Што, зноў?! Церцель заявіў, што КДБ спыніў спробу здзяйснення тэрактаў
Кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што ў Беларусі спынена спроба здзяйснення тэрактаў. Пра гэта паведамляюць дзяржаўныя прапагандысты. Гэта не першая ўдалая «антытэрарыстычная аперацыя» лукашэнкаўскіх спецслужбаў, пры тым што некаторыя з папярэдніх не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
Іван Церцель паабяцаў распавесці падрабязнасці 10 траўня.
«Гэтыя падзеі былі звязаны, паводле нашых ацэнак, з 9 траўня. Спроба ўскалыхнуць сітуацыю. Кіраўнік дзяржавы ў курсе гэтых момантаў. Мы затрымалі пэўную колькасць асоб, якія рыхтаваліся да здзяйснення тэрактаў. І ведаем, што за гэтым стаяць спецслужбы. Я не хачу цалкам адкрываць сёння. Заўтра мы пастараемся ўсё сказаць», — цытуе Церцеля БелТА.
2 траўня, нагадвае «Л*стэрка», кіраўнік КДБ заяўляў, што ў Беларусі зробяць
больш жорсткім контрвыведвальны рэжым.
«Па ўказанні кіраўніка дзяржавы будзе прыняты шэраг мер,
звязаных з узмацненнем жорсткасці контрразведвальнага рэжыму. Гэта, я думаю,
усім будзе зразумела, трэба для таго, каб працаваць на апярэджанне, на
прафілактыку і не дапусціць у канчатковым выніку таго, што адбываецца побач з
намі ў розных рэгіёнах», — сказаў тады Церцель.
Ён таксама заявіў, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ў
бліжэйшы час апублікуе новыя факты затрыманняў і вынікі працы контрвыведкі.
«У нас кожны дзень ідзе «ціхая праца». Яе
кіраўнік дзяржавы асабіста кантралюе, ведае ўсе нюансы. У бліжэйшы час
(тыдзень-паўтара) мы пакажам вынікі гэтай працы. На жаль, не ўсе нашы
грамадзяне яшчэ ўсведамляюць тую небяспеку, якая складваецца вакол іх, вакол іх
сем'яў. Таму мы на прыкладзе ўжо рэальных матэрыялаў, рэальных затрыманняў,
працы контрвыведкі, працы падраздзяленняў па абароне канстытуцыйнага ладу, якія
прадухіляюць тэракты, пакажам вось гэтыя прыклады для таго, каб нашы людзі
разумелі, з чым мы маем справу», — сказаў кіраўнік КДБ.
Раней кіраўнік КДБ заявіў, што прагназуецца значная
эскалацыя абстаноўкі па перыметры Беларусі.
Звычайна беларускія спецслужбы распавядаюць пра паспяховую барацьбу з «тэрарыстамі» з дапамогай прапагандысцкіх фільмаў на ТБ. Незалежныя медыя неаднаразова выкрывалі супярэчнасці ў гэтых «пастаноўках», якія паказвалі цалкам інспіраваныя спробы «тэрактаў» з мэтай дыскрэдытацыі замежных спецслужбаў і «збеглай» апазіцыі. Ці будзе так на гэты раз, дазнаемся заўтра.