Ад Ніка і Майка да «чатырох пазіцый». Як няўклюдна лукашэнкаўцы хлусяць беларусам

У сакавіку Лукашэнка са сваімі сілавікамі і прапагандыстамі выдаў чарговы шэдэўр у жанры фэнтэзі — гісторыю пра тое, як «збеглыя» закінулі ў Беларусь «тэрарыста», які мусіў праліць у краіне рэкі крыві. Даволі аператыўна высветлілася: сюжэт цалкам інсцэніраваны, а ролю «злачынцы», начапіўшы парык, выканаў супрацоўнік КДБ.

Ілюстрацыйная выява НЧ. Марш адзінства. Мінск, 6 верасня 2020

Ілюстрацыйная выява НЧ. Марш адзінства. Мінск, 6 верасня 2020

Беларусы з гэтага «кіно» пасмяяліся. А «НЧ» вырашыў успомніць папярэднія выпадкі хлусні рэжыму, якія не проста пасмяшылі людзей, але і сталі доўгайграючымі мемамі.

Нік і Майк: крэпкі картошак

Гэтая прыўкрасная гісторыя адбылася ў верасні 2020-га, калі ў Беларусі яшчэ трывалі масавыя пратэсты, а Лукашэнка трымаў у рабочым кабінеце не толькі ўлюбёную хакейную клюшку, але і вядомы аўтамат без патронаў. Прапагандысты ўкінулі ў публічную прастору нібыта «перахопленую размову Варшавы з Берлінам», у якой абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі.
«Размаўлялі» эпічныя Нік і Майк — па-англійску з амаль «гоблінскім» перакладам на рускую ў духу баевікоў 90-х на VHS-касетах. «Суразмоўцы» ацанілі маналітнасць рэжыму ў Беларусі, вернасць сілавікоў свайму босу, а самога боса ўхвальна назвалі «крэпкім арэшкам». Усё гэта паказалі на дзяржаўным ТБ у самы прайм-тайм.


Фантазійнасць таго «перахопу» была відавочнай ад самага пачатку, і сацсеткі адразу выбухнулі дзявятым валам жартаў, бурлеску і мемаў. Прыдуманыя рэжымам Нік і Майк неўзабаве зрабіліся знакамітасцямі, а «крэпкага арэшка» беларусы перайменавалі ў «крэпкага картошка». Рагаталі, зрэшты, не толькі ў Беларусі, але і за мяжой — асабліва ў рускамоўных абшарах.

Ілюстрацыйная выява НЧ. Марш адзінства. Мінск, 6 верасня 2020

Ілюстрацыйная выява НЧ. Марш адзінства. Мінск, 6 верасня 2020

У тыя дні ў Мінск з візітам якраз прыехаў расійскі прэм'ер-міністр Мішусцін, якому Лукашэнка падчас сустрэчы на «сур'ёзных шчах» даводзіў, маўляў, бачыце, што робіцца, але нашы спецслужбы не спяць, пільнуюць і сочаць. Маскоўскі госць, слухаючы беларускага саюзніка, з цяжкасцю стрымліваўся, каб не заіржаць у адказ.
У тыя ж дні Лукашэнка сцвярджаў, што перадаў матэрыялы ў ФСБ. Бо на «плёначцы», як па замове, гаворка ішла яшчэ і пра тое, што апазіцыянера Навальнага ніхто не труціў. Праўда, у Маскве паслугу «малодшага брата» не ацанілі. Пуцінскі прэс-сакратар наогул адмовіўся каментаваць сітуацыю, а за мінулыя два з паловай гады аніякага развіцця тэма Ніка і Майка не атрымала. Яна проста знікла, пакінуўшы пасля сябе толькі процьму народнага гумару наконт няўклюднасці лукашэнкаўскіх крэатыўшчыкаў.

150 джыпаў з Літвы і склеп у Гомельскай вобласці

gazeta_ru.jpg

150 джыпаў з Літвы. gazeta_ru.

Вясной 2021 года лукашэнкаўцы парадавалі яшчэ адным злавесным шэдэўрам. У межах раскручвання інспіраванай спецслужбамі «змовы юрыстаў і пушкіністаў» тэлеканал АНТ паказаў «расследаванне», у якім на тле агульнага прапагандысцкага трызнення выявілася асобная сюжэтная лінія. Маўляў, зламыснікі хацелі забіць дарагога Аляксандра Рыгоравіча, для чаго:

а) падрыхтавалі недзе ў Гомельскай вобласці цёмны склеп, каб пасадзіць туды ўсенародна абранага прэзідэнта з блізкімі сваякамі, б) з Літвы павінны былі выехаць на Мінск 150 джыпаў з буйнакалібернымі кулямётамі, каб наўпрост расстраляць Лукашэнку.


Як адно спалучаецца з другім, прапагандысты не ўдакладнілі. Аднак у тым не мелася і патрэбы, бо адразу было відавочна: джыпы, кулямёты, склеп з каменнымі сценамі — усё гэта народжана небагатай фантазіяй сцэнарыстаў. Каб пацешыць самалюбства Лукашэнкі, за якім нібыта палююць усялякія цэрэушнікі, ды дадаць вагі самой «справе змоўшчыкаў», бо неяк зусім не падобныя на «тэрарыстаў» Фядута з Кастусёвым.
Што паказальна: пазадарожнікі са склепам потым са справы ціхенька зніклі. Ні ў судзе, ні ў далейшых публікацыях праўладных медыя пра іх больш не згадвалі.

«Пастаноўка» размовы Эйсмант з Баскавым

Адна з найтрагічнейшых падзей 2020 года ў Беларусі — забойства паслугачамі рэжыму мастака Рамана Бандарэнкі. Незалежныя медыя з дапамогай іншых пратэсных ініцыятыў тады вельмі хутка раскруцілі справу і выявілі датычных. Выявілася, што бел-чырвона-белыя стужачкі ў мінскіх дварах па начах зразаюць не шараговыя ябацькі, а набліжаныя да Лукашэнкі персоны на чале з прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант і тагачасным кіраўніком хакейнай федэрацыі Дзмітрыем Баскавым.
Тады ж у сеціва быў зліты галоўны доказ іх датычнасці да начных рэйдаў пад прыкрыццём сілавікоў — тэлефонная размова Эйсмант з Баскавым, у якой яны ў падрабязнасцях абмяркоўвалі тактыку змагання супраць БЧБ-сімволікі. Розгалас быў такі, што праз нейкі час у Мінска адабралі права на правядзенне хакейнага чэмпіянату свету, а федэрацыю ўзначаліў іншы чалавек.
Разынкай таго кейса стала спроба фігурантаў абвергнуць гісторыю з тэлефоннай размовай. І зноў быў фільм-«расследаванне», і зноў грамадства яго ацаніла як дрэнна зробленую сюррэалістычную камедыю.Прапагандысты паспрабавалі прадставіць дыялог Эйсмант з Баскавым як пастаноўку. Гледачам паказалі, як лукашэнкаўская прэс-сакратарка тэлефануе спартыўнаму функцыянеру са службовага кабінета КДБ і ў дакладнасці кажа тыя словы, што гучалі на запісе. Аўтары «расследавання» патлумачылі, што «пастаноўка» была часткай нейкага «аператыўнага эксперыменту», і насамрэч гэтыя цудоўныя людзі не шасталі па дварах у масках і капюшонах, і, у прыватнасці, не прысутнічалі на Плошчы Перамен у вечар забойства Рамана Бандарэнкі.
І гэтым разам спроба аказалася недарэчнай. Бо пад маскамі твары ўсё ж бачныя добра, а геалакацыю тэлефонаў, якая паказала прысутнасць Эйсмант і Баскава на месцах падзей, нічым не абвергнеш.


Лукашэнка: а я зараз вам пакажу…

Самы знакаміты выпадак, калі Лукашэнка адбіраў хлеб у гумарыстаў. Знакаміты настолькі, што з яго дагэтуль смяюцца не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі. Настолькі, што ў вікіпедыі адразу на дзевяці мовах створана адмысловая старонка пра гэты стэндап.


Адбыўся ён у сакавіку, калі, прыехаўшы ў Маскву, Лукашэнка выдаў Пуціну: «А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар — чатыры пазіцыі, я зараз пакажу, карты прывёз…» Ну і далей па тэксце.

«А я сейчас вам покажу». Фота rozetka_com_ua

«А я сейчас вам покажу». Фота rozetka_com_ua

Такім цудоўным чынам галоўны гумарыст Беларусі спрабаваў апраўдаць расійскую агрэсію супраць Украіны. Хацеў як лепш — для двух дыктатараў-агрэсараў. Атрымалася як заўсёды — феерычна, так што пазайздросціць містар Бін.
Бездапаможная, дрэнна прыхаваная і інтэлектуальна ўбогая хлусня — таксама прыкмета таго, што беларуская дыктатура імкліва выраджаецца і не мае аніякай будучыні.