«І калі б мы не нанеслі прэвентыўны ўдар…» Як змяняецца рыторыка Лукашэнкі падчас вайны ва Украіне
Паўтара месяца ва Украіне трывае вайна, якой Еўропа не бачыла з часоў Другой сусветнай. Беларусь у гэтай вайне — памагаты агрэсара, але гэта толькі паводле нормаў міжнароднага права. У сваёй уласнай сістэме каардынат рэжым Аляксандра Лукашэнкі зусім не такі — ён не памагаты, ён міратворац, ён на баку дабра. А што там плявузгаюць нядобразычліўцы, тое хай застанецца на іх сумленні і ў пастанове пракурора.
Праўда, пачыналася ўсё для беларускага боку не так мірна-хораша. Яшчэ ў сярэдзіне лютага Лукашэнка казаў пра магчымы канфлікт ва Украіне куды больш ваяўніча і пагрозліва. Узгадалі яго выказванні на працягу гэтых ваенных тыдняў і адсачылі, як выразна змянялася рыторыка таго, хто яшчэ нядаўна прапанаваў Зяленскаму здацца.
Наратыў першы: будзем стаяць ля Ла-Манша
Пакуль не надышло 24 лютага, напад Расіі на Украіну ўяўляўся нечым не надта рэальным. Таму на гэтай тэме можна было плесці прыгожыя карункі. Лукашэнка красамоўя не шкадаваў, і наконт украінцаў і іх маладога прэзідэнта выказваўся напышліва-паблажліва.
Тое, што ён маленькі «напалеончык», у якога «няма стрыжня», і які ані на што не варты, гучала з яго вуснаў часта і ўсё больш тонам бывалага палітычнага ментара. Той ментар меў гонар казаць украінскаму лідару, за якога прагаласавалі рэальныя 73% насельніцтва, фамільярнае «Валодзя», і гэта выглядала амаль як абыходжанне дасведчанага Жаглова з неафітам Шарапавым. «Твой нумар шаснаццаты»…
Сёння ўжо відавочна, што такое стаўленне да Зяленскага Мінск пазычыў у Масквы, куды Лукашэнка часцяком наязджаў з фармальнымі і нефармальнымі візітамі, як пенсіянер на лецішча. Два правадыры, якім гадоў на дваіх пад 140 і якія кіруюць у суме пад паўстагоддзя, пэўна гутарылі за зачыненымі дзвярыма і пра Украіну. І сыходзіліся на думцы, што колькі там таго клоўна з «Квартала». Націснуць на яго трэба, каб ён паклаў 40-мільённую краіну туды, дзе ўзяў. А тая, у сваю чаргу, па словах Лукашэнкі, найхутчэй вярнулася «ва ўлонне братэрскіх славянскіх народаў».
Метады вяртання агучваліся ў кантэксце таго, што Украіна ёсць не болей чым марыянетка Захаду, і калі што — то і Кіеў возьмем за тры-чатыры дні, і ля Ла-Манша будзем стаяць, здзьмухваючы пыл з танкавай брані. Бо што там яны, на што здатныя… Мы ім вінтоўку пакажам, і «Валодзя Зяленскі адразу трухнуў».
Усё гэта паказвала беларускае тэлебачанне, і ядзерны электарат Лукашэнкі набіраўся ганарлівасці — за рашучасць свайго нацыянальнага лідара, за моц беларускай зброі і беларускіх ваяроў, за спрадвечны саюз з Расіяй-матухнай, які можа горы звярнуць.
А заўтра была вайна, і выявілася, што дыктатары-хаўруснікі моцна памыляліся.
Наратыў другі: пляцоўка для перамоваў
З дыктатарамі-хаўруснікамі здарылася тое, што ў спорце называюць недаацэнкай суперніка. У ноч на 24 лютага Расія абрынула на Украіну ўсю моц сваёй загадзя сцягнутай да межаў вайсковай групоўкі. Паляцелі ракеты і бомбы, загула авіяцыя, дэсант высаджваўся на парашутах наўпрост блізу Кіева… Грымела-ляцела ў тым ліку з боку Беларусі, дзе «планавыя вучэнні» раптам аказаліся ўдарным кулаком. Гэта аўтаматычна залічыла беларускі рэжым у саўдзельнікі расійскіх акупантаў, а пад пагрозай імклівага захопу аказалася ўся ўсходняя, паўднёвая і цэнтральная частка Украіны.
Але Валодзя Зяленскі не трухнуў, як той прадказваў. Украінскі прэзідэнт у крытычнай сітуацыі паказаў сябе так, што аднойчы яму, безумоўна, усталююць помнік недзе на бачным месцы горада-героя Кіева. Адпаведна з ім павялі сябе і войскі, якія пачалі зацята адбівацца. І цывільнае мужчынскае насельніцтва, зладзіўшае сапраўднае паломніцтва ў ваенкаматы, каб запісацца ў тэрытарыяльную абарону. І жанчыны, якія пайшлі валанцёрыць, рыхтаваць кактэйлі Молатава і гатаваць ежу. Дый наогул усе-усе — уключаючы Захад, які хуценька распачаў магутны свой «ленд-ліз» з джавелінамі, сцінгерамі, экіпіроўкай і проста матэрыяльнымі сродкамі.
Што бліцкрыг праваліўся, стала зразумела даволі хутка. Прыкладна праз тыя тры ці чатыры дні, якіх, паводле палкаводчаму генію Лукашэнкі, павінна было хапіць для параду перамогі на Хрышчаціку.
З характэрнай для сябе прыроднай кемлівасцю беларускі ўдзельнік заваёўніцкай канцэсіі адчуў гэта раней, чым зразумелі ў пыхлівым Крамлі. І калі ў паветры залунала ідэя перамоваў паміж Расіяй і Украінай, Аляксандр Рыгоравіч імгненна «падставіў плячо» — прапанаваў беларускую тэрыторыю ў якасці перагаворнай пляцоўкі. То-бок фактычна заняў нейтральную пазіцыю, пераабуўшыся ў міратворца. Маўляў, мы ж за мір — то міру і пасадзейнічаем, як восем гадоў таму падчас вайны на Данбасе.
Так быў здзейснены першы дэмарш ад Ла-Манша. Першы — але не апошні.
Наратыў трэці: не мы развязалі гэтую вайну
Крамлёўскі бліцкрыг не проста праваліўся. Крыху акрыяўшы ад першага шоку, украінцы пачалі даваць інтэрвентам такога дыхту, што тыя часцяком не ведалі, куды падзецца. Хіба што пачалі кашмарыць цывільнае насельніцтва, якое так і не выйшла сустракаць акупантаў з кветкамі ды хлебам-соллю. Пазней гэта прывядзе да гуманітарнай катастрофы ў Марыупалі, да жахлівых трагедый у Бучы і Краматорску, але пакуль да беларускага саюзніка ўзнікла вельмі сур’ёзнае пытанне.
Лукашэнка, які так эмацыйна падтрымліваў супрацьукраінскія памкненні Пуціна, так і не адправіў беларускія войскі непасрэдна ў тэатр ваенных дзеянняў. Гэта, канечне, добра, бо патрапляе ў народныя жаданні (97% беларусаў не хочуць, каб наша армія ваявала ва Украіне), але неяк зусім не па-пацанску. Бо хто там казаў, што ў вырашальныя часы мы будзем стаяць плячо да пляча з Расіяй ды гібець з ёй у адным акопе?
Зрэшты, казаць і рабіць — часта вельмі розныя паняцці. Нават у сітуацыі, калі саюзнік нясе велізарныя страты і ягоныя вайскоўцы гінуць у прамысловых маштабах.
Далей — болей. Неўзабаве Лукашэнку прыйшлося апраўдвацца і за тое, што з беларускай зямлі ў бок Кіева ляцяць ракеты. Ляцяць — і руйнуюць пабудовы, забіваюць людзей. Тое, як ён гэта патлумачыў, ужо ўвайшло ў ваенны фальклор і працягвае ўваходзіць. Бо тыя словы стварылі надта вірусны мем, які бадзяецца па інтэрнэт-прасторы ды смяшыць людзей.
— сказаў Лукашэнка 11 сакавіка на чарговай сустрэчы з Пуціным, і гэтыя словы адразу сталі знакамітымі, а потым пачалі жыць уласным жыццём.
Але ж варта не забывацца на галоўнае: не мы развязалі — яны, відаць, вымусілі нанесці прэвентыўны ўдар. Спачатку па ўсім перыметры, а потым — па Марыупалі, па Чарнігаве, па Харкаве, ды ўсё часцей не па інфраструктуры, а наўпрост на гарадскіх вуліцах і кварталах, калі з-пад абломкаў потым даставалі дзясяткі трупаў.
Наратыў чацвёрты: а мы тут не пры чым
Даўно заўважана: калі Аляксандр Лукашэнка спрабуе дыстанцыявацца ад нейкіх супольных з Расіяй ініцыятыў, з асаблівым імпэтам прарасійскі парадак дня прасоўвае беларуская прапаганда. Менавіта так адбываецца і зараз.
Дзяржаўныя медыя гэтымі днямі і тыднямі дакладна цалкам з РФ. І ў адзіным парыве паўтараюць замшэлыя мантры крамлёўскіх СМІ. Тут табе і марыянетка Зяленскі, якім кіруе калектыўны Захад. І нацбатальёны «украў», якія шмаляюць па сваіх жа гарадах і потым вінавацяць у гэтым далікатных расійскіх вайскоўцаў. І зласлівыя англасаксы, якія ўсё гэта прыдумалі, каб пасварыць славянскія народы і парушыць іх непарушнае братэрства.
Часам наогул даходзіць да таго, што беларускія дзяржаўныя выданні наўпрост рэпосцяць паведамленні салаўёўска-кісялёўскага агітпрапа, бо навошта ствараць свой кантэнт, калі і чужы добра патрапляе ў струмень.
Між тым сам Лукашэнка працягвае аддаляцца ад эпіцэнтра, дзе славутыя рускія віцязі гераічна змагаюцца з бандэраўцамі за вызваленне паланёнага імі простага народа. Чарговы акт адпаўзання ад пуцінскай авантуры тэлекамеры зафіксавалі 7 красавіка.
Выступаючы перад сваёй Радай бяспекі, Лукашэнка за словам у кішэню не лез. Выказваўся эмацыйна, але (як звычайна) шматзначна і тактычна выверана. Ён назваў вайну вайной, а не нейкай там спецаперацыяй. Пакрыўджана паскардзіўся, што Беларусь «бяздоказна зрабілі памагатым агрэсара», тым самым фактычна прызнаўшы агрэсарам Расію. Зноў зрабіў важкі акцэнт на сваёй ролі міратворца, які стараецца «наладзіць дыялог паміж бакамі канфлікту».
І ў рэшце рэшт заявіў аб тым, што Беларусь мусіць быць удзельніцай будучых перамоваў паміж Украінай і Расіяй ледзьве не ў якасці асобнай структурнай адзінкі.
Аб гэтай апошняй тэзе аналітыкі будуюць здагадкі дагэтуль. Мы ж сёння пра іншае — пра рыторыку Лукашэнкі, якая падчас расійска-ўкраінскай вайны відавочна мянялася ва ўнісон навінам з франтоў. Ад фанабэрыстай ваяўнічасці сярэдзіны лютага Аляксандр Рыгоравіч паступова сышоў у сакавіцкую міралюбнасць і дурамараўскае «А я тут ні пры чым».
Гэта слушная прыкмета: перамогі ў гэтай вайне хвалёнай арміі РФ не відаць. То і няма чаго далей сядзець з Пуціным у адным акопе, тым больш якая карысць з яго — моцна пабітага ды абкладзенага санкцыямі. Самы час паклапаціцца аб уласным самазахаванні. А калі пашанцуе — то і аб якімсьці здабытку, бо дзе толькі наша не прападала за 28 гадоў.