«Прапагандыстам, чыя вера ва ўсемагутнасць сілавікоў трашчыць па швах, даводзіцца займацца аўтатрэнінгам»
Эксперт «MediaIQ» прааналізаваў апошнія выступленні ў праўладных СМІ пасля дыверсій у РФ. У прапаганды здарылася істэрыка.
На гэтым тыдні ў РФ адбылося адразу некалькі надзвычайных здарэнняў, якія прыцягнулі ўвагу афіцыйных прапагандыстаў. 1 і 2 мая ў выніку выбухаў у суседняй з Беларуссю Бранскай вобласці сышлі з рэек два грузавыя цягнікі, прычым адзін з іх знаходзіўся пад кіраваннем лакаматыўнай брыгады «Беларускай чыгункі». Гэта пацягнула за сабой узмацненне мер бяспекі, у тым ліку з задзейнічаннем Узброеных сіл Беларусі.
Акрамя таго, ужо 3 траўня два беспілотнікі атакавалі Сенацкі палац у Крамлі, узарваўшыся на яго купале або побач з ім. Паралельна амаль кожны дзень адзначаліся ўзгаранні і выбухі на нафтабазах і нафтаперапрацоўчых заводах у РФ і на акупаванай РФ тэрыторыі Украіны.
«MediaIQ» разглядае, як друкаваныя СМІ і прапагандысты ў сваіх сацсетках адрэагавалі на гэтыя здарэнні, якія зрабілі высновы і да чаго заклікалі.
Калі «старэйшы брат» не вельмі моцны
Прапаганда неадкладна правяла паралелі паміж апошнімі падзеямі ў РФ і падзеямі ў Беларусі — дыверсіяй у Мачулішчах і акцыямі мірнага супраціву на беларускіх чыгунках зімой-вясной 2022 года.
Вера ў сілу Масквы з'яўляецца адным з ключавых прапагандысцкіх рэсурсаў уладаў, таму ўдар па Крамлі, які паказаў слабасць супрацьпаветранай абароны РФ, стаў асабліва крыўднай аплявухай для Лукашэнкі і яго памагатых.
«Старэйшы брат» нават сябе паўнавартасна абараніць не можа — ці абароніць ён «малодшага», на рахунку якога ўжо ёсць абразлівы правал з абаронай у Мачулішчах?
Так, наўпрост звязалі падзеі ў Расіі з беларускай тэматыкай аўтары «СБ. Беларусь сёння» Яўген Канановіч і Дар'я Гатоўка. У артыкуле з падзагалоўкам «Тэрарыстычныя вылазкі кіеўскага рэжыму становяцца ўсё больш небяспечнымі» яны напісалі не толькі пра падзеі ў РФ, але і пра нібыта існуючыя планы аб'яднання былых беларускіх сілавікоў B*POL па «падрыхтоўцы тэрактаў на аб'ектах інфраструктуры Мінска».
Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі мякка пакрытыкаваў ФСБ і таксама выказаў меркаванне, што рэжым у Беларусі сутыкнецца з тымі ж выклікамі, што і Крэмль, ды і ўжо з імі сутыкаецца.
«Варта чакаць шматлікіх тэрактаў і дыверсій на тэрыторыі РФ... Нельга сказаць, што контрвыведка ФСБ не выконвае сваю працу. Але пэўная расхлябанасць грамадства, прычым не толькі ў Маскве, прысутнічае. Ацэнкі Буданава [кіраўнік украінскай вайсковай выведкі. — Заўв. рэд.] наконт пагарджання элементарнымі захадамі бяспекі ў РФ не пазбаўленыя сэнсу. Дарэчы, выказаныя вышэй ацэнкі пэўным чынам тычацца і Беларусі», — напісаў ён у сваім ТГ-канале.
«Не сакрэт, што радыкальныя палітызаваныя групоўкі... шукаюць выканаўцаў для здзяйснення дыверсій і тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі. Яны наўпрост заклікаюць да такога кшталту дзеянняў, і гэтыя дзеянні, на жаль, ужо мелі месца ў нашай найноўшай гісторыі. Я маю на ўвазе спробы здзяйснення дыверсій на чыгунцы», — дадаў ён у іншай публікацыі.
Злосць і страх даводзіцца спаганяць на «бчб-экстрэмістах», прычым не звяртаючы ўвагу ні на логіку пабудовы фраз, ні на граматыку, ні на стыль, ні на банальны здаровы сэнс.
«Пакуль нармальныя людзі спачувалі таму, што адбылося... Паклёпнічалі тэрарысты, маўляў, "партызаны" ўзарвалі склад, а ў каментарах інфапамыйкі востракапытныя тут жа пачалі патрабаваць ракеты на Мінск», — напісала нейкая Анастасія Цэлюк у «СБ. Беларусь сёння».
Атрымліваецца, нармальныя людзі — гэта тыя, хто спачуваў дыверсіі? Хто «тэрарысты»? Тыя, хто падарваў, або тыя, хто паклёпнічаў? У чым паклёп? Што за «інфапамыйка» маецца на ўвазе?
«Нашы бэчебэшнутыя на ўсю галаву ў чарговы раз паказалі свой сапраўдны твар… Страшна нават на хвіліну ўявіць, што было б у краіне, калі б такія мразі прыйшлі да ўлады…», — апісала Цэлюк, відавочна, свае начныя кашмары.
Ядзерная істэрыка і смяротнае пакаранне
Прапагандысты, прымерваючы апошнія выбухі ў РФ на беларускія рэаліі, заклікаюць выкарыстоўваць у якасці адказу як мага больш жорсткія рэпрэсіі і нават зброю масавага знішчэння. Эпітэты тыпу «вар'яцкая гульня» выдаюць адкрытае замяшанне аўтараў.
2 мая Лукашэнка правёў закрытую нараду па бяспецы. Дзмітрый Крат у «Народнай газеце» пракаментаваў гэта наступным чынам:
«...Па ўказанні кіраўніка дзяржавы прымаюцца меры, звязаныя з узмацненнем жорсткасці контрвыведніцкага рэжыму. Гэта неабходна, каб працаваць на апярэджанне, на прафілактыку і не дапусціць у рэшце рэшт таго, што адбываецца побач з намі ў розных рэгіёнах... Спроба тэракту ў Мачулішчах, ліквідацыя дыверсанта ў Гродне... А ў Расіі ў гэты час здарыліся тэрарыстычныя атакі на чыгунцы, здзейснены дзёрзкі напад на Крэмль з дапамогай БПЛА... Стаўкі ў гэтай вар'яцкай гульні ўжо задраныя вышэй няма куды».
«Што рабіць у гэтай сітуацыі?» — задаецца пытаннем Крат, прызнаючы, што змяніць сітуацыю «пакуль нерэальна». Па сутнасці, ніякага адказу ён не дае, таму што рэкамендацыя «захоўваць спакой» і «не панікаваць» — гэта прызнанне таго, што спакою няма, а вось падставы для панікі якраз ёсць.
Лячэнне ад уласнай панікі — пагрозы і максімальная жорсткасць
«Рашэнне павінна быць адно ў Расіі, як і ў Беларусі. У Рэспубліцы Беларусь гэтае рашэнне прынята раней, чым у РФ. З экстрэмістамі і тэрарыстамі размоў быць не можа, яны павінны знішчацца бязлітасна... З тэрорам бескарысныя размовы, з экстрэмістамі не дамовішся, тэрарысты і экстрэмісты павінны знішчацца. Любы памагаты, пятая калона, якая тут рыхтуецца, шчодра фінансуюцца, павінны разумець: узяў 5000 еўра за тое, што дапамог тэрарысту — будзеш знішчаны», — заявіў Алег Гайдукевіч у сваім ТГ-канале.
Таксама Шпакоўскі, які ўжо згадваўся, заўсёднік дзяржаўнага ТБ і радыёэфіру, заклікаў РФ у якасці адказу на дыверсіі зноў увесці смяротнае пакаранне (адмяніць мараторый).
Акрамя таго, ён падтрымаў расійскага прапагандыста Каротчанку адносна дапушчальнасці і апраўданасці ўжывання РФ ядзернай зброі з каментаром:
«Абсалютна згодны. Загадзя папярэдзіць грамадзянскае насельніцтва пра неабходнасць пакінуць буйныя гарады Украіны, не апавяшчаючы пра час і месца нанясення ўдараў».
Аляксей Дзермант заклікаў да забойства прэзідэнта Украіны:
«Дык што, аказваецца, чырвоная лінія — гэта Чырвоная плошча нашай любімай Масквы? Разумею, што лепш без эмоцый, але павінен быць адказ. Такі ж сімвалічны і вельмі магутны, які трапіў у патрэбную цэль, напрыклад, у Зяленскага ў яго бункеры».
Іншы прапагандыст, Вадзім Гігін, адзначыў, што вайна выявіла «пэўныя слабасці» РФ, параўнаўшы гэта з сітуацыяй лета 2020 года ў Беларусі:
«Я памятаю, як восенню і летам 2020 года і мы ўсе думалі пра тое, як умацаваць нашу дзяржаву, як ліквідаваць той раскол, які праціўнік унёс у наша грамадства, як пераадолець наступствы спробы дзяржаўнага перавароту. А цяпер нешта падобнае, толькі ў большым маштабе, перажывае і Расія».
Пры гэтым ён выдаў парадаксальны рэцэпт: «Самае галоўнае тут — гэта слухаць прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна. Ключавое слова за ім. І тое, што ён дазавана выдае інфармацыю, шмат у чым павінна супакоіць калі не грамадства, то тых людзей, якія выконваюць спецыяльныя функцыі».
Шаманізм і рытуальныя скокі
Па сутнасці, прапагандыстам, чыя вера ва ўсемагутнасць сваіх і расійскіх сілавікоў трашчыць па швах, даводзіцца ці то займацца аўтатрэнінгам, ці то агучваць нейкія акультныя магічныя формулы.
Так, напрыклад, сустракаюцца апеляцыі да сваіх лідараў амаль як да нейкіх усяведных вышэйшых сіл.
Сапраўды, гэтак жа, як Гігін лічыць, што галоўнае — слухаць Пуціна, Гайдукевіч заклікае да вобразу Лукашэнкі: «Даведаўшыся пра навіны, пра здзяйсненне тэракта на тэрыторыі Крамля, я адразу ўспомніў пасланне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Яно актуальна і цяпер. Я ўспомніў кожнае слова, якое сказаў прэзідэнт».
Увогуле, галоўнае — знішчаць максімальную колькасць ворагаў, а таксама «вельмі важна быць адзінымі, падтрымліваць сілавікоў і прэзідэнта».
Шпакоўскі, усведамляючы залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад лёсу пуцінскай вайны супраць Украіны, фактычна распісваецца ў тым, што з аргументаў у яго толькі нейкія магічныя вераванні:
«Думаю, што нас (у шырокім сэнсе, Беларусь таксама) наперадзе чакаюць велізарныя ўзрушэнні... Працягваю верыць у непазбежную перамогу расійскай зброі».
Аналагічным чынам квазірэлігія веры ў «нашу перамогу» блізкая і Аляксею Дзерманту: «Асабіста я не сумняваюся ў нашай перамозе. Але як гэта на Русі павялося, будзе яна нялёгкай».
Натуральна, аніякіх рацыянальных довадаў гэтыя спробы загаварыць свой страх не маюць, ды і не патрабуюць.