Бацька Ксеніі Луцкінай пра стан журналісткі: «Са здароўем усё кепска, хвароба не адступае»

Бацька зняволенай журналісткі Ксеніі Луцкінай сказаў, што абяцанае дадатковае абследаванне дачцэ так і не зрабілі…

doa6lkj7asm_1_logo_1.jpg

Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, але сышла адтуль у 2020 годзе на хвалі пратэстаў і далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай рады. Супрацоўніцтва з ёй і стала падставай для завядзення крымінальнай справы.

Журналістку затрымалі ў снежні 2020-га па «справе Прэс-клуба» і абвінавацілі ў «нявыплаце падаткаў». Пазней, калі гэту справу закрылі, на Луцкіну завялі новую. Яе абвінавачвалі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Паводле версіі следства, яна ўвайшла «ў склад так званай «Каардынацыйнай рады» і «ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ», займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання».


За час знаходжання за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе ёй рабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў галаве. А 28 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы 8 гадоў зняволення.

Бацька палітзняволенай журналісткі Ксеніі Луцкінай распавёў «Народнай Волі», што яго дачку перавезлі з Мінска ў СІЗА Гомеля.

 — Пасля вынясення прысуду мне дазволілі спатканне з Ксеніяй ў СІЗА на Валадарскага, — кажа Алег Луцкін. — А 25 кастрычніка яе перавезлі з Мінска ў СІЗА Гомеля, дзе яна і будзе чакаць разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе.

 — Як зараз самаадчуванне дачкі?

 — Са здароўем усё кепска. Хвароба не адступае, таму ў яе пастаянныя галаўныя болі, трасуцца рукі і ногі.

Яшчэ калі была ў Мінску ў СІЗА, Ксеніі абяцалі дадатковае медыцынскае абследаванне, але абяцанні так словамі і засталіся. Сказалі, магчыма, у Гомелі зробяць МРТ. Адным словам, можа, зробяць, а можа, і не зробяць…