Асобная думка. «Убойная пасылка» — 28 адважных хвілін

АНТ выдала чарговы кінашэдэўр «Убойная пасылка». Наважыўся я яго такі паглядзець і не пашкадаваў. Даволі паказальнае відовішча. Гэта было б вельмі смешна, калі б не было так сумна ад узроўню аўтараў і ад таго, за каго трымаюць сваю аўдыторыю стваральнікі гэтай стужкі.

"Убойная пасылка". Скрыншот з відэа АНТ

"Убойная пасылка". Скрыншот з відэа АНТ


З першых кадраў мне здалося што гэта хвілінка нейкай дрэннай сацыяльнай рэкламы, пасля якой будзе і само кіно. Не — гэта адразу кіно! Хлопец з каменным тварам, якому пазайздросціў бы сам Том Хардзі, з пастаянна бегаючымі вачыма і драўляна-напружанай хадой нібыта ўвесь час чакае, што яго вось-вось пачнуць лаяць, а можа нават і біць. Не пашанцавала, карацей, хлопцу з кінадэбютам.
На кароткіх дыялогах мастацкай часткі я нават спыняцца не буду — гэта трэба бачыць і чуць. Дыялогі эпохі «нямога кіно» выклікалі больш даверу. Вобразы супрацоўніц навучальнай установы больш карыкатурныя, чым жыццёвыя. Натуральна, на месцы КДБ я бы толькі за гэта аўтараў ужо абвінаваціў у «здрадзе дзяржаве», бо горш зрабіць досыць цяжка.

"Убойная пасылка". Скрыншот з відэа АНТ

"Убойная пасылка". Скрыншот з відэа АНТ

А далей ідзе натуральнае месіва з кадраў хронікі, нібыта «аператыўных здымак» і расповедаў падазраваных у падрыхтоўцы тэрактаў. Галоўнае распавядаецца і акцэнтуецца за кадрам урачыстым голасам, які досыць вольна трактуе ўсе падзеі. Тут літаральна «і Крым, і Рым»! Здаецца, што паводле гэтай прымаўкі і будавалася частка, прысвечаная паходжанню электраплітак з выбухоўкай. У Крыму нібыта ў такіх жа плітках дасылалася выбухоўка для тэрактаў у дачыненні да кіраўніцтва паўвострава, а праз Рым такія пліткі ўжо ішлі ў Беларусь каб «заблытаць сляды». Цікава, што паводле сюжэту, пліткі падазраваныя атрымлівалі нібыта праз пункты «СДЭК» — расейскага аператара ў сферы грузаперавозак.
Падазраваныя ў падрыхтоўцы тэрактаў, якія атрымлівалі «ўбойныя пасылкі» і ажыццяўлялі з імі розныя маніпуляцыі, паводзяць сабе досыць спакойна, сядзяць вольна і нават без кайданкоў. Дзіўна, не? А вось у дачыненні да «ўкраінскага куратара» стваральнікі разгарнуліся напоўніцу! Тут і ўдзел у «масавых беспарадках» 2020 года (прыгадаем, што ў 2020 годзе самі ўлады сцвярджалі, што ніякіх масавых беспарадкаў не было), і асабістыя фота з півам, і дачыненне да «каліноўцаў». Але ж больш за ўсё педалюецца тэма нібыта ягонай «нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі» з выкарыстаннем зусім ужо нецэнзурнага лексікону. Галасы за кадрам з здзеклівай асалодай абсмоктваюць нібыта асабістую перапіску «куратара» са знаёмай у мэсенджары. Гэта выглядае брыдка і непрафесійна, хаця аб чым тут я....
Кадры аператыўнай здымкі з месца, дзе была прыхавана адна з плітак, здзіўляюць. Супрацоўнік у форме працуе на месцы, дзе можа быць выбухоўка, амаль без аніякіх сродкаў абароны — толькі каска і лёгкая бронекамізэлька. Гэта што? Нават калі ён з дапамогай нейкага дроту рыўком выцягвае з ямы пакет з пліткай, у якой, нагадаем, магчыма знаходзіцца выбухоўка, аператар спакойна стаіць і здымае гэта зусім побач. Калі на ўчастку садовага таварыства дастаюць другую плітку з выбухоўкай, то гэта ўвогуле робіць нейкі чалавек у грамадзянскай вопратцы з простай кепкай на галаве. Як гэта разумець — пытанне рытарычнае.

"Убойная пасылка". Скрыншот з відэа АНТ

"Убойная пасылка". Скрыншот з відэа АНТ

Каментар начальніка галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз больш падобны на мастацкі пераказ экспертнага заключэння. Ніякі эксперт не дазволіць сабе фармуляваць сказы кшталту «дастаткова, каб сабраць некалькі выбуховых прыладаў» ці «пластычнае выбуховае рэчыва амерыканскай вытворчасці С4, якое часцяком выкарыстоўваюць для тэрарыстычных актаў». Апошні пасаж — «агульная вага выбуховых рэчываў каля 2 кілаграмаў. Гэтага дастаткова, каб пусціць пад адхон некалькі цягнікоў» — яскравы прыклад злучэння прапаганды і рэшткаў крыміналістыкі. Знаёмы былы эксперт паведаміў, што экспертнае заключэнне вызначае толькі від выбухоўкі, яе дакладную (да долей грамаў) вагу і прыдатнасць для выкарыстання па прызначэнню. А высвятляць, колькі цягнікоў, самалётаў і параходаў збіраўся хтосьці пусціць пад адхон — справа следства.


Гэта, канечне, не ўсё, што натрамбавана ў няшчасныя 28 хвілінаў. Такое ўражанне, што аўтары яшчэ не страцілі дзіцячай звычкі распавесці як мага больш за кароткі тэрмін, пераскокваючы з аднаго на другое. Відавочна, што здымалася, агучвалася і мантавалася гэтая «стужка» ў «пажарным» тэмпе — гэта бачна па надвор’і. Магчыма, гэта звязана з абяцаннямі 2 траўня кіраўніка КДБ І. Церцеля цягам 10 дзён прадставіць «100% доказы» таго, што апазіцыя рыхтуе акцыі па дэстабілізацыі абстаноўкі. Але тады не зусім зразумела, пры чым тут апазіцыя да ўкраінскага ГУР МА. 9 траўня той жа І. Церцель заявіў аб выкрыцці і спыненні спробаў тэрактаў і ўжо ўвечары 10 траўня АНТ прадстаўляе цэлую стужку аб гэтым. Гэта вельмі падобна на тое, што паміж сілавымі ведамствамі сучаснай Беларусі пачаўся новы віток даўняй барацьбы за ўплыў. Эскалацыя напружанасці выгадна толькі ім. КДБ адсправаздачыўся. Ці будзе адказ ад МУС?