальнікаў сініх дуп, што дупы будуць сінімі».
Акрамя эфірнай дзейнасці і выкладання на журфаку, Тур вядзе аўтарскі YouTube-канал «Главный. Тур», дзе, як пазначана на сайце АНТ, «говорит о главном — и о Главном». Не складана здагадацца, каго прапагандысты называюць Галоўным з вялікай літары «Г».
Праўладны актывіст Максім Цюцянькоў
Учорашні выпускік журфака (Цюцянькоў скончыў факультэт ў 2020-м годзе), Максім Цюцянькоў ужо даслужыўся да выкладчыка кафедры тэлебачання і радыёвяшчання.
У аднозненні ад Ігара Тура, Цюцянькоў вызначыўся з палітычнымі поглядамі даволі рана. Па правую руку ад Лукашэнкі тады яшчэ баранавіцкі школьнік Максім Цюцянькоў сядзеў яшчэ ў 2017-м.
— Мне выпаў гонар прадстаўляць моладзь Брэсцкай вобласці на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, — каментаваў тады свой удзел будучы выкладчык журфака. — Падчас форума, здаецца, мы паспелі паразмаўляць пра ўсё: і пра лідэрскія якасці, і пра адукацыю, і як правільна абраць прафесію. Ні адно пытанне з тых, што задалі Прэзідэнту, не засталося без адказу. … Перад самой сустрэчай з кіраўніком дзяржавы я вельмі хваляваўся, але падчас размовы хваляванне сышло, — прызнаваўся тады школьнік.
У лютым 2021-га года Лукашэнка зладзіў так званую сустрэчу са студэнтамі, каб прадэманстраваць, што ў краіне, дзе маладзёнаў хапаюць на вуліцы, збіваюць і кідаюць за краты, усё пад кантролем. Моладзь для сустрэчы склікалі правераную — у тым ліку, вядома, туды трапіў Максім Цюцянькоў і заявіў: «Нам патрэбнае сваё свята!». Сапраўды, хлопец не знайшоў тады нічога больш актуальнага, чым прапанаваць увесці «дзень беларускага студэнцтва». «Атрымаў першае паручэнне ад Прэзідэнта!» — адрапартаваў потым Максім у сваіх сацсетках.
Акрамя выкладання на журфаку Максім Цюцянькоў яшчэ і займае пасаду намесніка старшыні Моладзевай палаты пры Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Вось так та!
Пачакайце, але што з вышэй пералічаных дасягненняў дае Цюцянькову прафесійнае права выкладаць на факультэце журналістыкі? Няўжо, прысвячаючы столькі часу службе рэжыму Лукашэнкі, ён сапраўды паспеў назапасіць журналісцкі досвед, каб дзяліцца ім са студэнтамі?
На сайце БДУ, каб стварыць уражанне легітымнасці выкладчыка, па сусеках нашкраблі яшчэ некалькі каля-журналісцкіх актыўнасцяў, у тым ліку супрацу з рэдакцыяй баранавіцскай газетай «Наш край» (верагодна, у рамках летняй студэнцкай практыкі), радыёстанцыяй «Барановичи-FM».
Небагатая прафесійная біяграфія, тым не менш, не перашкаджае Максіму Цюцянькову весці на журфаку ажно чатыры курсы: «Асновы відэаблогінгу і падкастынгу», «Тэхналогіі медыявытворчасці», «Інтэрактыўныя аўдыёвізуальныя СМІ», «Прадзюсіраванне ў аўдыёвізуальнай медыяіндустрыі».