Мікалай Казлоў: У дачыненні да мяне здзяйсняецца злачынства

Вынесены прысуды палітзняволеным лідарам АГП — да 2,5 гадоў калоніі, як і прасіла абвінавачанне. «Я лічу, што справа распачата незаконна, я лічу, што я пазбаўлены волі незаконна. У дачыненні да мяне здзяйсняецца злачынства. Таму што калі чалавека пазбаўляюць волі незаконна, значыць у дачыненні да яго здзяйсняюць злачынства», — сказаў у сваім апошнім слове на судзе Мікалай Казлоў.

ahr.jpeg

Суд Першамайскага раёна Мінска 1 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Аксаны Аляксеевай, Мікалая Казлова і Антаніны Кавалёвай. Судовы працэс вяла суддзя Анастасія Кулік, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівала Іна Зубко.

Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы Новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Сёння, 3 лістапада, былі агучаны прысуды: Антаніне Кавалёвай — адзін год калоніі, Аксане Аляксеевай — паўтара года калоніі, Мікалаю Казлову — два з паловай гады калоніі. Праваабаронцы «В*сны» публікуюць падрабязнасці суда і апошнія словы палітзняволеных.

Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, праз удзел у «Маршы Новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Паводле абвінавачання, Казлоў, Кавалёва і Аляксеева з 14:35 да 20:00 23 жніўня 2020 года «публічна выкрыквалі лозунгі, гучна пляскалі ў далоні, знаходзіліся на праезнай частцы, гэтым блакіравалі і перашкаджалі руху транспарту ў Мінску, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарту «Мінсктранса».

Пракурорка Іна Зубко 2 лістапада запрасіла для Антаніны Кавалёвай — адзін год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, Аксаны Аляксеевай — паўтара года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, для Мікалая Казлова — два з паловай гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі і прызначыла 3 лістапада суддзя Анастасія Кулік.

Палітзняволеныя на судовым пасяджэнні 2 лістапада выступілі з апошнімі словамі.


Мікалай Казлоў: «Я ўпэўнены, што я буду рэабілітаваны»

Першым выступіў палітвязень Мікалай Казлоў:

— Для пачатку скажу, што, у прынцыпе, гэта чакана. Жаданне пазбавіць людзей волі — гэта чакана, гэта якраз у трэндзе, цяпер гэта модна. Выступіла дзяржаўнае абвінавачанне. З ягонага выступу я зразумеў, што правы грамадзян, гарантаваныя Канстытуцыяй, міжнародным правам, абавязацельствамі ў галіне правоў чалавека — у нас усё гэта не працуе.

Я ўчора казаў пра тое, што мне было цікава, мне было прыемна ў цэнтры горада паглядзець на людзей, якія сабраліся нечакана для мяне так масава. І я там быў, але цяпер не пра гэта.

З якой жа цікавасцю я назіраў, як расследуецца гэта справа. Вы, напэўна, ведаеце, і я згадваў пра гэта, што я 17 гадоў прапрацаваў у крымінальным вышуку і трошкі ўяўляю, як гэта ўсё робіцца: вышук злачынцаў, збор доказаў і ўсяго астатняга. Але гэтая крымінальная справа мяне здзівіла. То-бок у нас зыходнае — гэта фатаграфія, на якой я зафіксаваны, гэта акт тралейбуснага парку і расстаноўкі транспарту. Далей ідзе нейкая дзіўная логіка, я б сказаў — нездаровая логіка і бясконцы палёт фантазіі. Я не ведаю, як растлумачыць довады «Вы дайшлі ў цэнтр горада», «А як вы ішлі назад?». Ну калі я жыву побач з цэнтрам горада, то я вымушаны неяк ісці, я не магу пераляцець ці пераплыць. А раз я туды ішоў, то я ў гэтым удзельнічаў цалкам свядома. Ну, прыкладна такая логіка.

Вось спынены транспарт. Кім спынены — тут адвакат абгрунтавана задаваўся пытаннем. І абвінавачанне на яго не адказала. Хто спыняў? З якой мэтай спыняў? Калі людзі прыйшлі ўжо пасля спынення, гэта можа даць нагоду, каб пазбавіцца ад таўкучкі і выйсці на вольнае месца, якім з'яўлялася ў той сітуацыі праезная частка? Бо гэта так проста. Але калі задача стаіць абавязкова пасадзіць у турму, таму што знаходжанне людзей супярэчыць нейкай рэвалюцыйнай мэтазгоднасці, бо гэта, на думку кагосьці там, нейкая там небяспека дзяржавы — тады вось з'яўляюцца падобныя справы, за якія сорамна.

Я ўпэўнены, што я буду рэабілітаваны. Я адсяджу, нічога страшнага. Усе сядзяць, і я адсяджу. І я ведаю дакладна, што я буду рэабілітаваны, і я ведаю дакладна, што вось такія справы будуць нагодай судовага разгляду, я ў гэтым упэўнены. Таму што ў любым іншым выпадку гэта будзе несправядліва, будзе незаконна ні паводле чалавечых, ні паводле божых законаў.

Я размаўляў шмат з кім, у тым ліку і з юрыстамі, якія маюць навуковыя веды, мы абмяркоўвалі гэту праблему. Яна ва ўсіх выклікае нуду, ніхто не можа растлумачыць з юрыдычнага пункту гледжання вось гэту непаўнавартасную логіку і гэты нейкі дзіўны збор доказаў, якія такімі не з'яўляюцца. Вы мне кажаце: «У вас быў намер». А я сцвярджаю, што ў мяне намеру не было. Таму што, калі б у мяне быў намер спыніць транспарт, я б знайшоў вуліцу, на якой ходзіць транспарт, і спыніў бы. Але Мінск вялікі, там не адна вуліца. Але не. Мне кажуць, што ў мяне быў намер ісці вось роўна туды і там нешта спыняць. Вось я ішоў з такім намерам. Але чаму вам не ўявіць, што ў гэты час на вуліцы Арлоўскай ішлі тралейбусы, і калі б я жадаў спыніць тралейбусы, то я б выйшаў і спыніў? Ну напэўна, калі б мне прыйшла такая цудоўная думка вар'яцкая. Але не, вось чамусьці мы апелюем такімі фактамі. Можа быць, ёсць хоць 10 адсоткаў, якія датычацца неяк, астатняе, па-мойму, набор макулатуры, прабачце мне, але я так успрымаю.

Таму я не магу пагадзіцца. Я хачу сказаць і цяпер я кажу цалкам шчыра, я лічу, што справа распачата незаконна, я лічу, што я пазбаўлены волі незаконна. У дачыненні да мяне здзяйсняецца злачынства. Таму што калі чалавека пазбаўляюць волі незаконна, значыць у дачыненні да яго здзяйсняюць злачынства. І мне гэта не падабаецца, і я спадзяюся, што ўрэшце прафесійныя якасці, чалавечыя якасці возьмуць верх і гэтаму будзе пакладзены канец, таму што з гэтым немагчыма мірыцца. Пры гэтым звяртаю ўвагу: у гэтым судзе мы агучылі  некалькі сітуацый, пра рэчы, я нават не ведаю, як гэта назваць, нават адміністрацыйна з вялікай нацяжкай можна казаць пра гэта, пра злачынства, якое адбываецца ў ІЧУ, пра катавальныя ўмовы, пра збіванні… Слухайце, ну ніякай рэакцыі ў дзяржаўнага абвінаваўцы. Вось наогул ніякай. Вось мы абураемся, чаму людзі выйшлі на праезную частку, і зусім не звяртаем увагі на тое, што вакол дзеецца… (Суддзя паспрабаваў перапыніць Мікалая і супакоіць з-за падвышанага тону).

Вельмі складана казаць пра рэчы, якія выклікаюць абурэнне. Вось мая пазіцыя. Я не ведаю, пра што прасіць суд, таму з моманту пачатку суда і з моманту завядзення крымінальнай справы я ведаў, што гэта скончыцца пазбаўленнем волі, таму на гэтым я заканчваю.

Антаніна Кавалёва: «Знаходжанне ў турме — гэта бяда»
Далей выступіла Антаніна Кавалёва.

— Высокі суд, хацелася б яшчэ раз нагадаць, што я цалкам прызнала сваю віну. У спрэчках было некалькі момантаў, якія я хачу растлумачыць. Абвінаваўца сказала, што я, даведаўшыся пра тое, што гучыць патрабаванне спыніць акцыю і разысціся, працягвала свае незаконныя дзеянні. У той час, як я сама распавяла, што я спытала мінака, што там адбываецца, і ён мне патлумачыў, што міліцыя папярэджвае аб адміністрацыйнай адказнасці і папрасіла разысціся, і я сказала, што адразу ж павярнула назад і сышла. І яшчэ мне здаецца, аналіз маіх тэлефонных размоў якраз не пацвярджае маё знаходжанне там. Я, можа, памыляюся, але мне падалося, што ў справе гэта адлюстравана.

Як я і казала, я там не знаходзілася з 14:35 да 20:00. Далей хацела б сказаць, што ў мяне склалася такое ўражанне, што маё чалецтва ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі разглядаецца як абцяжарвальныя абставіны. Партыя легальная, яна зусім легітымна дзейнічае, яна зарэгістраваная. Тут ужо гаварылася аб праве на свабоду меркаванняў і перакананняў, ёсць яшчэ артыкул Канстытуцыі аб праве ўдзельнічаць у грамадскіх арганізацыях і палітычных партыях. І дзейнасць мая ў гэтай партыі была цалкам легальная, легітымная, і была накіравана на тое, каб прынесці карысць грамадству.

У прынцыпе, я чалавек, які нарадзіўся, вучыўся і пачаў працаваць у Савецкім саюзе. А там так выхоўвалі, што трэба заўсёды прыносіць карысць грамадству. Я заўсёды старалася гэта рабіць. Я ўжо тут распавядала, што я яшчэ ў савецкі час была членам выбарчай камісіі. Пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, я таксама старалася па меры магчымасцей неяк праяўляць грамадзянскую актыўнасць, каб менавіта прыносіць карысць грамадству.

І ў АГП, я распавядала, займалася рознымі праектамі, у прыватнасці, законапраектам аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, аб роўных правах і роўных магчымасцях жанчын і мужчын. Падчас падрыхтоўкі і папулярызацыі адвакацыі гэтых праектаў мы з маімі калегамі супрацоўнічалі ў тым ліку з дзяржаўнымі органамі: Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам працы і сацабароны. Мы хадзілі абмяркоўваць нашы прапановы, і нас запрашалі, да нас прыходзілі на нашы абмеркаванні. Яны давалі нам сваю статыстыку, яны таксама былі занепакоеныя колькасцю выпадкаў хатняга гвалту. Яны давалі нам лічбы і казалі, што няма інструментаў такіх, якія могуць перашкаджаць здзяйсненню такога віду злачынства. І нашы прапановы, хоць самі законапраекты не былі прыняты, былі станоўча ўспрынятыя ім. У прыватнасці, былі ўнесены змены ў артыкулы адміністрацыйнага кодэкса, якія маюць адносіны да гвалту. І нават былі два разы ўнесены змены ў Закон. Там з'явіліся два вызначэнні аб тым, што такое гвалт. То-бок з намі нармальна супрацоўнічалі, і я лічу, што вось гэтыя вось нашы намаганні прыносілі карысць.

<…>У партыі шмат вельмі добрых спецыялістаў высокага класа, і яны пастаянна ўносілі свае прапановы на ўзроўні ўрада. Некаторыя нашы прапановы прымаліся. І маё чалецтва ў партыі не павінна разглядацца як абцяжарвальныя абставіны.

Хацела прынесці карысць грамадству, а зараз прапануецца расцэньваць гэта дрэнна. Знаходжанне ў турме — гэта бяда. Гэта бяда для любога чалавека. Там знайшлі лісты, якія я пісала зняволеным, і іх адказы. Гэтыя людзі не ўсе мае знаёмыя, але я разумела, што турма — гэта бяда. Што людзі ў няшчасці знаходзяцца, і мне хацелася неяк ім дапамагчы, неяк падтрымаць. Сярод усіх народаў, і сярод славянскіх народаў, існуе традыцыя дапамогі зняволеным. І я лічу, што мяне павінна гэта характарызаваць станоўча, а не служыць у якасці доказу маёй віны. Цяпер, калі я сама трапіла ў гэтую сітуацыю, я разумею, што людзям трэба было яшчэ больш дапамагаць, бо, знаходзячыся ў зняволенні, ты трапляеш у сітуацыі, калі ты бездапаможны, а ў некаторых ты залежыш ад самавольства чалавека, які, магчыма, дрэнны чалавек, але выдатна разумее свае службовыя абавязкі. Ён можа цябе зняважыць, і яму нічога не будзе. Я не кажу, што так паводзяць сябе ўсе, але так прынамсі рабілі супрацоўнікі ІЧУ на Акрэсціна. Таму што тыя ўмовы, у якіх я там знаходзілася, я магу расцэньваць толькі як катаванні. Я не буду цяпер на іх падрабязна спыняцца.

За час зняволення абвастрыліся ўсе мае захворванні хранічныя. Усе мае хваробы адлюстраваны ў матэрыялах справы, у хадайніцтвах, якія адвакат пісала. У мяне артэрыяльная гіпертэнзія. У мяне за тыдзень да затрымання здарыўся гіпертанічны крыз. Я літаральна напярэдадні затрымання здавала апошнія аналізы, каб ісці на лячэнне. У дзень затрымання мне выклікалі хуткую дапамогу, таму што ў мяне ціск быў дзвесце з чымсьці на сто дваццаць. І хуткая папярэджвала, што мяне трэба адразу шпіталізаваць. Але людзі, якія мяне затрымлівалі, не дазволілі. У мяне абвастрыўся гастрыт, а ва ўмовах зняволення няма дыеты. Вылечыць там немагчыма. Там можна толькі запусціць сваю хваробу, і, улічваючы мой пенсійны ўзрост, мне 63 гады, я думаю, што калі мяне змясціць у месца пазбаўлення волі на досыць працяглы тэрмін, то атрымаецца, што я заплачу за тое, у чым мяне абвінавачваюць, гадамі свайго жыцця. Прытым гэта ўжо незваротна. У мяне вельмі моцна знізіўся зрок. У мяне, вядома, павышаецца ціск, бо няма свежага паветра: толькі адна гадзіна прагулкі ў дзень, а ў астатні час ты не можаш нармальна дыхаць і атрымліваць кісларод. У мяне ішэмічная хвароба сэрца. У мяне арытмія, то-бок парушэнне рытму: сэрца часам прапускае ўдар, пачынае неяк нераўнамерна біцца. Я прашу суд улічыць абставіны і не прызначаць мне пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Дзякуй.


«Прашу суд не пазбаўляць мяне волі, не падвяргаць маё жыццё небяспецы», — сказала Аксана Аляксеева ў апошнім слова

«Я вельмі шкадую, што 23 жніўня 2020 года я прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Я хачу сказаць, што я ні ў якім выпадку не чакала, што будуць такія наступствы, што мяне будзе судзіць крымінальны суд, вінаваціць у злачынстве. Але падчас судовага разбору я прызнала сваю віну. Магчыма, мая прысутнасць хоць і ўскосна, але паўплывала на тое, што быў спынены транспарт. Але ў дадзенай сітуацыі было непрадказальна ні для транспарту, ні для ўлады, ні для саміх удзельнікаў гэтага мерапрыемства, што выйдзе такая колькасць людзей.

Транспарт спынілі — і гэта стала нязручнасцю для жыхароў горада і для людзей, якія там знаходзяцца, працуюць або пражываюць. Я прашу ў іх прабачэння, я адчуваю сваю адказнасць. Мне шкада, што так адбылося, мне шкада, што я прыняла ў гэтым удзел. Я прызнаю сваю віну цалкам. Я раскайваюся. Калі я камусьці зрабіла нязручнасць, мне вельмі шкада, я гатовая папрасіць прабачэнне ў іх, у «Мінсктранса». Нельга было гэтага дапускаць. Я лічу сябе законапаслухмяным грамадзянінам і я за тое, каб выконваць Закон і не парушаць. У будучыні я магу паабяцаць, нават гарантаваць, што я не прыму ўдзел у якіх-небудзь акцыях, мерапрыемствах і наогул не зраблю нічога такога, што парушала б Крымінальны ці Адміністрацыйны кодэксы. Я лічу, што крымінальная адказнасць за мой удзел у гэтым мерапрыемстве — гэта жудасна, мяне гэта шакіруе, мне цяжка пра гэта казаць, таму я прашу суд не караць мяне пазбаўленнем волі.

Таксама я прашу ўлічыць мой стан здароўя. То-бок, што такое параксізмальная тахікардыя ва ўмовах турмы: на Валадарскага ў мяне быў прыступ, і, магчыма, мне хацелі аказаць якасную дапамогу, але ў тых умовах гэта немагчыма. Прыступ не можа доўжыцца доўга, ён можа быць і паўгадзіны, але кожны раз ён пагаршае стан сэрца. У СІЗА прыступ доўжыўся больш за дзве гадзіны, бо не адразу выклікалі хуткую. Яго немагчыма зняць у гэтых умовах. Я баюся апынуцца ў такіх умовах, калі мне будзе немагчыма аказаць медыцынскую дапамогу. А такія ўмовы ў СІЗА, у дарозе і яны, вядома, ў калоніі. Я згодная прыняць любое пакаранне, але прашу суд не пазбаўляць мяне волі, не падвяргаць маё жыццё небяспецы. Бо пры параксізмальнай тахікардыі маё жыццё рэальна знаходзіцца ў небяспецы. Калі я знаходжуся дома, я выклікаю хуткую яшчэ да пачатку прыступу, а ў гэтых умовах гэта немагчыма. Я прыношу свае прабачэнні і прашу прызначыць мне пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Я абяцаю, што больш ніколі не парушу закон».

Падтрымайце Мікалая, Аксану і Антаніну тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Мікалай Георгіевіч Казлоў

Аксана Васільеўна Аляксеева

Антаніна Кліменцьеўна Кавалёва